Неяк хутка забыліся на новы падатак на аўто. Пашумелі і змоўклі. 

Што праўда, з беларускімі дарогамі трэба нешта рабіць. Гэта для расейцаў нашы дарогі добрыя, насамрэч — яны дрэнныя. Вось нядаўна накруціў звыш за 600 кіламетраў па мясцовых польскіх дарогах. Можна колькі заўгодна наракаць на іх вузкасць, але ніводнай шчылінкі, ніводнай ямінкі.

Ды што нядаўна! Ніколі не забуду дарогу паміж нарачанскай вёскай Купай і Кабыльнікамі, на якой амаль 60 гадоў таму вучыўся кіроўніцкай справе.

Тры кіламетры бруку, але як мягка шапацелі па ім масквічоўскія колы! І гэта пасля вайны. Як тыя брукаванкі вытрымалі гарматна-танкавы Армагедон?

Дарэчы, хто ездзіў па дарогах Польшчы ці Літвы, звяртаў увагу на амаль бесперапыннае дарожнае будаўніцтва. Не цікавіўся, ці ёсць там адпаведны нашаму падатак, але добра ведаю, што будуюцца і рамантуюца тамтэйшыя дарогі, нават у межах правінцыйных мястэчак, за кошт Еўрасаюза.

Ну а што з нашымі дарогамі? Мо пакатаць каго па завулках у цэнтры «еўрапейскага» Мінска? Альбо па шашы ад Дзяржынска на Рубяжэвічы, па якой езджу на лецішча? Не, шчылінак там няма, усе залатаныя. Але як!

Што тыя «ляжачыя паліцэйскія», толькі без папярэджвання, высокія вострыя, бы бардзюры. Добра хоць ведаю ўсе да адной…

А мо грамадства таму і змоўкла, што сапраўды паверыла, быццам ад нечаканага падатку на аўто з’явяцца новыя дарогі, а на існых назаўсёды знікнуць шчыліны і яміны? Не знікнуць. Бо яміны на беларускіх дарогах маюць не тэхналагічнае, а зусім іншае паходжанне. Тое, з-за якога падчас будаўніцтва пры канцы 1970-х так званай «алімпійскай» трасы адбылося амаль два дзясяткі судоў. Прыпіскі і крадзеж будматэрыялаў!

Але справа не толькі ў прыпісках, адкатах і крадзяжы.

У краіне, дзе адсутнічае грамадскі кантроль за тым, у якую прорву знікаюць народныя грошы, на што і куды трацяцца, — насамрэч на дарогі ці на новую п… рэзідэнцыю — не тое што пратэставаць, нават абмяркоўваць бессэнсоўна.

Гэта вам не Швейцарыя, дзе днямі ўлады пыталіся ў грамадзян якраз наконт падвышэння падатку на аўто. Грамадзяне адмовілі, што, мусіць, і чакалася. Але паспрабуй улада прамінуць грамадзян…

Наша таксама не прамінае. Адрозненне толькі ў тым, што ні пра што надзённае ў грамадзян не пытаецца.

Мо таму, што надзённае ў грамадзян і ўлады рознае.

Для ўлады — працяг бясконцага ўладарання. Тут і рэферэндумы да спадобы. Тыя, што нагадваюць папяровую «ляльку», у якую хаваецца сапраўдная мэта.

Для грамадзян надзённае — цэны, тарыфы, заробкі, пенсіі, падаткі… Уласныя кішэні і кашалькі.

Вось чаму, калі дзяржаве патрэбны грошы, яна не пытаецца — унушае. Гіпнатычна заклінае або цісне. Найчасцей на страх. Але ёсць у арсенале і іншыя сродкі.

Віцэ-прэм’ер Калінін замест дакладных разлікаў, на што канкрэтна і пад якія гарантыі пойдуць грошы ад падатку на аўто, ціснуў на… справядлівасць.

Справядлівасць — вялікае пачуцце. Без пачуцця справядлівасці нічога добрага ў свеце не адбываецца. Але з пачуцця справядлівасці можна пабудаваць прывабную дэкарацыю для ўсяго нядобрага.

Неяк незаўважана прамільгнуў адказ Калініна на пытанне, ці прадугледжаны ў падатку на аўто льготы для пенсіянераў. «Гэта добрае пытанне, — адказаў член урада. — Пакуль мы яго не разглядалі».

Насамрэч, пытанне нядобрае. Бо ў любой цывілізаванай дзяржаве разгляд пытання, якое будзе дорага каштаваць грамадству, пачынаецца з таго, як будуць пачуваць сябе ў новых жыццёвых абставінах старыя.

Гэта ў нас можна выказацца ў тым сэнсе, што дзяржава нічога не пашкадуе для вырашэння праблемы нараджальнасці, нават грошай на… лекі для старых…

Чаму ж грамадства моўчкі пагаджаецца і надалей аплочваць вышэйзгаданы працяг? Ці, мягка кажучы, неэфектыўнае кіраўніцтва краінай?

Грамадства змоўкла не таму, што паверыла ў справядлівасць — у нашым выпадку — падатку на аўто. Яно змоўкла таму, што канчаткова згубіла веру ў сябе. Веру, якая грунтуецца менавіта на пачуцці справядлівасці.

Адкуль жа яно, гэтае пачуцце, з’явіцца ў нашай улады, калі яго няма ў грамадства? Гэта ў Латвіі кіраўнік урада сыходзіць у адстаўку пад цяжарам маральнай адказнасці. Пад цяжарам чаго і куды сыходзяць і зноў вяртаюцца нашы чыноўнікі, добра вядома.

Ці ж забылася, як было спынена памкненне мінскага мэра Ярмошына сысці ў адстаўку пасля жудаснай трагедыі на Нямізе?! Не, беларуская ўлада нікому не дазваляе нават намёк на яе, улады, адказнасць…

Мяне заўсёды ўражвае, як нават прыватная, на першы погляд, трагедыя ці злосны антыграмадскі ўчынак выводзяць на вуліцы еўрапейскіх гарадоў сотні тысяч людзей. Не толькі з палітычнымі ці сацыяльнымі патрабаваннямі. Іх яднае пратэст супраць зневажання маральных каштоўнасцяў — ці то палітыкам, ці то чыноўнікам, ці то маньякам, тэрарыстам …

У нас жа грамадства як цэласную ўплывовую сілу душаць.

Краіна ёсць, дзяржава — сякая-такая — ёсць.

А грамадства — ці ёсць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?