02.12.2013 / 09:34

Пётра Рудкоўскі: Біскуп Буткевіч — гэта беларускі эквівалент папы Францішка 2

Піша тэолаг Пётра Рудкоўскі.

Не думаў, што папа Францішак так хутка дабярэцца да Беларусі. Безумоўна, сваё значэнне тут мела рупнасць арцыбіскупа Клаўдзіа Гуджэроці, аднак – мяркуючы па некаторых знаках апошніх тыдняў — таксама і сам папа зацікаўлены беларускімі справамі. Намінаванне аж трох новых біскупаў для Беларусі — першае за апошнія 14 год — гэта сапраўды падзея.

Хто такія новапрызначаныя іерархі і чаго ад іх чакаць? Нейк прыгадалася, як у 2001 годзе, калі былі выбары генеральнага магістра Дамініканскага ордэна, хтось спытаў у аднаго з айцоў-дамініканцаў, што гэта за асоба — новаабараны магістр? Адказ быў кароткі: «Веруючы».

Нешта падобнае можна і тут сказаць.

Усе тры намінанты — веруючыя. Камусь такая характарыстыка можа падацца практыкаваннем пачуцця гумару — ну няўжо ж, маўляў, біскупамі маглі прызначыць кагось няверуючага? Ну так, не маглі. Але гаворка тут крыху пра іншае: гэта асобы, якія не згубілі свежасці і жывасці веры.

Яны размаўляюць з людзьмі пра Бога, а з Богам размаўляюць пра людзей. Божае Валадарства для іх — нешта большае, чым багаслоўскае паняцце. Вось у якім сэнсе кажу з націскам, што яны — веруючыя.

Усе тры — народжаныя ў Беларусі, прайшлі святарскую фармацыю ў Беларусі і працавалі ў якасці святароў у Беларусі.

Хоць нарадзіліся яны ў савецкія брэжнеўскія часы, іх тыпова касцельная дзейнасць прыпадае на паслясавецкі перыяд. Гэта – кардынальна новае пакаленне іерархаў, «касцельнае мысленне» якіх фармавалася ўжо ў незалежнай Беларусі. Яны не абцяжараны стратэгіяй «як выжыць» (навязанай старэйшаму пакаленню святароў камуністычнай сістэмай), а ў большай ступені — мяркую — арыентаваны на тое, «як развівацца».

Спасярод трох найбольш я знаёмы з ксяндзом — зараз ужо мансіньёрам — Алегам Буткевічам. Гэта — беларускі эквівалент папы Францішка. Невялікі пакойчык (нават не кватэра!) — гэта ўся ягоная «плябанія»; ксёндз Алег вельмі просты і непасрэдны ў кантактах з людзьмі, дужа ўразлівы на патрэбы бедных, з добрым сэрцам і добрым вухам (адораны музычнымі і вакальнымі здольнасцямі).

Апроч таго — рэгулярны госць ва ўніверсітэце імя Машэрава і ў Старасельскай школе пад Віцебскам (яго выступы заўжды карысталіся вялікім попытам у студэнтаў і вучняў), удзельнік тэле- і радыёперадач, і гэта пры тым, што ўвесь час на яго плячах была цяжкая праца па адбудове касцёла Св. Антонія. Наскрозь беларускамоўны і прасякнуты любоўю да Беларусі.

Іншыя намінанты — Юзаф Станеўскі і Юры Касабуцкі — маюць за сабой досвед выкладчыцка-выхаваўчай працы ў духоўных семінарыях і добра абазнаныя з курыяльнай працай. Абодва добра валодаюць беларускай мовай, пры тым, аднак, што кс. Станеўскі схільны атаесамляцца з польскай нацыянальнасцю.

У сваіх дыяцэзіях яны будуць выконваць функцыі дапаможных біскупаў пры сваіх ардынарыях (кіраўніках дыязэзіяў): Кашкевічу і Кандрусевічу адпаведна. Кс. Буткевіч жа, як можна здагадвацца, адразу займее пасаду ардынарыя.

Прызначэнне трох новых біскупаў — гэта перадусім падзея для каталіцкай супольнасці Беларусі, пазітыўная і нечаканая. Якое гэта можа мець значэнне ў маштабе ўсяго беларускага грамадства, пакуль што складана прадказаць.

Веру, аднак, што новыя іерархі стануць таксама добрымі партнёрамі для супрацы з іншымі хрысціянскімі канфесіямі і будуць удзельнічаць — наўпрост ці ўскосна — у духоўным і нацыянальна-культурным адраджэнні Беларусі.

Пётра Рудкоўскі

0
Regina / Адказаць
01.12.2013 / 16:47
Дзякуй пану Богу за правільны выбар! Ксёндз Алег Буткевіч - узор сапраўднага святара сённяшняга касцёла. Спагадлівы і сціплы, інтэлектуальны і працавіты, сапраўдны сын свайго гаротнага народа.
0
Віталь Еўмянькоў / Адказаць
07.12.2013 / 18:04
Вітай Марыя! Дзякую за артыкул.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру