03.10.2007 / 17:02

Мілінкевіч узнагароджаны прэміяй імя Эленбоген, перадае яе Севярынцу 7

Аляксандру Мілінкевічу прысуджаная пачэсная чэская прэмія. Ён вырашыў перадаць яе Паўлу Севярынцу.

Аляксандру Мілінкевічу прысуджаная пачэсная чэская прэмія. Ён вырашыў перадаць яе Паўлу Севярынцу.

Праскае Таварыства міжнароднага супрацоўніцтва прысудзіла Аляксандру Мілінкевічу прэмію за Грамадзянскія заслугі імя Ганны Эленбоген.

“Я разглядаю гэтую ўзнагароду як выдатнае прызнанне намаганняў дэмакратычных сілаў Беларусі па ўсталяванню дэмакратыі і свабоды ў сваёй краіне, — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Я лічу за вялікі гонар перадаць гэтую ўзнагароду Паўлу Севярынцу, выбітнаму маладому беларускаму палітыку, лідэру Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, заснавальніку Маладога Фронту.

На працягу некалькіх год Павал з’яўляецца бліскучым лідэрам беларускай дэмакратычнай моладзі. Ягоныя высокія маральныя прынцыпы - гэта яскравы прыклад патрыятызму, нязломнай волі і веры ў перамогу Свабоды і Справядлівасці. Ягоная адданасць хрысціянскім і дэмакратычным каштоўнасцям, а таксама ягоны ўдзел у адукацыі моладзі надаюць яму вялікі маральны аўтарытэт у вачах як маладога пакалення і ўсёй беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Менавіта з гэтай прычыны Павал стаў аб’ектам пастаяннага перасьледу з боку рэпрэсіўнага апарату сёньняшняга рэжыму. Сьпіс ягоных штрафаў, арыштаў, затрыманьняў і нават крымінальнага перасьледу і прысуду сьведчаць аб ягонай адданасьці, самаахвярнасьці і ўзорнай мужнасьці. Павал таксама зьяўляецца вельмі таленавітым публіцыстам, аўтарам шэрагу кніг і артыкулаў, дзе ён адстойвае ідэі і каштоўнасьці, якія заклікаюць беларусаў да нацыянальнага адраджэньня і пратэсту супраць дыктатуры. Перакананы, што дзейнасьць Паўла можа служыць узорам грамадзянскай пазыцыі і праўдзівасьці як у Беларусі, так і за яе межамі”, — гаворыцца ў заяве Мілінкевіча.

Прэмія імя Эленбоген раней прысуджалася былому прэзыдэнту Чэхіі Вацлаву Гаўлу, былой дзяржсакратарцы ЗША Мадлен Олбрайт, былому каралю Румыніі Міхаю, піяністу Ўладзімеру Ашкеназі. Паводле традыцыі, атрымальнік узнагароды перадае яе маладому чалавеку. Дарэчы, В. Гавал перадаў яе ў 2003 годзе рэдактару “Нашай Нівы” Андрэю Дыньку.

Грашовая частка прэміі складае сёлета 150 тысяч чэскіх кронаў (каля 7500 даляраў).

Павал Севярынец, аказваецца, ад панядзелка ведае, што Мілінкевіч перадаў яму прэмію Эленбоген. “У першую чаргу я вельмі ўдзячны яму. Ён годны чалавек, які заслужыў гэтую прэмію. Яму хапіла мужнасьці, каб узяць на сябе крыж змаганьня з апошняй дыктатурай Эўропы. Мілінкевіч зрабіў тое, што ня мог зрабіць ніводзін беларускі палітык цягам апошніх пятнаццаці гадоў. Ён вярнуў у беларускую палітыку пачуцьце цьвярозасьці, не страціўшы пачуцьця духоўнасьці. Тое, што Мілінкевіч перадае прэмію мне – гэта ўчынак ўганараваньня дзясятка “маладафронтаўцаў”, якія прайшлі праз крымінальныя суды, а таксама стваральнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, якія сутыкаюцца з праблемамі рэгістрацыі і дзеяньня. Вельмі мне прыемна, што прэмію перадалі мне. Дзякуй усім, хто спрычыніўся да гэтага”.

Фота photo.bymedia.net

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

МБ; ЗП

0
Нда... / Адказаць
03.10.2007 / 20:23
Неяк няёмка казаць, але папахвае гэтая справа дурна. Севярынцу, канечне патрэбны 7500 даляров, але ж...
0
іван / Адказаць
03.10.2007 / 20:37
малайчына Мілінкевіч. Годнае рашэньне
0
...Анд / Адказаць
03.10.2007 / 20:48
нда, дурна папахваюць такія каменты
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру