Познім вечарам пацыентку даставілі ў прыёмны пакой са скаргамі на моцны боль у страўніку. Дзяжурны доктар выявіў у вобласці страўніка шчыльнае ўтварэнне, якое лёгка ссоўвалася пры націсканні, і западозрыў пухліну. Пракансультаваўся па тэлефоне ў загадчыка хірургічнага аддзялення для дзяцей Аляксандра Нікуленкава. Той адразу зразумеў, што нельга выключаць безаар, здагадку пацвердзіла фібрагастраскапія.

— Захворванне часцей сустракаецца ў дзяўчынак з неўралагічнымі парушэннямі, — распавядае Аляксандр Уладзіміравіч. — Калі нервуюцца, пачынаюць жаваць свае доўгія валасы і праглынаюць іх пасмамі. Валасы накопліваюцца ў страўніку, цалкам яго запаўняюць. З часам гэтыя залежы пачынаюць нагадваць валёнак. За 10 гадоў у нас былі 3 такія пацыенткі.

Спачатку спрабавалі абысціся без аперацыі — спрабавалі развалакніць безаар з дапамогай эндаскопа: праз дзень пад наркозам праводзілі зонд у страўнік і даставалі па пасме валасоў (трапляліся яшчэ і ніткі). Але ўсё было настолькі заблытана, што пасля 4 спробаў медыкі зразумелі: гэты метад тут нядзейсны. «Валёнок» вынялі хірургічна (на здымку). А бацькам настойліва парэкамендавалі адвесці дзіця да дзіцячага псіхіятра. Калі ў дзяўчынкі захаваецца звычка жаваць шавялюру — рэцыдывы захворвання непазбежныя.

У хірургічнае аддзяленне для дзяцей Мінскай АКБ кожны тыдзень паступае ад 3 да 6 дзяцей з іншароднымі целамі ў страўніку. Звычайна яны праходзяць транзітам, але вострыя прадметы часам выходзяць за прасвет кішкі і ўтыкаюцца ў слізістую абалонку, у 10 % выпадкаў іх даводзіцца даставаць хірургічна. У групе рызыкі малыя да 2 гадоў. Часцей яны праглынаюць дробныя дэталі ад цацак, батарэйкі. Калі апошнія актыўныя — выклікаюць электрахімічны апёк стрававода і страўніка. Цяжкія металы, якія змяшчаюцца ў акумулятары, трапіўшы ў стрававод, усмоктваюцца ў кроў і прыводзяць да паражэння печані і нырак.

Яшчэ адна бяда — хімічныя апёкі стрававода. Па недаглядзе малыя дабіраюцца да сродкаў бытавой хіміі і выпіваюць іх. Пры II -III ступені паражэння дзеці становяцца інвалідамі. У ЗША бацькоў за такую бесклапотнасць могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў. Еўрапейскія вытворцы робяць спецыяльныя накрыўкі на ўпакоўках з небяспечнымі вадкасцямі, адкрыць якія пад сілу толькі даросламу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?