Паўстанне 1863 года закранула ўсе слаі насельніцтва Беларусі. Але самыя жорсткія рэпрэсіі царскіх уладаў абрынуліся на шляхту, якая ў большасці сваёй падтрымала паўстанцаў.

Гэта была ўжо не тая шляхта, што ў 1794-м і 1830-1831-м: многія згубілі шляхецтва пасля ўчыненага расейцамі «разбору», частка падалася ў чыноўнікі. Да таго ж, у асяродку шляхты з’явілася багата людзей, якія бачылі вялізную прорву паміж селянінам і панам ды намагаліся яе пераадолець.

Менавіта паўстанне загартавала тых, хто пасля стане ля вытокаў мадэрнай беларускай ідэі: Францішак Багушэвіч, пачынальнік новай літаратуры; Зыгмунт Чаховіч з яго настаўніцкім уплывам на маладога Янку Купалу; Караль Кастравіцкі, бацька Каруся Каганца, які народжанаму ў табольскай высылцы сыну здолеў перадаць пачуццё любові да беларускай мовы…

Гэтым шляхціцам было наканавана застацца жывымі. А колькі карысці маглі б прынесці краю тысячы палеглых у сутычках, дзясяткі пакараных смерцю ды выгнаных. Адзін з самых трагічных лёсаў быў у 20­гадовага Адама Пуслоўскага, які ўсяго пару дзён пабыў паўстанцам.

Аднаднёвы паўстанец Пуслоўскі

Адам два гады вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, пасля ў Кракаве. У 1863-м у роднай вёсцы Сенна на Навагрудчыне ён арганізоўвае атрад, з 29 паўстанцаў якога 12 — сяляне.

Ён быў схоплены 19 красавіка ў бітве пад Налібокамі (сёння — Стаўбцоўскі раён), дзе сышліся для аб’яднання некалькі невялікіх атрадаў агульнай колькасцю ў 150 чалавек. Расейскі атрад на чале з маёрам Слячынскім, які правёў ляснічы, падышлі да паўстанцкага лагера незаўважана і адкрылі агонь. Неабстраляныя паўстанцы падняліся ў атаку. Але віхор куль прымусіў іх адступіць.

На полі засталіся 20 забітых, 5 палонных тут жа, на месцы сутычкі, жорстка катавалі. Пры дапамозе вакольных сялянаў расейцы схапілі яшчэ 30 паўстанцаў. Адама Пуслоўскага 8 ліпеня 1863 расстралялі ў Навагрудку на загад Мураўёва.

Выкуплены Мінейка

Ашмянскі павет, дзе разгортваліся гэтыя падзеі, меў важнае значэнне як для паўстанцаў, так і для расейскіх уладаў — ён быў размешчаны паблізу Вільні і багаты на шляхту. Самі ж Ашмяны праславіліся яшчэ ў паўстанне 1830—1831, калі іх жыхары выбілі з горада расейцаў. За гэта паселішча было спалена, а 500 яго жыхароў царскія войскі выразалі ў дамініканскім касцёле падчас набажэнства.

Пры канцы мая 1863-га вайсковым кіраўніком павета прызначаецца ўраджэнец края Зыгмунт Мінейка, навучэнец інжынернай школы ў Пецярбургу і вайсковай школы ў Генуі, які на вакацыі прыязджаў у родны маёнтак.

Сабраны ім атрад у 70 чалавек быў разбіты атрадам капітана Юзафовіча на балоце каля вёскі Расалішкі побач з ракой Іслач (сёння — Валожынскі раён). У тых Расалішках паўстанцаў ветліва прымалі мясцовыя сяляне.

Першы ж трапны стрэл дэмаралізаваў ненавучаных вайсковай справе паўстанцаў. Не звяртаючы ўвагі на загады Мінейкі, яны пакінулі поле бою, свайго камандзіра і разбегліся па лясах.

Мінейка быў схоплены, моцна пабіты, і яго чакала пятля. Аднак бязлітасны Мураўёў-вешальнік раптам пайшоў на саступкі. Можа, пашкадаваў яго маці, якая прасіла за сына, а можа, узяў пад увагу прывезены ёй вялізны для таго часу выкуп — 9 тысяч рублёў.

Страту замянілі на 12 гадоў прац на нерчынскіх шахтах. Па дарозе на катаргу Мінейка збег у Францыю, затым — у Грэцыю, каб зрабіцца інжынерам, адкрыць знакаміты храм Зеўса ў Дадоне, стаць бацькам 9 дзяцей і дзедам прэм’ер­міністра Грэцыі Андрэаса Папандрэу ды памерці ў веку 85 гадоў.

Закасцянелы і ўпарты мяцежнік

Адным з тых, хто пакінуў Мінейку на полі бою, быў 22-гадовы канцылярскі чыноўнік Ашмянскага казначэйства Адрыян Снадскі з маёнтка Ігнацынава. Ён разам з 40 іншымі збеглымі паўстанцамі далучыўся да атрада «Астоя» братоў Густава і Лявона Чаховічаў, апошні з якіх пасля паразы пад Паставамі быў схоплены, прыгавораны да расстрэлу, замененым імператарам Аляксандрам ІІ 12-гадовай катаргай. У гэтай бітве Адрыян Снадскі зноў уратаваўся і працягнуў барацьбу.

Але 13 жніўня, адпраўлены па ежу, ён натрапіў на расейскі атрад, абараняўся і быў схоплены. Расейцы ахарактарызавалі Снадскага як «закасцянелага і ўпартага ў злосці супраць урада мяцежніка», «па сваёй развітасці, энергіі і даверу, якім карыстаўся ў шайцы, быўшы ў ёй два месяцы, можа ведаць шматлікія акалічнасці, але па сваёй зацятасці нічога не жадаў сказаць, у іранічных жа яго адказах ніколькі не відаць сардэчнага раскаяння і шкадавання да ўчынку яго». Адрыян Снадскі быў расстраляны ў Ашмянах 29 жніўня.

Узаемны тэрор

Пасля Снадскага ў Ашмянах 17 лістапада павесілі Францішка Александровіча і расстралялі Пятра Мацкевіча. У суседніх Альшанах 18 лістапада расстралялі Вінцэнта Ласінскага і павесілі Эдварда Станевіча, дакладна тады ж, калі ў Смаргоні павесілі Францішка Апановіча. Усіх пяцёх пакаралі за забойства мясцовага шляхціча Яна Насевіча, які дапамагаў расейцам.

Тэрор, распачаты ўрадам, адгукнуўся тэрорам з боку паўстанцаў у адносінах да прадстаўнікоў мясцовай улады. Паўстанцы дазнаваліся пра сялян, якія супрацоўнічалі з расейцамі, ды адпраўлялі да іх сваіх «жандараў­вешальнікаў» — фактычна карнікаў. Адной з такіх груп з 19 чалавек, вылучанай з атрада Ланкевіча, кіраваў служачы Варшаўска­Пецярбургскай чыгункі шляхціц Вінцэнт Гзоўскі з Навагрудскага павета. Гэтая група практыкавала спецыфічную форму катаванняў: вешалі, але ў апошні момант зрывалі пятлю і даравалі жыццё. Так быў пакараны селянін вёскі Адуны Францішак Камароўскі. Але не заўсёды група Гзоўскага абмяжоўвалася «выхаваўчымі» метадамі: яе ўдзельнікі павесілі селяніна мястэчка Азёры Гродзенскага павета, дзе пасля на загад Мураўёва быў павешаны і сам Вінцэнт Гзоўскі.

Нязломны доктар Аскерка

Рэпрэсіі, паразы ў баявых сутычках, стомленасць насельніцтва ад ваеннага становішча, саступкі ўладаў на карысць сялянства і грашовае заахвочванне за здачу паўстанцаў зрабілі сваю справу. Паўстанне гасла. Намаганні з дапамогай тэрору падтрымаць полымя барацьбы адцягнула несуцяшальны вынік на некалькі месяцаў.

Каб пазбегнуць чарговай хвалі паўстання, прызначанага на вясну 1864, расейскія ўлады на чале з Мураўёвым паскаралі вынясенне смяротных прысудаў. Амаль 50 пакаранняў у Паўночна­Заходнім краі было здзейснена за першыя 4,5 месяца 1864. Адным з апошніх у гэтым спісе стаіць прозвішча камісара Мінскай і Магілёўскай губерняў Міхала Аскеркі.

Міхал нарадзіўся ў 1836 у Мінску ў шляхецкай сям’і. Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта і быў хатнім лекарам у хворага маршалка Сенненскага павета Юзэфа Свяцкага і Мечыслава Свентажэцкага, з сям’ёю якога меў вельмі добрыя адносіны (за гэта сям’я пазней была сасланая ў Пермскую губерню).

Калі пачаўся яго вышук, Аскерка спрабаваў выехаць на эміграцыю. Але ў пачатку лістапада быў арыштаваны і пад моцным эскортам дастаўлены ў Магілёў. Пасля заканчэння ў снежні 1863 следства, на якім ні ў чым не прызнаўся, нікога не выдаў і ўвогуле адмаўляў удзел у паўстанні, у лютым 1864 адпраўлены ў Вільню. Але і тут метады расейскіх жандармаў на чале з Лосевым не далі плёну.

Таму Аскерку зноў вярнулі ў Магілёў. 4 мая, у Вялікую пятніцу, Мураўёў падпісаў загад аб яго расстрэле. І ўжо 10 мая 1864 а 9 гадзіне раніцы за турэмным замкам на вучэбным пляцы Аскерку расстралялі.

У той жа дзень, вечарам, на просьбу сястры Міхала Канстанцыі прыйшло памілаванне. Але было позна…

***

Васіль Герасімчык

Гісторык. Нар. 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0