03.12.2013 / 17:55

Януковіча заклікалі адправіць урад у адстаўку. Заўтра працягнецца асада Адміністрацыі Хроніка аўторка + жывая трансляцыя з Кіева. Абнаўляецца анлайн 28

19:50

Вечаровы Кіеў: кава для міліцыянтаў

Нашы ў Кіеве!

***

***

У шэсці бралі ўдзел людзі рознага ўросту, веравызнання, з Кіева і рэгіёнаў.

18:25

Дэманстранты вяртаюцца на Майдан

Як паведамляе карэспандэнт «НН», выступоўцы на мітынгу каля АП заклікалі Януковіча спыніць візіт у Кітай і вярнуцца ва Украіну.

Удзельнікаў мітынгу запрасілі сустрэцца каля Адміністрацыі заўтра а 8-й раніцы, каб працягнуць пікетаванне.

Цяпер калона вяртаецца на Майдан.

18:15

Клічко: будзем дабівацца датэрміновых выбараў

Як паведамляе карэспандэнт «НН», на вуліцы Банковай каля Адміністрацыі прэзідэнта адбываецца мітынг.

Выступіў Віталь Клічко. Ён заявіў, што пратэстоўцы заблакуюць АП і будуць дабівацца датэрміновых выбараў і адстаўкі ўраду Азарава.

Не змагла Рада — няхай гэта зробіць Януковіч, заявіў Клічко.

18:10

У Кіеў едзе генсек Савета Еўропы

На сустрэчу з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам, старшынёй Вярхоўнай Рады і міністрам замежных спраў Украіны заўтра ў Кіеў прыбудзе Торб'ерн Ягланд, генеральны сакратар Савета Еўропы.

Як паведамляе карэспандэнт украінскай рэдакцыі радыё «Свабода», у панядзелак старшыня страсбургскай еўраструктуры, што разам з Украінай аб'ядноўвае 47 дзяржаў кантынента, прапанаваў сваю дапамогу ў пошуку шляхоў выхаду з крызісу, у якім апынулася Украіна.

Прапанова была падтрымана ўсімі бакамі ў Украіне, паведамілі радыё «Свабода» ў прэс-службе старшыні Савета Еўропы. «Візіт мае на мэце паспрабаваць уціхамірыць ціск у Украіне, якая з'яўляецца членам Савета Еўропы, і вызначыць, ці магчымы дыялог паміж бакамі», — адзначылі прадстаўнікі СЕ.

17:50

У Нацыянальнай акадэміі навук Украіны падтрымалі Еўрамайдан

3 снежня ў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны асудзілі дзеянні ўлады — гвалтоўны разгон мітынгоўцаў на Майдане Незалежнасці ў Кіеве і адмову ад падпісання прэзідэнтам пратакола пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам, паведамляе gazeta.ua.

Абнародаванне пазіцыі навукоўцаў адбылося падчас сумеснага пасяджэння аддзялення гуманітарных інстытутаў НАН.

«Тое, што адбылося 29 снежня ў Вільні, калі Януковіч адмовіўся падпісаць пратакол пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, надоўга застанецца ганебнай старонкай у гісторыі нашай дзяржавы.

Свае абяцанні аб еўрапейскай інтэграцыі ўлада не выканала і гэтым змяніла ўсе спадзяванні народа, — кажа Мікалай Жулінскі, дырэктар Інстытута літаратуры НАН Украіны.

Начное збіццё ўдзельнікаў мірнага пратэсту «Беркутам», зламаныя рукі і разбітыя галовы журналістаў каля Адміністрацыі прэзідэнта, пераапранутыя «спартсмены» у масках, то бок бандыты, разгром Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны — усе гэтыя эпізоды маюць адну — антыўкраінскую — афарбоўку і антычалавечы напрамак.

Але мы не дазволім паставіць сябе на калені». Гуманітарнае аддзяленне НАН патрабуе ад прэзідэнта пакараць тых, хто аддаў загад напасці на мірных пратэстоўцаў Майдану, і спыніць фізічную расправу над удзельнікамі акцыі.

«Няхай нагадаюць «Беркуту» аб іх абавязках перад народам, якому яны прысягалі на вернасць, — кажа Жулінскі. — Мы вітаем актыўную грамадзянскую пазіцыю украінскай моладзі, праяўленую ў правядзенні агульнанацыянальнай мірнай акцыі пратэсту.

Далучаемся да патрабаванняў камітэту нацыянальнага супраціву да ўладаў, і гатовыя ісці да пераможнага Еўрамайдану».

Еўраінтэграцыя дапамагаеразвіццю ўкраінскай навукі і садзейнічае ўдзелу ў розных навуковых грантах і фондах, лічаць у Інстытуце літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі, Інстытуце ўкраінскага мовы і Інстытуце Івана Франка НАН.

Нагадаем, што Еўрамадан падтрымалі таксама Кіева-Магілянская акадэмія, КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, КНУ імя Барыса Грынчанка і іншыя.

17:30

Падыходы да АП заблакаваныя — карэспандэнт «НН»

Як паведамляе карэспандэнт «НН», на дадзены момант шматтысячны натоўп знаходзіцца на падыходах да Адміністрацыі.

Бліжэйшыя вуліцы, што вядуць да АП, заблакаваныя аўтобусамі і тэхнікаў, каля іх стаяць шэрагі спецназаўцаў.

На адным з перакрыжаванняў адбываецца імправізаваны мітынг. Удзельнікаў шэсця заклікаюць устрымацца ад сілавых дзеянняў.

«Нас тут дастаткова, нас не ўтрымае «Беркут», аўтобусы і вадамёты. Але мы не будзем гэтага рабіць, гэта мірная акцыя. Украіне трэба новы прэзідэнт. І мы тут для гэтага», — перадае словы выступоўцы карэспандэнт «НН».

16:57

Экс-прэзідэнт Украіны лічыць, што Кабмін мусіў пайсці ў адстаўку

Леанід Краўчук (другі справа) ў VIP-ложы. Фота прэс-службы прэзідэнта Украіны.

Пратэстныя акцыі на Украіне могуць працягнуцца доўга, калі ўлада не прыме рашэнні, якія адпавядаюць інтарэсам украінцаў, заявіў у каментары РИА Новости першы прэзідэнт краіны Леанід Краўчук.

На думку Краўчука, незаконнае прымяненне сілы падчас разгону кіеўскага «еўрамайдана» у ноч на суботу з'яўляецца парушэннем закона і «неразумным рашэннем людзей», якія яго прынялі.

«Я лічу, што ўлада і сілавыя структуры перавысілі свае паўнамоцтвы і павінны несці за гэта адказнасць па законе», — сказаў ён. «Калі б сам урад ўлічваў гэтую сітуацыю і пайшоў сам у адстаўку, і прэзідэнт прыняў бы рашэнне, адпаведнае сітуацыі, тады людзі зразумелі б, што ўрад прызнаў сваю віну», — сказаў Краўчук.

Ён дадаў, што ўкраінцы чакаюць, што будуць пакараныя людзі, якія маюць дачыненне да разгону «еўрамайдана». На яго думку, адпаведныя рашэнні ўлады маглі б супакоіць пратэсты.

Па словах экс-прэзідэнта Украіны, калі не будзе вырашана ні адно з тых пытанняў, якія адстойваюць мітынгоўцы, то «еўрамайдан» — «можа, < …> не настолькі шматлікі», — але працягнецца.

16:55

Шматтысячны натоўп рушыў да АП

Перад пачаткам шэсця да Адміністрацыі прэзідэнта, вуліца Інстытуцкая. 3 снежня 2013.

Як паведамляе карэспандэнт «НН» з Кіева, шматтысячны натоўп рушыў да Адміністрацыі прэзідэнта. Людзі скандуюць «Банду — гэць!». Гучаць таксама выкрыкі «Нас шмат, ніякага «Беркуту» не хопіць!»

16:35

Міністр абароны Украіны: мы не задзейнічаем войска ў падаўленні пратэстаў

У сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі ва Украіне з'явіліся заклікі асобных палітычных і грамадскіх арганізацый да камандавання і асабістага складу Узброеных Сіл з мэтай прыцягнення іх на свой бок для ўдзелу ў палітычных акцыях, гаворыцца ў паведамленні міністра абароны Украіны Паўла Лебедзева.

Таксама, у СМІ з'явіліся паведамленні аб прыцягненні падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны, узброеных цяжкай бронетэхнікай для нібыта падаўлення мірных дэманстрацый грамадзян Украіны.

Міністэрства абароны Украіны, Генеральны штаб Узброеных Сіл афіцыйна заяўляе, што згодна з арт.17 і арт.37 Канстытуцыі краіны ўдзел падраздзяленняў УС, як дзяржаўнага інстытуту, прызначанага выключна для абароны Украіны, абароны яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці, ва ўнутрыпалітычнай барацьбе цалкам выключаецца.

Акрамя таго, згодна з палажэнням Канстытуцыі Узброеныя Сілы Украіны не могуць быць выкарыстаны для абмежавання правоў і свабод грамадзян або з мэтай звяржэння канстытуцыйнага ладу ў краіне, звяржэння органаў улады або перашкоды іх дзейнасці.

Таму паведамленні, якія распаўсюджваюць некаторыя СМІ, аб магчымасці прымянення Узброеных Сіл Украіны супраць мірных дэманстрантаў з'яўляецца безумоўнай правакацыяй.

16:00

Мы выйшлі нагадаць, хто прымае рашэнні: Еўрамайдан знутры — рэпартаж карэспандэнта «НН» Кірылы Хілька з Кіева.

Усе фотаздымкі глядзіце тут.

Ва Украіне працягваюцца акцыі пратэсту супраць адмовы падпісаць пагадненне аб еўраінтэграцыі з ЕС. Цэнтрам пратэстаў зноў стаў Майдан Незалежнасці.

Мясцовыя жыхары прызнаюць, што гвалт супраць мірных пратэстоўцаў (разгон Майдана спецпадраздзяленнем «Беркут» у ноч на суботу) толькі падштурхнуў грамадзянскую актыўнасць. 

За хуткі час Еўрамайдан «аброс» добрай арганізацыяй: на плошчы арганізаваныя пункты харчавання, пункты выдачы цёплага адзення. Хапае пунктаў медыцынскай дапамогі. 

Пратэставаць у Кіеў сцягнуліся людзі з рэгіёнаў, якія арганізавалі рэгіянальныя каардынацыйныя штабы — іх лёгка пазнаць па надпісах на намётах. 

Пратэстоўцы захапілі будынкі Дома прафсаюзаў і Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, дзе арганізаваныя Штабы нацыянальнага супраціву. У штабах можна атрымаць юрыдычную і медыцынскую дапамогу, тут гатуюць ежу для дэманстрантаў. У Доме прафсаюзаў разгорнуты вялікі прэс-цэнтр. 

У пратэстах бярэ актыўны ўдзел студэнцтва. На Майдане Незалежнасці ў Кіеве разгорнуты пункт Студэнцкай каардынацыйнай рады, якая каардынуе пратэсты студэнтаў па ўсёй Украіне. 

Сябра СКР Сцяпан расказаў «НН», што найбольш актыўныя студэнты з Заходняй Украіны — там рашэнне страйкаваць адкрыта падтрымліваюць нават рэктары ўніверсітэтаў. 

«У Кіеве ціск на студэнтаў мацнейшы, аднак многа студэнтаў усё адно прыходзяць пратэставаць. Спачатку мы выходзілі, бо хацелі паказаць нашаму ўраду і Януковічу, што мы хочам жыць у еўрапейскай Украіне. Ён спачатку казаў пра еўраінтэграцыю, але потым перадумаў, і мы вырашылі нагадаць, што рашэнні прымае не ён, рашэнні прымае народ». 

Студэнты не жадаюць, каб адна банда замянілу другую, кажуць яны. — Мы хочам, каб змянілася краіна, каб змяніліся правілы гульні».

14:59

Апазіцыя кліча ўсіх да Адміністрацыі прэзідэнта

Украінская апазіцыя заклікае мітынгоўцаў ісці да Адміністрацыі прэзідэнта і патрабаваць ад прэзідэнта Януковіча падпісаць указ аб адстаўцы ўрада.

Пра гэта заявілі лідары апазіцыі пасля правальнага галасавання ў парламенце.

Адказваючы на пытанне аб тым, што Януковіч накіраваўся з візітам у Кітай, Яцэнюк сказаў, што прэзідэнт едзе толькі ў сераду.

«У нас ёсць выразная пазіцыя. Калі ўрад і парламент дэманстратыўна не чуюць, не жадаюць чуць людзей, мы іх прымусім пачуць людзей», — дадаў Віталь Клічко.

14:34

Вярхоўная Рада Украіны не змагла прыняць у аўторак пастанову аб недаверы ўраду Мікалая Азарава.

За адстаўку прагаласавалі 186 дэпутатаў пры патрэбных 226.

Ад Партыі рэгіёнаў «за» адстаўку ўрада прагаласаваў адзін дэпутат, ад «Бацькаўшчыны» — 90, «УДАР» — 42, «Свабоды» — 36 і 17 пазафракцыйныя.

Ад КПУ праект пастановы не падтрымаў ніводны дэпутат. Перад гэтым лідар КПУ Пётр Сіманенка, выступаючы з трыбуны парламента, адзначыў, што ўрад заслугоўвае адстаўкі.

Ён адзначыў, што фракцыя КПУ прапаноўвала парламенту сваё рашэнне аб адстаўцы ўрада. Сіманенка заклікаў апазіцыю падтрымаць прапанову КПУ.

Пасяджэнне Вярхоўнай Рады скончана.


14:25

Генеральны сакратар Рады Еўропы Торб'ерн Ягланд у сераду адпраўляецца ва Украіну дапамагчы наладзіць дыялог для зніжэння напружання.

Чакаецца, што падчас візіту Ягланд сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Мікалаем Азаравым, міністрам замежных спраў Леанід Кажарам, лідарамі палітычных партый.

5-6 снежня ў Кіеве адбудзецца пасяджэнне міністраў замежных спраў краін АБСЕ. Старшынства Украіны ў гэтай арганізацыі заканчваецца 1 студзеня 2014 года.

14:02

Старшыня ўрада Мікалай Азараў, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, выбачыўся ад імені ўрада і Віктара Януковіча за дзеянні «Беркута».

Азараў выступае па-расійску, дэпутаты скандуюць «Ганьба!» і «Адстаўка»

Азараў таксама кажа, што Украіна не можа пераплачваць за газ, а ЕС згодны разглядаць пытанне аб кампенсацыі.

13:34

Апазіцыя кліча ўсіх пад Вярхоўную Раду

Апазіцыя заклікае ўсіх мітынгоўцаў, якія знаходзяцца на Еўрамайдане, рухацца да Вярхоўнай Рады.

У бліжэйшы час там павінен адбыцца разгляд пытання аб адстаўцы ўрада. Ва ўрадавым квартале цяпер ужо сабраліся дзясяткі тысяч дэманстрантаў.

13:24

Януковіч паляцеў у Кітай

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч адбыў у Кітай з афіцыйным візітам. Найперш ён наведае горад Сіань.

У ходзе візіту Януковіч возьме ўдзел у працы ўкраінска-кітайскага бізнес-форуму, наведае офіс Міжнароднага радыё Кітая, а таксама сустрэнецца з кіраўніцтвам краіны.

Падчас візіту запланавана падпісанне 16 дакументаў.

Як паведамлялася, прэзідэнт Януковіч не меў намеру адмаўляцца ад запланаванага візіту ў Кітай, нягледзячы на сітуацыю ў краіне.

12:47

Вярхоўная Рада выклікала Азарава і ўсіх міністраў

Вярхоўная Рада патрабуе прысутнасці на сваім пасяджэнні поўнага складу Кабінета міністраў. За гэта прагаласавалі 368 дэпутатаў.

«Стаўлю на галасаванне прапанову аб запрашэнні на сённяшняе пасяджэнне прэм'ера Мікалая Азарава і членаў кабінета міністраў», — сказаў Уладзімір Рыбак перад галасаваннем.

Пасля гэтага ён абвясціў перапынак да 12:00 (13:00 па Мінску).

Перад гэтым дэпутаты Уладзімір Літвін, Віктар Бондар і Нестар Шуфрыч заявілі, што ў Вярхоўнай Рады не хапае галасоў за адстаўку ўрада.

Акрамя таго, паводле закона, калі ВР правальвае галасаванне за адстаўку ўрада, гэтае пытанне можа быць разгледжаны яшчэ раз толькі на наступнай сесіі парламента, гэта значыць не раней за люты 2014 года.

12:18

Шматтысячная калона мітынгоўшчыкаў прыбыла з Майдана Незалежнасці пад Вярхоўную Раду ў Кіеве.

Удзельнікі акцыі супраць палітыкі цяперашняй украінскай улады занялі вуліцу Грушэўскага ад Кабінета міністраў да ВР, подступы да якой перакрылі аўтобусы «Беркута», а таксама занялі вуліцы Ліпскую, Шаўкавічную і Садовую.

Мітынгоўцы выкрыкваюць: «Адстаўка!», «Ганьба!» і «Банду гэць!»

12:07

Клічко заклікаў Януковіча добраахвотна падаць у адстаўку, каб не паўтараць лёсу іншых дыктатараў

Апазіцыя патрабуе поўнай «перазагрузкі» ўлады, адстаўкі прэзідэнта і ўрада ды датэрміновых выбараў. Пра гэта заявіў на пасяджэнні парламента лідар партыі «УДАР» Віталь Клічко.

Ён заявіў, што нельга мірыцца з дзеяннямі праваахоўнікаў: «Калі мы цяпер праглынем гэта, то прыйдзецца глынаць паліцэйскія дубінкі заўсёды», — заявіў Клічко.

Паводле яго слоў, ніякіх высноў з крывавых падзей на Майдане ні кіраўніцтва ўрада, ні прэзідэнт не зрабілі, абмежаваўшыся «прыгожым абурэннем».

«Я патрабую адстаўкі ўрада. А таксама прыцягнення да адказнасці ўсяго кіраўніцтва МУС», — заявіў Клічко.

«Поўную адказнасць за злачынствы супраць грамадзян нясе чалавек, які мае ўсе паўнамоцтвы і паўнату ўлады ў краіне — гэта прэзідэнт Віктар Януковіч», — дадаў ён.

Клічко заявіў, што апазіцыя патрабуе датэрміновых выбараў прэзідэнта і поўнай замены улады.

«Я звяртаюся да прэзідэнта Януковіча, падаць добраахвотна ў адстаўку, абвясціць датэрміновыя выбары. Не падзяляць лёс дыктатараў, якія назаўсёды збеглі са сваіх краін», — заявіў Клічко.

12:00

Апазіцыя выгнала «цітушак» з Вярхоўнай Рады

Дэпутатам ад апазіцыі ўдалося перашкодзіць «цітушкам». Пра гэта распавёў журналістам у Кіеве лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцэнюк.

Раней журналісты назіралі, як на вуліцы пад парламентам пачалася нейкая спрэчка, а затым дэпутат Юрый Стэць паведаміў, што ў ВР заходзяць людзі «характэрнай знешнасці».

Па словах Яцэнюка, дэпутаты Аляксандр Абдулін і Віктар Чумак «убачылі, што ў Вярхоўную Раду хочуць правесці больш за 100 чалавек без дакументаў, без формы, такіх класічных «цітушак».

«Яны адразу паведамілі пра гэта — і тых удалося выгнаць».

***

Цітушкі — наёмныя правакатары, маладыя людзі спартовага выгляду, гопнікі, якія выкарыстоўваюцца для сілавых метадаў разгону дэманстрацый, пачатку боек, правакацый і збіцця дэманстрантаў.

Тэрмін «цітушкі» паходзіць ад прозвішча спартсмена з Белай Царквы Вадзіма Цітушкі, які 18 мая 2013 года ў Кіеве напаў на журналістаў Вольгу Снісарчук і Уладзіслава Содэля. Напад быў зняты фотакарэспандэнтамі, што і паслужыла асноўным доказам яго віны ў судзе.

11:20

«Партыя рэгіёнаў» не будзе галасаваць за адстаўку Азарава

Фракцыя не збіраецца галасаваць за праект пастановы аб недаверу ўраду на чале з Мікалаем Азаравым.

Пра гэта заявіў лідар фракцыі Партыі рэгіёнаў Аляксандр Яфрэмаў журналістам у аўторак перад пачаткам пленарнага пасяджэння парламента ў Кіеве.

«У мяне няма інфармацыі, што нехта з нашай фракцыі будзе падтрымліваць адстаўку ўрада», — сказаў ён.

Па словах Яфрэмава, гэтае пытанне ў аўторак абмяркоўвалася на пасяджэнні фракцыі. Ён адзначыў, што «тыя людзі, якія былі на фракцыі, выказваліся супраць».

«Рэгіянал» Уладзімір Алійнік таксама заявіў, што яго фракцыя не будзе галасаваць за пастанову аб выказванні недаверу Кабінету міністраў.

«Уладзе і прэзідэнту Януковічу не выгадныя былі падзеі ў суботу, а былі выгадныя апазіцыі. І калі апазіцыя хоча такім шляхам, праз палітычную ацэнку, закрыць гэтую тэму, я кажу — не», - сказаў ён.

11:02

«Партыя рэгіёнаў» абвясціла акцыю ў падтрымку Януковіча

На мітынгу Партыі рэгіёнаў у Марыінскім парку каля Вярхоўнай Рады ў Кіеве абвясцілі пра пачатак усеўкраінскай акцыі ў падтрымку прэзідэнта Віктара Януковіча.

Пра гэта абвясціў дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Алег Цароў са сцэны мітынгу, у якім прымаюць удзел каля тысячы чалавек.

Цароў заявіў, што будучыня Украіны «ў дружбе з Расіяй і Еўрапейскім Саюзам», аднак, паводле яго слоў, для гэтага патрэбен дыялог унутры грамадства.

10:38

Мітынгоўцы ў Кіеве занялі былы Кастрычніцкі палац

Мітынгоўцы зладзілі яшчэ адзін пункт абагрэву ў міжнародным цэнтры культуры і мастацтваў (Кастрычніцкі палацы) у цэнтры Кіева. Пра гэта паведаміў адзін з каардынатараў акцыі пратэсту, дэпутат «Бацькаўшчыны» Андрэй Парубій, піша «Украінская праўда». Паводле яго слоў, каля 150 пікетоўцаў каля 22:00 у панядзелак увайшлі ў будынак былога Кастрычніцкага палаца.

Персанал і ахова не перашкаджалі і паставіліся з разуменнем да просьбы грамадскасці пераначаваць і абагрэцца», — сказаў Парубій.

Як вядома, 30 лістапада, каля 4 раніцы, «Беркут» сілай разагнаў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць непадпісання пагаднення аб Асацыяцыі з Еўрасаюзам.Па медыцынскую дапамогу звярнулася 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваны.

Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу. 1 снежня ў Кіеве адбылося Веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавая каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і мітынгоўцамі.

10:29

Канцэрт славутага ўкраінскага гурту «Воплі Відаплясава», што меўся адбыцца ў Мінску 5 снежня ў Палацы Рэспублікі адменены.

«Наша Ніва» звязалася з прэс-сакратаром гурту, каб удакладніць, ці звязана адмена з падзеямі ва Украіне.

«Не, гэтыя рэчы ніяк не звязаныя, - патлумачыў прэс-сакратар Павел Скарнякоў. – Рэч у тым, што арганізатары мінскага канцэрта зрабілі няправільную прамоцыю, у выніку продажы былі вельмі слабыя. Іншыя даты нашага тура ў сіле – мы і зараз у туры».

У той жа час па Беларусі гастралюе іншы украінскі гурт – «Океан Ельзи», два канцэрты тура ўжо адбыліся, і як запэўнілі арганізатары, мінскі канцэрт, запланаваны на 8 снежня ў «Мінск-Арэне», адбудзецца.

10.16

За адмову ад еўраінтэграцыі Арменія атрымала вялікую зніжку на газ ад Расіі

За кошт адмены мыта канчатковы кошт газу для Арменіі знізіцца з цяперашніх 270 да 189 даляраў за тысячу кубаметраў.

Уладзімір Пуцін у Ерэване адзначыў, што расійскі бюджэт у выніку недаатрымае істотныя сумы, але для эканомікі Арменіі такое рашэнне будзе спрыяльным.

Апрача таго Арменія атрымала зніжку і на іншыя адчувальныя для яе пазіцыі расійскага экспарту, нафтапрадукты і алмазы, пасля таго як аб’явіла пра далучэнне да Мытнага саюза.

10.15

Апытанка: адказвайце.

10.06

Да пачатку паседжання Вярхоўнай Рады застаецца яшчэ гадзіна, а плошча перад будынкам запоўнілася народам. Тысячы і тысячы людзей сабраліся там. І безупынна скандуюць.

(У Беларусі з Украінай гадзіна розніца ў часе — з восені да вясны, калі Беларусь арыентуецца на расійскі час. У Кіеве цяпер 9.06.)

10.04

9.50

Беларускі сцяг сярод еўрапейскіх і ўкраінскіх на Майдане ў панядзелак увечары:

(Фота Ройтэрз)

9.36

Рэдакцыйны артыкул «Советской Белоруссіі» пра падзеі ва Украіне з халодным аналізам таго, як трэба праводзіць змену геапалітычнага курсу

«Што на дадзены момант, гледзячы з Мінска, можна сказаць пра падзеі ў брацкай Украіне? Паспрабуем вызначыць галоўнае. Фактычны правал Віленскага саміту можна лічыць сведчаннем палітычнай недальнабачнасці і некаторай авантурнасці Варшавы і Стакгольма, якія пераканалі сябе і іншых, што, наблізіўшы Украіну, Малдову і Грузію, праз сумнеўнае «Еўрапейскае Партнёрства» ім удасца атачыць Расію (і Беларусь) новым «санітарным кардонам». Заканамерна сарвалася.

Але ў чым заключаюцца памылкі Кіева, які сам сябе загнаў у палітычны капкан?

У любым выпадку, калі краіна абірае новы геапалітычны шлях, то яе кіруючы клас павінен улічваць перш за ўсё глыбінны народны настрой. Гэта вельмі аб'ёмная праблема сукупнасці розных эканамічных, геаграфічных, ідэалагічных і нават эстэтычных прычын і следстваў.

Гісторыя вучыць, што пры гэтым асаблівую ролю адыгрывае разумнае спалучэнне нацыянальнага (альбо інтэрнацыянальнага) рамантызму і сухога прагматызму. Спадары В. Януковіч і М.Азараў аддалі перавагу перад ўсім чыстаму прагматызму і, па сутнасці, выставілі Украіну на тэндар Еўрасаюза і Расіі. Асноўным лотам стаў вектар развіцця. Галоўным аргументам — хто больш заплаціць!

У выніку патэнцыйныя пакупнікі сышлі з таргоў расчараваныя. Мільёны ўкраінцаў ахапіла шаленства: сённяшняя Украіна зусім не мілая пастараль Мікалая Васільевіча Гогаля, дзе лагодны маларасійскі памешчык на сваё задавальненне гандляваў жытам, салам і дваровымі дзеўкамі; украінская моладзь ужо прывыкла да думкі, што з іх меркаваннем трэба лічыцца.

Другой памылкай стаў разгон Майдана, ён парушыў тую сістэму ўзаемаадносін, якая ў апошнія гады характарызавалася асабліва ўкраінскай філасофіяй: «Лай, тiльки руки не розпускай»…

А і да гэтага была здзейснена велічэзная памылка — свядомы допуск ў вялікую палітыку (нібыта для гармоніі) неўтаймоўных экстрэмістаў з партыі «Свабода», якія шматразова дэманстравалі прыхільнасць да слоў і справаў часоў нядобрай памяці АУН-УПА. Пан Цягнібок і яго Галіцыйская каманда сталі рваць у лахманы палітычную культуру Украіны, якая яшчэ фарміруецца, і паглыбляць роў паміж умоўнымі Луганскам і Львовам. Было і яшчэ шмат цяжкіх памылак, вялікіх і малых, напрыклад, несправядлівае «выкрэсліванне» са спісу прэтэндэнтаў на будучыя прэзідэнцкія выбары папулярнага чэмпіёна Клічко, які адразу ж плюнуў на ўмоўнасці і павёў за сабой натоўп.

Што чакае Украіну? На паверхні тры варыянты. Канфрантацыйны, які калі і скончыцца чым-небудзь, то хіба што поўным развалам краіны. Другі — спробай адыграць назад і пачаць новыя перамовы з ЕС — тады не трэба сумнявацца, што Расія прыкруціць ўсе вентылі і абуе межы ў цяжкія замкі. Трэці — «Партыя рэгіёнаў» прынясе ў ахвяру ўрад і прыступіць да палітычных кансультацыяў. Гэта, магчыма, знізіць напал і захавае прэзідэнта Януковіча, паколькі для яго імпічменту ў апазіцыі сіл ўсё ж замала. Бліжэйшыя дні альбо пацвердзяць, альбо аспрэчаць гэтыя сцэнары».

9.29

БТ бэсціць Еўрамайдан і Еўраінтэграцыю. Альтэрнатыўнага меркавання, як заўжды, не даюць. Рэпартаж рабіў Сяргей Гусачэнка. Той самы, які спецыялізуецца на матэрыялах супраць беларускай апазіцыі. Гусачэнка агітуе ўкраінцаў пераходзіць пад кантроль Расіі: «Таможенный союз только в первый год обещает эффект порядка 10 млрд. долларов, в том числе за счет снижения цен на энергоносители, которые сегодня заставляют страну брать все новые кредиты за рубежом».

09:28

Некалькі тысяч дэманстрантаў адправіліся з Майдана да Вярхоўнай Рады з патрабаваннем адстаўкі ўрада. Каля будынка стаіць некалькі шэрагаў беркутаўцаў, якія часткова блакуюць мітынгоўцаў.

Цяпер перад людзьмі выступаюць актывісты і палітыкі. Юрый Луцэнка заклікаў міліцыю «прытрымлівацца прысягі» служыць Украіне.

Дэманстранты скандуюць «Ганьба», «Банду гэць», «Слава Украіне».

Мітынгоўцы спрабуюць пераканаць «Беркут» перайсці на свой бок, крычаць «Міліцыя з народам», «Абараняеш закон — абараняе Украіну».

9.23

Беларуска-ўкраінскія сцяжкі «За нашу і вашу свабоду»:

9.15

Каля Вярхоўнай Рады мітынгоўцам спявае оперны спявак.

9.09

Некалькі тысяч людзей сабраліся каля Вярхоўнай Рады. Яны сустракаюць дэпутатаў скандаваннем «Банду — гэть», «Зэка — гэть», «Украіна» і, на адрас спецназа, «Міліцыя з народам», «Баронім закон, баронім Украіну, баронім дзяцей», «Здымай шчыты, прыходзь да нас», «Салдат — ты наш брат».

Да пікетоўцаў звярнуліся дэпутаты ад апазіцыі і непарламенцкія палітыкі. Яны патлумачылі, што задача дня — адстаўка ўрада Азарава. Адстаўка Януковіча — гэта наступны этап. Гаварыць умеюць: коратка, ясна, даступна. І ўвесь час народ скандуе, не маўчыць.

8.50

Пасол Бяссмертны зноў каардынатарам Майдана

Былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны разам з былым міністрам унутраных справаў, а пасля палітвязнем Юрыем Луцэнкам каардынуюць блакаду Вярхоўнай Рады і ўрада.

8.41

У Кіеве дзень сёння пачынаецца з блакавання будынкаў Кабінета міністраў (ад 7.30) і Вярхоўнай Рады (ад 9.30).

На Вярхоўную Раду сёння фокус увагі: яна мае разгледзець прапанову апазіцыі пра недавер урад Мікалая Азарава. Інтрыга ў тым, як шмат перабежчыкаў з Партыі рэгіёнаў падтрымаюць гэтую прапанову «Бацькаўшчыны», «Удара» і «Свабоды».

8.38

Бунт на дзяржаўным тэлеканале ў Луганску

У Луганску (абласны горад на ўсходзе Украіны) дзяржаўны тэлеканал ЛОТ, які ўзначальвае дэпутат аблсавета ад праўладнай «Партыі рэгіёнаў» Радзівон Мірошнік, збунтаваўся супраць губернатара Уладзіміра Прысцюка і падпісаў яго выступ на экране субцітрамі, якія тлумачылі, што ў эфіры гучыць ілжывая інфармацыя.

Відэа апублікавана на Youtube 2 снежня карыстальнікам Frankensstein1.

0.55

Украінскія музыкі напісалі гімн Еўрарэвалюцыі

Словы стварыў саліст гурту «Тартак», а ў здымках узялі ўдзел Вакарчук і Руслана.

Кампазіцыя ў рэпавых матывах называецца «Брат за брата». У іх гучаць матывы з народных песень, у тым ліку папулярнай «Ой, на горі козакі йдуть».

У кліпе фігуруюць гурт Kozak System, саліст «Плачу Ераміі» Тарас Чубай, пераможца Еўрабачання Руслана, пісьменніца Ірына Карпа, а таксама саліст «Акіяна Эльзы» Святаслаў Вакарчук.

Глядзі таксама:

Еўрарэвалюцыя. Хроніка панядзелка

Сотні тысяч у цэнтры Кіева: Банду — геть!

Процістаянне ў цэнтры Кіева перарасло ў пабоішча - відэа

0
Водар / Адказаць
03.12.2013 / 14:06
Выступление азарова, он до ужаса наивный человек)
0
Javar / Адказаць
03.12.2013 / 14:35
Старшыня ўрада Мікалай Азараў, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, выбачыўся ад імені ўрада і Віктара Януковіча за дзеянні «Беркута». ----------------------------------------------------------------------------- A samamu ugalouniku nie hapila s'melis'ci??!
0
askrealp / Адказаць
03.12.2013 / 16:11
Uchora pa France24 pakazvali, shto apazicyia I ne chakala stol'ki liudzei vyisci, liudzi sami adreagavali na razgon I biccio dubinkami. Pliacho k pliachu na mityngakh staiac' try roznykh lidara ad roznykh partyi, pakazvaiuc' united front. Liudzi taksama educ' u Kyiv padtrymac' ukraincau. Euraasacyiacyia uzho drugasnae ciaper...
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру