06.12.2013 / 15:48

Беларускі раман Наталкі Бабінай выдалі ў Лондане 9

Пісьменніца марыць аб тым, каб раман пра Брэст «Рыбін горад» натхніў англамоўных чытачоў на паездку ў Беларусь.

Кніга, якая ўпершыню пабачыла свет у серыі «Кнігарня «Наша Ніва», выйшла па-ангельску ў друкаваным і электронным выглядзе пад назвай Down Among The Fishes ў лонданскім выдавецтве Glagoslav. Тут таксама выходзілі пераклады «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча і «Хатынскай аповесці» Алеся Адамовіча.

«Сёння Беларусь, якая асацыюецца ў асноўным з асобай прэзідэнта Лукашэнкі, застаецца ўсё яшчэ невядомай для заходняга свету.

Наталка Бабіна піша аб сваёй Беларусі, дзе, нягледзячы на шматлікія стэрэатыпы аб гэтай краіне, людзі насалоджуюцца паўнавартасным жыццём: яны кахаюць, працуюць, шукаюць і знаходзяць шчасце, змагаюцца з абставінамі, смяюцца і плачуць.

Ціхая і сарамлівая, Беларусь аказваецца краінай, напоўненай веліччу, шырынёй духу і гарачымі сэрцамі», – такі тэкст змешчаны ў апісанні да кнігі на сайце выдання.

Аўтарка «Рыбінага горада» Наталка Бабіна распавяла карэспандэнту rest.ej.by, што выданнем кнігі зацікавіўся асабіста дырэктар выдавецтва Glagoslav Максім Ходак, які паходзіць з Украіны.

Перакласці раман на англійскую мову ён прапанаваў беларускай пісьменніцы пасля таго, як гэтая кніга ўвайшла ў шорт-ліст прэстыжнай еўрапейскай прэміі Angelus.

Пераклад выконваў Джым Дынглі, які ў свой час працаваў таксама над англійскім варыянтам кнігі Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь». Спадар Джым сустракаўся з Наталкай Бабінай у Мінску каб абмеркаваць дэталі перакладу.

«Мяне вельмі ўразіла, як ён працаваў над тэкстам. Ён дабіваўся абсалютнай дакладнасці. Праца перакладчыка – яна вельмі складаная. Трэба перакладаць, як гавораць, не мову на мову, а стыль на стыль.

Я, нажаль, не вельмі добра ведаю англійскую мову, і не магу судзіць аб тым, як выглядае гэты тэкст на англійскай мове. Але па тым, што мы сядзелі з Джымам каля васьмі гадзін і здымалі яго пытанні, і па тым, як ён, напрыклад, перакладаў нейкія вершы, якія ёсць у тэксце, падрабязнасці, я зразумела, што гэты тэкст павінен быць удалым.

Што адносна менавіта Брэста, я бачыла, што ён падняў цэлы пласт гістарычнай літаратуры, цэлы пласт нейкіх крыніц, датычных Брэста… Некаторыя яго пытанні нават мяне ставілі ў тупік!», – падзялілася ўражаннямі ад знаёмства з перакладчыкам Наталка Бабіна.

Гэта ўжо трэцяе замежнае выданне рамана «Рыбін горад». Дагэтуль кніга выходзіла ў перакладах на польскую і ўкраінскую мовы. Паводле словаў пісьменніцы, бліжэйшым часам рыхтуецца таксама рускамоўнае выданне кнігі.

На вокладцы выдавецтва змясціла ілюстрацыю беларускага і польскага мастака Эдварда Галустова. «Ён намаляваў яе, прачытаўшы раман.

І мне яна адназначна падабаецца, таму што ў ёй у алегарычнай форме перададзена адна з думак гэтага рамана – пра сувязь пакаленняў, пра тое, што мы ўсе вырастаем з каранёў продкаў. Увогуле я хачу сказаць, што мне вельмі шанцуе з мастакамі, якія ілюструюць мае выданні».

Для беларускай аўтаркі выхад кнігі, у якой дзеянні адбываюцца на Брэстчыне, на англійскай мове – вялікая падзея, бо гэта магчымасць распавесці значнай частцы свету пра сваю малую радзіму: «Мяне вельмі ўзрушыла, калі некаторыя чытачы казалі: «Мы прачыталі ваш раман, і вось мы ехалі побач з Брэстам, альбо побач з Заказанкай (гэта вёска, адкуль я родам), побач з Прылукамі (у якіх дзеянне ў рамане), і мы адчувалі, што гэта ўсё тут адбываецца…»

Для мяне такія водгукі былі вельмі цікавымі. І мне здаецца, што супер-вынікам будзе, калі нехта з англамоўных чытачоў… уявіце: у Англіі, у Амерыцы або Індыі – захоча прыехаць у Брэст, каб паглядзець, дзе адбываліся дзеянні гэтага рамана… гэта будзе супер!»

Але не ў меншай ступені пісьменніцу цікавіць і рэакцыя беларускіх чытачоў на гэтую навіну. «Для мяне вельмі важна, каб брэстаўчане зацікавіліся гэтым фактам: выхадам маёй кніжкі па-англійску. Ведаеце… для мяне Брэст і Берасцейшчына – гэта адзіная крыніца натхнення.

Усё астатняе – гэта проста антураж. Калі б я не нарадзілася на Берасцейшчыне, калі б там я не ўсвядоміла сябе чалавекам, не усвядоміла сваіх каранёў, я б ніколі не стала пісьменніцай. І гэтыя кніжкі ніколі б не з'явіліся.

Менавіта таму для мяне вельмі важна як менавіта на Брэстчыне ўспрымаецца мая творчасць (прабачце за такое пафаснае слова), і ці падабаецца мой раман брэстаўчанам. Я пішу найперш з-за таго, што я родам з Берасцейшчыны», – прызналася Наталка Бабіна карэспандэнту rest.ej.by.

0
zhd / Адказаць
06.12.2013 / 15:54
Віншуем!
0
Мікола / Адказаць
06.12.2013 / 16:36
Віншую пані Наталку з выхадам перакладу. Таксама заўважыў, што вокладкі кніжак вельмі ўдалыя.
0
Любоў / Адказаць
06.12.2013 / 17:15
Дзе можна набыць кнігу па-беларуску? Даўно хачу прачытаць. Папытайце ў мінскіх кнігарнях, напрыклад, у кнігарні ЛогвінаЎ.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру