Сёння каля 11.30 са спецпрымальніка на Акрэсціна вышаў на волю сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Антон Тарас (ён правёў за кратамі 11 сутак). Некалькі журналістаў былі вызваленыя з жодзінскага спецпрымальніка: 31 сакавіка выйшлі на волю сябра БАЖ Таццяна Ваніна (8 сутак) і Святлана Станкевіч (8 сутак), а ў ноч з 2-га на 3-га - Вадзім Казначэеў (10 сутак). Сёння ж уначы са спецпрымальніка УУС Мінскага раёна была вызваленая журналістка Дар’я Кастэнка (10 сутак). 1-га красавіка выпусцілі з-за кратаў рэдактара газеты «Głos znad Niemna na uchodzstwie» Анджэя Пісальніка (12 сутак). Суд над журналістам «Народнай волі» Валерыем Шчукіным, які быў прызначаны на 31 сакавіка, зноў перанесены: ён адбудзецца 6 красавіка.

Між тым, за кратамі ўсё яшчэ застаюцца нашы калегі: беларускія журналісты Арцём Лява і Сяргей Салаш, расійскія - Эдуард Глезін, Алег Казлоўскі, Аляксандр Падрабінек, украінскія журналісты Андрэй Любка і Павел Салыга, грузінскі аператар Георгій Лагідзэ, польская карэспандэнтка Вераніка Самаліньска, а таксама канадскі журналіст Фрэдэрык Левуа. Усе яны ўтрымліваюцца на Акрэсціна.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»