Рэспубліка Беларусь зацікаўлена ў рабоце над сумеснымі праектамі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі па здабычы і перапрацоўцы нафты і нафтахіміі. Аб гэтым заявіў сёння Дзяржсакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман на сустрэчы з дэлегацыяй Абу-Дабі на чале са старшынёй выканаўчага апарату ўрада эмірата Абу-Дабі ААЭ Хальдунам Халіфой Аль Мубаракам. Перагаворы прайшлі ў Доме ўрада з удзелам першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі.

Як адзначыў Віктар Шэйман, у супрацоўніцтве з эміратам Абу-Дабі важнымі з'яўляюцца таксама сферы нерухомай маёмасці, камунікацый, у тым ліку высокіх тэхналоій з адпрацоўкай розных касмічных тэм. Паводле слоў Віктара Шэймана, "мы істотна рушылі наперад таксама па тэматыцы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва". Дзяржсакратар Савета Бяспекі, які з'яўляецца таксама сустаршынёй рабочай групы па супрацоўніцтву з Абу-Дабі, падкрэсліў важнасць візіту гэтай дэлегацыі ў нашу краіну. На яго думку, гэта стане "зыходным пунктам у актывізацыі ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва. Мы разглядаем нашы адносіны з ААЭ як супрацоўніцтва стратэгічных партнёраў".

Падпісаныя сёння ў Мінску пратакол і тры мемарандумы аб узаемаразуменні паміж бакамі, якія датычацца найбольш перспектыўных сфер супрацоўніцтва, - гэта толькі пачатак вялікай сумеснай работы. "Мы сёння выйшлі на шэраг дамоўленасцей, якія будуць канкрэтызаваны", - падкрэсліў Віктар Шэйман.

У сваю чаргу, старшыня выканаўчага апарату ўрада эмірата Абу-Дабі ААЭ Хальдун Халіфа Аль Мубарак адзначыў, што Эміраты разглядаюць Беларусь як стратэгічнага партнёра. Ён пацвердзіў гатоўнасць яго краіны працаваць ва ўсіх напрамках супрацоўніцтва. "Мы лічым перспектыўнымі праекты ў названых сферах, - сказаў пан Мубарак. - Беларусі ўдалося многага дасягнуць за апошні час. Мы павінны прадаўжаць развіваць дасягнутыя дамоўленасці". Замежны госць выказаў упэўненасць у тым, што двухбаковыя сустрэчы паміж Беларуссю і ААЭ будуць мець пастаянны характар і напаўняцца эфектыўнымі праектамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?