Штотыдзень карэктарка «Нашай Нівы» запісвае тыповыя памылкі, якія яна выпраўляла ў артыкулах рэпарцёраў і пазаштатных аўтараў. Штосерады гэтую падборку яна рассылае супрацоўнікам.

Такім чынам мы стараемся ўзняць культуру мовы.

Праблема ў тым, што са школы і ўнівера людзі выходзяць з нетрывалымі ведамі беларускай. Да таго ж, дамінацыя расейскай мовы ў гарадскім асяроддзі, на радыё і ТВ блытае людзей. Даводзіцца ўвесь час нагадваць правілы.

Мы падумалі, што гэтыя памылкі могуць быць цікавыя і чытачам, якія вучаць мову ці любяць мову. Гэта ж тыповыя выпадкі.

Сёння тут сабраныя памылкі за лістапад. Ад наступнага тыдня такія падборкі будзем выстаўляць штотыдзень.

Форма тлумачэння будзе мінімалістычнай.

• Федзя – Федзевы, Алена – Аленіны (да мужчынаў: -аў, -оў, -еў, -авы, - евы, як Купалавы, бацькаў, Змітроў, да жанчынаў – -ін, -ыны, як бабіны, цётчыны, матчыны, Надзеіны);

Вялікае Княства Літоўскае (усе словы з вялікай літары);

• кардонны (а не картонны, як у расейскай мове);

• карані (мн.л.) і карэнне (адз.л.) (а не карэнні, бо карэнне – зборны назоўнік, ён не мае множнага ліку);

• «Таёта» (а не «Тайота» – як і Нью-Ёрк);

• аблвыканкама, гарвыканкама (канчатак у родным склоне);

• інтэрпал (інтэрнацыянальная паліцыя);

• дырэктараў, сяброў (правільны націск у множным ліку, родным склоне);

• з перад збегам зычных з, с, дз, ц, ж, ш, дж, ч —› са: са сваімі, са шведскай;

• маршруту, Камітэт дзяржкантролю, крызісу, росту – рэйса (правільныя канчаткі роднага склону);

• ярка-чырвоная (пішам праз злучок адценні колеру);

• Кёнігсберг (с, а не з);

• Стоўбцы (а не Стаўбцы, як у расейскай);

• аўтсайдар (па новых правілах, уведзеных у часе апошняй змены правапісу, як і лідар, камп'ютар);

• наконт (= пра – прыназоўнік, пішам яго разам, а не асобна);

• нявысветленыя абставіны (першы склад перад націскам);

• з лёту (як і з маху, з ходу);

• сышлі з прадпрыемства (пакінулі сваё месца, перайшлі на іншае) – зыходзіць (грунтавацца, браць за аснову) з неабходнасці;

• бетон, бетаніраваць;

• неймаверны (а не і);

• Міністэрства сельскай гаспадаркі (назвы міністэрстваў з вялікай літары);

• тры разы на тыдзень, паехаў па выпіўку (а не за выпіўкай);

• у Наваколасаве (Наваколасава – н.р.), як і ў Гродне, Маладзечне (у месным склоне канчатак -е);

• агенцтва (а не -ства);

• алкаголю (канчатак у родным склоне адзіночнага ліку, як і ў іншых рэчываў);

• трохвымерны;

• ніжнякáмскі;

назоўнікі м.р. на -а, -я:

- націск на канчатку: Кузьмá, суддзя, старшыня → стаў Кузьмой, суддзёй, старшынёй;

- націск на аснове: бáцька, дзядуля, мужчына → стаў бацькам, дзядулем, мужчынам;

• вароты адчыняюцца;

• храм Перамянення Гасподняга (лепш чым Праабражэння);

• вобласць, але абласцей;

• ушчуваць (а не сч);

• беларуска-ўкраінскі (злучок не знак прыпынку);

• закòнапраект, пòлітэхнічны (у 2-й частцы націск на 2-і склад, таму О ў 1-й) – гарналыжны (у 2-й частцы націск на 1-ы склад, таму А ў 1-й);

• абодва мужчыны, але абедзве жанчыны і абое яны – мужчына і жанчына – ішлі…;

• баявíк – баевікá (у першым складзе перад націскам пішам я, але калі пры скланенні націск змяшчаецца, то я мяняецца на е);

• пельмені (неславянскага паходжання слова, таму е не пераходзіць у я, як і ў словах балерына, метро);

• прыстаўка сканчаецца на зычны →падышлі, адышлі;

• прыстаўка сканчаецца на галосны → пайшлі, выйшлі, прыйшлі;

• пратэсту, скандалу, візавага рэжыму (канчатак роднага склону);

абвінавачаны – той, каго ўжо абвінавацілі, прызналі вінаватым;

абвінавачваны – той, каму прад’явілі абвінавачанне, але віна не даказаная.

• Трокі (а не Тракай), Вільня (а не Вільнюс), Салечнікі (а не Шальчынінкай), Гайнаўка (а не Хайнуўка)

• субцітры, цітры (а не тытры).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?