На пятніцу, 29 лістапада, запланавана нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. На нарадзе будуць разглядацца прагнозныя дакументы на 2014 год. 

Да гэтага часу органы дзяржкіравання падрыхтавалі праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, праект рэспубліканскага бюджэту, а таксама праект Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год. 

Прагнозныя дакументы прадугледжваюць, што рост ВУП Беларусі ў 2014 годзе складзе 3,3%, інфляцыя знізіцца да 11%, рэальная заработная плата (з улікам інфляцыі) павялічыцца на 4,6%. Сальда гандлёвага балансу, паводле прагнозу Міністэрства эканомікі, складзецца на станоўчым узроўні і складзе ў наступным годзе 105 млн. долараў. 

На мінулым тыдні прагнозныя дакументы на 2014 год разглядаліся ў беларускім парламенце.

Выступаючы 22 лістапада ў палаце прадстаўнікоў, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў паведаміў, што выйсці на станоўчае сальда гандлёвага балансу ў наступным годзе плануецца за кошт павелічэння экспарту. 

«Асноўныя акцэнты будуць зроблены на нафтапрадукты, нафту, калій, пракат чорных металаў, грузавыя аўтамабілі, трактары, мяса і мясапрадукты, цукар, малако і малочныя прадукты», — адзначыў Снапкоў. 

Пастаўкі пералічаных тавараў на знешнія рынкі, якія фарміруюць больш за палову беларускага экспарту, плануецца павялічыць у наступным годзе на 13%, заявіў Снапкоў. У цэлым рост экспарту тавараў і паслуг на наступны год запланаваны на ўзроўні 11,6%. 

Варта адзначыць, што эканамічныя прагнозы міжнародных арганізацый па Беларусі значна адрозніваюцца ад урадавых планаў на наступны год.

Так, у прыватнасці, Сусветны банк прагназуе, што рост беларускага экспарту ў наступным годзе складзе 2,5%, інфляцыя складзецца на ўзроўні 15,2%, а ВУП вырасце на 1,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?