3 2007 года ў Нью-Ёрку штогод выходзіць альманах «Беларус», галоўным рэдактарам і ўкладальнікам якога традыцыйна з'яўляецца Марат Клакоцкі. Змяшчаць свае творы ў альманаху могуць толькі тыя творцы, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі. Сярод аўтараў розных гадоў — Янка Запруднік, Павел Касцюкевіч, Аляксандр Баршчэўскі.
Нядаўна ў свет з’явіўся новы, сёмы выпуск «Беларуса». Што можа зацікавіць чытачоў?
Другая частка нататак Віктара Кавалеўскага (беларуса з Аўстраліі), які падарожнічае па Італіі, Францыі, Германіі, а таксама на радзіме.
Згадкі Цімоха Ліякумовіча з Чыкага пра літаратуразнаўцу Віктара Каваленку.
Пераклады Якуба Лапаткі і Сяржука Сокалава-Воюша, вершы Алега Мінкіна, паэма Макса Шчура.
Але галоўнай разынкай альманаха падаюцца ўспаміны Валянціны Якімовіч. Часы перабудовы і першыя гады незалежнасці, утварэнне БНФ і Коласаўскага ліцэю, асобы Зянона Пазняка і Анатоля Сыса.
А таксама падрабязнасці асабістага жыцця аўтаркі, чые акалічнасці цесна звязаныя з грамадскім і літаратурным жыццём краіны.
«Адразу папярэджу — тэксты ў выданні абсалютна рознага жанрf, узроўню мастацкасці і ведання мовы. Ёсць творы цалкам прафесійныя, літаратурна-мастацкія. Ёсць успаміны. Ёсць падарожныя нататкі. Паэтычныя экспромты, найбольш цікавыя сябрам і знаёмым, чым шырокаму чытачу… Чаго няма – дык гэта абыякавасці, іроніі, спробы схавацца за чужыя думкі і меркаванні».
Гэта водгук Ганны Кісліцынай, які тычыцца папярэдняга выпуску, у большай ці меншай ступені можна і распаўсюдзіць і на новае выданне «Беларуса».