Дык што адбывалася цягам тыдня паміж днём выбараў і Днём волі?

У мінулым нумары «Нашай Нівы» была крытычна згаданая назва артыкула «Першы дзень рэвалюцыі», надрукаванага ў нумары за 23 сакавіка. Маўляў, трэба было казаць не аб рэвалюцыі, але аб пратэстах. Між іншым, назву далі ў рэдакцыі – артыкул пачаткова называўся йнакш. Але зьместу артыкулу гэтая назва моцна не сказіла. Проста аўтар гэтых радкоў лічыць, што трэба асьцярожна ўжываць гучныя словы кшталту «рэвалюцыя» ці яшчэ больш прэтэнцыёзнае – «рэвалюцыя духу». Дык што адбывалася цягам тыдня паміж днём выбараў і Днём волі?

Іспыт плошчай

Падзеі апошніх тыдняў сакавіка не ўкладаюцца і ў рамкі акцыяў пратэсту, да якіх усе – і ўлады, і апазыцыя – прызвычаіліся цягам апошніх гадоў. Рэч у тым, што падзеі 19 – 25 сакавіка нібы выйшлі па-за рамкі палітычнага поля, пашырылі яго. Распачаўшыся як мітынг супраць фальшаваньня вынікаў выбараў, пратэст хутка ператварыўся ў нешта больш сур’ёзнае, чым меркаваны выступ апазыцыі.

Адна знаёмая дзяўчына прызналася, што 19-га яна зь сяброўкамі ішла на Кастрычніцкую плошчу як на расстрэл – у літаральным сэнсе слова, – з заміраньнем сэрца. Адолеўшы страх, наступным днём многія маладыя людзі выйшлі на плошчу ўжо ня дзеля таго, каб проста падтрымаць Мілінкевіча ці Казуліна, якія ня здолелі нічога канкрэтнага прапанаваць. Яны выйшлі бараніць не свае галасы, якіх ніхто не лічыў, а сябе, сваю годнасьць і самапавагу. Не яны пайшлі за палітыкамі, але палітыкі, ўражаныя мужнасьцю і бескампраміснасьцю маладых людзей, вымушаныя былі неяк рэагаваць і ўрэшце саступіць маральнаму аўтарытэту нікому не вядомых датуль юнакоў і дзяўчат.

Ніхто з апазыцыі, выглядае на тое, ня верыў у магчымасьць абвяржэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, а тым больш – у паўторныя выбары, ніхто ня верыў у масавасьць пратэстаў ці ў іхную эфэктыўнасьць. Максымум, на што спадзяваліся лідэры апазыцыі, – гэта на рэакцыю Захаду і Расеі. Гэтыя спадзяваньні спраўдзіліся толькі напалову. Ды й дапамога Захаду была абмежаванай, нават дэклярацыйнай.

Але не міжнародная рэакцыя і не прадказальная рэакцыя ўладаў на дзеяньні апазыцыі сталіся галоўным чыньнікам. Галоўнымі сталіся дзеяньні перадавой часткі менскай моладзі. Моладзі палітычна незаангажаванай альбо прынамсі далёкай ад якіх-кольвечы партыйных і грамадзкіх структураў.

Тыя, хто з упартасьцю папугаяў паўтараў словы пра «менскі Майдан», нічога не зразумелі. Яны ня здолелі разгледзець за сьпінамі амапаўцаў і рэпартэраў беларускае Плошчы (дарэчы, у польскіх газэтах зьявілася і атрымала распаўсюд у слэнгу гэтае беларускае слова – толькі з польскім вымаўленьнем). Беларускай Плошчы, канечне, не хапала маштабу й арганізацыі ўкраінскага Майдану, бо тым, хто стаяў у Менску, было ў мільён разоў цяжэй, чым тым, хто выйшаў на плошчу ў Кіеве ўвосень 2004-га. Бо ў менчукоў не было спадзяваньняў на перамогу, не было спадзяваньняў, што сілавікі раптам пяройдуць на бок апазыцыі, не было спадзяваньняў на незалежную прэсу, не было спадзяваньняў на лідэраў апазыцыі, у рэшце рэшт. Ня кажучы ўжо пра недахоп цёплых рэчаў і прыбіральняў.

Жалезны сьмех

Але гэта й не было актам адчаю, прынясеньнем сябе ў ахвяру рэвалюцыі. Кожны з тых, хто прыйшоў на плошчу, паводзіў сябе так, як лічыў для сябе адзіна магчымым і правільным. Інакш кажучы, кожны зь іх зрабіў выбар, які не называўся «Мілінкевіч», або «Казулін», або «супраць Лукашэнкі». Гэты выбар называўся – «я сам». А калі выявілася, што такіх «самых» у Менску ды іншых месцах Беларусі не адзін дзясятак і нават ня сто, сіла кожнага зь іх узрасла шматкроць.

Яе не змаглі адужаць ні спэцслужбы, ні суды, ні турмы. Пачалося тое, што называецца «ланцуговай рэакцыяй».

Называць дзеяньні купкі – сапраўды, ўсяго толькі купкі – юнакоў і дзяўчат камічнымі могуць толькі людзі, пазбаўленыя ня тое што маралі, але пачуцьця рэальнасьці. І ня мае асаблівага значэньня, хто выстаўляе пратэст моладзі ды карныя апэрацыі супраць яе ў камічным сьвятле – БТ, «Советская Белоруссия», альбо «БелГазета». У кожным разе, гэта ёсьць рэакцыя страху. Бо калі нехта перастае баяцца, нягледзячы на ўсе застрашваньні, калі парушаецца «звыклы» парадак рэчаў – тады пачынаюць баяцца тыя, хто страшыць, хто лічыць сябе гаспадарамі жыцьця й чужых душаў. Тады супраць мірнай акцыі «стаяньня» на плошчы кідаюць спэцназ. Гэта ўсё адно, што кідаць супраць кветак у полі танкі ды авіяцыю. У Пэкіне, на плошчы Цяньаньмэнь, танкі ехалі па людзях. У Менску пакуль што абыйшліся СОБРам і тэлебачаньнем.

Але звыклая «карцінка» сьвету аднойчы пачынае разбурацца. І вось ужо над БТ пачынаюць сьмяяцца нават тыя, хто яшчэ нядаўна нічога, акрамя 1-га нацыянальнага, не глядзеў і верыў усяму, што гавораць з тэлеэкранаў. Усьмешка на вуснах кіраўніка, які даводзіць, быццам забарона трансьляцыі беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў прыватнымі кампаніямі ў Літве ёсьць лепшым доказам эфэктыўнасьці дзяржаўнае прапаганды, нагадвае ашчэр пацука, які раптам апыныўся ў яркім сьвятле. У орўэлаўскім сьвеце, як вядома, «чорнае» ёсьць «белым» і наадварот. Але ж сьвет вампіраў і кадаўраў не вытрымлівае сьвятла дня. Ад яго промняў скура нячысьцікаў пакрываецца пухірамі й гнойнымі ранамі.

Асобнай ацэнкі заслугоўвае пазыцыя расейскіх інфармацыйных праграмаў. Зусім сьцісла яе можна характарызаваць так: мы прызвычаіліся жыць у страху й брудзе, дык і вы, беларусы, бярыце тое, што вам даюць, і не рабіце выгляду, быццам вам трэба болей за іншых.

Хістаньні лідэраў

Зразумела, нельга прымяншаць тое, што ўдалося зрабіць апазыцыі за няпоўныя тры месяцы да выбараў. Ёй удалося разварушыць грамадзкую думку ў Беларусі, давесьці хаця б частку праўды да многіх тысяч людзей. І ў той момант, калі апазыцыя спынілася ў сваім руху, палічыўшы сваю задачу ў цэлым выкананай, купка маладых людзей зрабіла яшчэ адзін крок наперад. Яны засталіся на плошчы. Лідэры апазыцыі не змаглі адразу ацаніць усёй важнасьці гэтага кроку, бо яны працягвалі думаць чыста палітычнымі катэгорыямі. Яны разгубіліся ў першы момант гэтаксама, як і ўлада, сталі разважаць над тым, ці карысна ім гэта, ці не. А калі карысна – дык у якой ступені і якія палітычныя дывідэнды можна выціснуць з новай сытуацыі? Адсюль хістаньні Казуліна, які то падтрымліваў моладзь на плошчы, то ўмаўляў іх разысьціся, то сыходзіў сам, то вяртаўся ў самы недарэчны момант – праз дваццаць хвілінаў пасьля «зачысткі», – то крытыкаваў Мілінкевіча за тое, што той, нібыта, правакуе ўлады на рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, то сам адчайна кідаўся на міліцэйскія дубінкі на чале маршу на Акрэсьціна.

Прыхільнікі Мілінкевіча, як вядома, ў сваю чаргу абвінавацілі Казуліна ў правакацыйных дзеяньнях. Адпаведны адказ казулінцаў таксама быў хуткім. І ніхто зь іх, відаць, не разумеў у момант «дыскусіі», што гэтыя разборкі меней за ўсё цікавяць грамадзкасьць. Разыходжаньні паміж экс-кандыдатамі, іхныя выпады й контравыпады цікавілі, хіба, беларускія дзяржаўныя мэдыі ды расейскія СМІ, перад якімі была пастаўленая задача прынізіць і высьмеяць акцыі пратэсту ў Беларусі, выставіць дзеячаў апазыцыі ў выглядзе блазнаў, якія ня могуць падзяліць паміж сабой славу ды грошы. Але яны, гэтыя прыўладныя мэдыі, памыліліся ў сваіх разьліках. Адразу пасьля арышту Казуліна Мілінкевіч пачаў актыўна дамагацца ад уладаў зьвестак пра ягоны лёс і стан здароўя. Але ня лідэры апазыцыі на той момант ужо зрабіліся галоўнымі героямі падзеяў. Імі сталі сотні невядомых юнакоў і дзяўчат, мужчынаў і жанчын, якіх пачкамі дастаўлялі на Акрэсьціна, у Жодзіна ды ў іншыя «выхаваўчыя» інстытуты.

Нешта зьмянілася

Ці можна назваць акцыі пратэсту і масавыя арышты рэвалюцыйнымі падзеямі? У клясычным сэнсе, безумоўна, не. Вядома, што рэвалюцыю, якая прайграла, называюць спробай бунту. Але ж і звычайным бунтам тое, што адбылося ў Менску, не назавеш. Бунт азначае, як правіла, выхад стыхійных пачуцьцяў і інстынктаў натоўпу з-пад кантролю розуму. Таму расейскі паэт назваў некалі бунт бессэнсоўным і бязьлітасным. У таго, што зрабілі менскія хлопцы і дзяўчаты, быў свой глыбокі сэнс. Бязьлітаснымі былі тыя, каму яны процістаялі. Гэта быў вынік усьвядомленага выбару, зробленага пад уплывам нармальных, высакародных чалавечых пачуцьцяў. Калі не ў жыцьці краіны, дык у жыцьці гэтых людзей адбылося нешта надзвычай важнае, чаго ніколі не перакрэсьліць тысячам прапагандыстаў ні за якую зарплату.

Калісьці, у 1968-м, на Красную плошчу ў Маскве выйшлі некалькі чалавек, каб выказацца супраць савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну. Усіх – у тым ліку, паэтку Натальлю Гарбанеўскую, у якой было малое дзіця – імгненна арыштавалі пераапранутыя агенты КГБ. Удзельнікаў пратэсту хутка схавалі ў лягерох на даўгі тэрмін. Іхны ўчынак, з гледзішча прагматыкаў, нічога не зьмяніў і ня мог зьмяніць у тагачасным СССР. Ды ня толькі ў СССР. Манеры спэцслужбаў, як бачым, ня надта зьмяніліся й праз пятнаццаць гадоў па ягоным распадзе.

Але ў сакавіку 2006 г., пасьля падзеяў на Кастрычніцкай плошчы, у беларускім грамадзтве – прынамсі ў частцы яго – нешта скранулася, рушыла зь мёртвай кропкі. Гэтым амаль няўлоўным, неўсьвядомленым да канца адчуваньнем таго, што нешта зьмянілася, мабыць, адрозьніваецца палітычная кампанія вясны 2006 г. ад 11-ці папярэдніх вёснаў.

Ці зробяць зь сёлятняй раньняй вясны свае высновы палітыкі? Ці зьменяцца яны самі, іх мэтады? Чакаць хуткіх і адназначных зьменаў да лепшага было б, напэўна, недарэчна. Ды ўвогуле, калі гаварыць пра палітычныя зьмены, то яны самі па сабе не гарантуюць паляпшэньня жыцьця й росту дабрабыту, справядлівасьці й грамадзкага спакою. Жыцьцё кожнага канкрэтнага чалавека ўвогуле мала залежыць ад грамадзкага ладу ці формы кіраваньня дзяржавай. У кожным разе, можна зрабіць у сваім жыцьці нешта такое, чым будуць ганарыцца дзеці і ўнукі.

Але варта ўсьведамляць – тое, аб чым ідзе гаворка, пакуль што застаецца фактам біяграфіі некалькіх дзясяткаў асобаў. У скрайнім выпадку, гэта можа стаць фактам біяграфіі пакаленьня. Называць тыя або іншыя падзеі гістарычнымі (у чым павінен пакаяцца аўтар гэтых радкоў) сьпяшацца ня трэба. Раздачай ацэнак і падбіваньнем рахункаў хай зоймуцца нашыя нашчадкі. Сёньня ёсьць больш пільныя справы.

Віталь Тарас

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?