Прачытаў у сталічным паведамленьні, што днямі ў нас на вул. Найдуса прыватная фірма пачне аднаўляць нейкую капліцу… Якаясьці дурнота: каб прыватная фірма — капліцу, ды яшчэ ў самым пешаходным цэнтры. Праўда, паведамленьне на расейскай мове, значыцца мог быць памылковы пераклад зь беларускай. Што мне яшчэ можна падумаць на гэты недарэчны конт?

Старая доўгая двухпавярховая камяніца сапраўды стаяла на вулічцы Найдуса на рагу зь пешаходнай Савецкай, але была жылой, прычым тут капліца? Каля сямнаццаці гадоў зяўрала пустымі вокнамі. Шкада было. Хтосьці яе пачаў аднаўляць, ды халтурна. Потым пакінутая, занядбаная, яна пачала разбурацца, пажары пару разоў прынамсі здарыліся ўнутры. У гэтым доме канца ХІХ стагодзьдзя ў малечыя гады жыў будучы габрэйскі паэта Лэйба Найдус. У той жа самы час у іншым доме жыў з бацькамі будучы паэт Максім Багдановіч, маладзейшы за Лэйбу на год.

Найдус таксама хварэў, пражыў больш за Багдановіча на год, пахаваны быў у роднай Горадні. На магіле ўсталявалі анёла. Калі будавалі стадыён у хрушчоўскія часы, могілкі гэтыя зьліквідавалі. У футбол на тым месцы гуляюць. У Варшаве пасьля гэтага хіба зрабілі сымбалічную магілу гарадзенскага габрэйскага паэта. А вось дом захаваўся, ад яго толькі адцялі ў 50-я гады кавалак, што на Савецкай стаяў. Карацей, пашанцавала. На першым паверсе там налівалі каву.

У маіх “Цэнзарскіх нажніцах” ёсьць апавяданьне “Белы данжон” пра гэты самы дом. У ім пра тое, як чалавек наймае пакой над кавярняй і прыносіць друкарку, каб напісаць аповесьць. Ён разважае, што каб адцяць кавярню і пакой наверсе, “атрымалася б сапраўдная вежа-бакшта. Чатырохкутная, абарончая некалі, а цяперака зусім лядашчая, навокал якой сьцены. Я гэтак уяўляў сабе. На справе ж цагляна-тынкаваная будыніна, даўгая, як вантробная кішка, болей нагадвала мёртвае тулава старога карабля, што немаведама якім чынам апынуўся у вузкай затоцы паміж камяніц і прырос да бруку. Уражаньне ўзмацняе драўляная галерэя, якая цягнецца ўздоўж усяго другога паверху, схаваная ад дажджу стрэшкай з брудна-шэрага шыфэру. А інакш бы — чым ня вежа-самотніца, сьвежапабелены да рэвалюцыйнага сьвята данжон?”

Нарэшце прадалі камяніцу адной фірме, ніхто браць не хацеў нібыта, і ўлетку ўзяліся за яе грунтоўна: мабыць зь месяц экскаватар руйнаваў яе, каб дазваньня, а міма штодня хадзілі тысячы людзей. Праўда, праект сапраўды прыгожы: адновяць у найлепшым выглядзе, улучна са зьнішчанай у хрушчоўскую адлігу часткай. На жаль, гэта будзе муляж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?