Трагедыя на дарозе адбылася ў мінулую нядзелю ў Магілёўскім раёне, паблізу вёскі Княжыцы. Аўтамабіль "Форд" збіў чатырох вучняў Княжыцкай школы. 15-гадовая дзяўчына загінула на месцы, астатнія атрымалі цяжкія траўмы. Два хлопцы знаходзяцца ў рэанімацыі, стан яшчэ адной дзяўчынкі медыкі ацэньваюць як стабільны.

Кампанія падлеткаў каля гадзіны ўначы вярталася з дыскатэкі: яны шлі па збочыне і, як належыць, мелі флікеры. Аўтамабіль выязджаў з дарогі, якая вядзе ад аэрапорта на трасу "Мінск—Магілёў" і, відаць, вадзіцель не справіўся з кіраваннем. Аднак замест таго, каб аказаць дапамогу дзецям, вадзіцель з месца здарэння збег. Праўда, яго хутка знайшлі і затрымалі работнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

Віноўнікам страшнай аварыі аказаўся 37-гадовы мужчына, ахоўнік СВК "Авангард". Ён быў п’яны. Як потым высветлілася, напярэдадні раніцай яго ўжо затрымлівалі ў стане алкагольнага ап’янення, аднак праз 15 гадзін, нягледзячы ні на што, ён зноў сеў за руль аўтамабіля, што і скончылася трагедыяй.

Мужчына цяпер затрыманы, аднак ён настойвае на тым, што спаў і нічога не рабіў, бо не памятае. Тым не менш, аўтамабіль з характэрнымі пашкоджаннямі стаяў каля вартаўніцкай, дзе спаў ахоўнік, і ключы былі на месцы. З гэтым давядзецца разабрацца следчым, бо распачата крымінальная справа. Паводле інфармацыі ДАІ Магілёўскай вобласці, за восем месяцаў у рэгіёне затрымана каля 4300 вадзіцеляў, якія кіравалі аўтамабілямі ў стане алкагольнага ап’янення. За 9 месяцаў нецвярозыя вадзіцелі сталі віноўнікамі 80 ДТЗ. Па іх віне 12 чалавек загінулі і больш за сотню атрымалі траўмы і калецтвы.

А ўчастак шашы каля вёскі Княжыцы Магілёўскага раёна апошнім часам атрымаў вядомасць як вельмі небяспечны. Тут узімку маршрутнае таксі, якім кіраваў мінчанін, збіла насмерць двух малодшых школьнікаў, якія пераходзілі дарогу па пешаходным пераходзе, накіроўваючыся ў школу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?