Маім сябрам

Я вулкамі прайдуся па лісці,
па снезе,
і па высахлым асфальце,
па ўспамінах,
згадках
і па памяці.
Па ўсім, па чым не можна не прайсці,
Па ўсім, па чым не можна не прайсці…

Я ў вашы вокны буду заглядаць,
шукаючы агеньчыка
ці знічку.
Калісьці мелі мы такую звычку –
да раніцы дзвярэй не зачыняць.
Гасцінны дом не зачыняць да ранку.

Пайду цягацца,
пацягнуся йсці
па вуліцах вясёлай маладосці.
Сустрэну невымоўнае там штосьці,
пазнаю,
запрашу сабе на госці
Усё, што разгубляна па жыцці,
Усіх, каго згубіў я па жыцці.

Мы сядзем ўсе за столікі кафэ,
замовім тое,
што пілі звычайна,
і зноўку пасябруем так адчайна,
што хоць у бой,
хоць на аўтадафэ.
Што хоць у бой,
хоць на аўтадафэ…

Я вулкамі прайдуся па лісці,
па снезе,
і па высахлым асфальце,
па ўспамінах,
згадках
і па памяці.
Па ўсім, па чым не можна не прайсці,
Па ўсім, па чым не можна мне прайсці…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?