Як паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Гомельскага аблвыканкама, заява ў міліцыю аб знікненні сына, вучня другога класа, паступіла ад жыхаркі Лельчыцаў.

Раніцай дзіця пайшло ў школу, але на занятках не з'явілася, і яго месцазнаходжанне было невядомае.

Звязацца з сынам бацькі не маглі, бо свой мабільны тэлефон ён забыў дома. Патэлефанаваўшы знаёмым і праверыўшы ўсе магчымыя месцы знаходжання сына, бацькі звярнуліся ў міліцыю.

Адразу пасля паступлення паведамлення быў арганізаваны пошук дзіцяці. Асабовы склад Лельчыцкага РАУС быў узняты па трывозе.

Супрацоўнікам аддзела была пастаўлена задача да наступлення цемнаты ўстанавіць месцазнаходжанне дзіцяці.

Парывісты вецер і завіруха не давалі магчымасці працягваць пошук.

Прачэсваючы мясцовасць, намеснік начальніка Лельчыцкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Сяргей Касінскі пачуў з-пад зямлі стогны.

Пасля дакладнага абследавання мясцовасці ён знайшоў ледзь прыкметны адкрыты каналізацыйны калодзеж. У ім на глыбіні больш чым два метры і па калена ў вадзе знаходзіўся хлопчык.

Касінскі пры дапамозе іншых супрацоўнікаў міліцыі падняў дзіця з калодзежа, пасля чаго пацярпелага даставілі ў Лельчыцкую цэнтральную раённую бальніцу.

З дыягназам «агульнае пераахаладжэнне» ён быў змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне. Цяпер стан хлопчыка ацэньваецца як здавальняючы.

Праз два дні супрацоўнікі Лельчыцкага РАУС наведалі хлопчыка ў бальніцы і пажадалі хутчэй паправіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?