Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Еўрапейскага савета Херман ван Рампей і кіраўнік Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу асудзілі націск Расіі на ўкраінскія ўлады па пытанні падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.

Як заявіў Херман ван Ромпёй на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 29 лістапада па выніках саміта Усходняга партнёрства, уладам Украіны «трэба адкінуць кароткатэрміновыя палітычныя меркаванні і не паддавацца знешняму націску з боку Расіі».

«Дзеянні, якія робяцца Расіяй у дачыненні да Усходняга партнёрства, несумяшчальныя з тым, як павінны развівацца адносіны паміж краінамі ў ХХI стагоддзі. Яны таксам супярэчаць прынцыпам АБСЕ, якія гарантуюць суверэннае права дзяржаў самастойна выбіраць фармат сваіх адносінаў з іншымі дзяржавамі», — зазначыў Рампей.

Паводле яго слоў, Еўрапейскі саюз спадзяецца, што рана ці позна Украіна будзе гатова падпісаць пагадненне аб асацыяцыі. «У доўгатэрміновай перспектыве, няма сумненняў, што гэта выгадна для Украіны, украінскай эканомікі і ўкраінскага народа», — падкрэсліў Рампей.

Прэзідэнт Еўрапейскага савета таксама заявіў, што, паводле звестак незалежных крыніцаў, эканамічны рост ва Украіне ў выпадку падпісання пагаднення аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з ЕС дасягне 6%.

Паводле слоў Ромпёя, украінскі народ сваімі масавымі пратэстамі даказаў, што зацікаўлены ў еўрапейскай інтэграцыі. «Мы на баку ўкраінскага народа», — падкрэсліў ён.

З аналагічнай пазіцыяй на прэс-канферэнцыі выступіў кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. «Я буду шчырым, гэта працэс у імя чагосьці, а не супраць кагосьці. Гэта працэс у імя стабільнасці, дэмакратыі і росквіту. Я не веру, што нехта можа быць супраць дэмакратыі, супраць стабільнасці, супраць росквіту», — сказаў ён.

«Не будзе трохбаковых перамоў па пытанні заключэння двухбаковага пагаднення. Для нас гэта пытанне прынцыпу», — заявіў Барозу, маючы на ўвазе прапанову Кіева аб правядзенні трохбаковых перамоў ЕС — Украіна — Расія ў сувязі з эканамічнымі праблемамі Украіны.

Разам з тым Барозу падкрэсліў, што ЕС гатовы да трохбаковых перамоў з Расіяй і Украінай па пытаннях энергетыкі, у прыватнасці пастаўках газу.

У сваю чаргу Даля Грыбаўскайце дадала, што знешні націск не можа выкарыстоўвацца суверэннай дзяржавай у якасці адгаворкі ці прычыны не прымаць тое ці іншае рашэнне, што, на яе думку, і робіць кіраўніцтва Украіны. «Прыклад Літвы паказвае, што калі ў вас ёсць воля супраціўляцца, а не здавацца, можна шмат чаго дабіцца», — сказала Грыбаўскайце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?