Помнік на магіле Анатоля Сыса да трэцяе гадавіны сьмерці паэта зьбіраецца паставіць скульптар Гэнік Лойка. Камень ужо замоўлены, але на выраб бракуе грошай.

“Я добра ведаў Анатоля, ён лічыў мяне сябрам, — кажа скульптар. — Мы былі знаёмыя з тых часоў, калі ён быў у “Тутэйшых”, а я — у “Талацэ”. У мяне ёсьць скульптура, якую я зрабіў тады для “Тутэйшых”: “Вянок маладым беларускім паэтам”, цяпер яна захоўваецца ў музэі Багдановіча”. І самому Сысу Генік Лойка некалі падарыў невялікую скульптуру “Страцім-лебедзь”: “Памятаеце ягоны верш:

А ты, Страцім, адзін

у эвангельскім небе Радзімы...

Ты ляці. Не глядзі,

ты ж прывык да азёр у ільдзінах”.

Гэнік Лойка ўжо ствараў помнікі па дзеячах культуры. Напрыклад, па Міхасю Стральцову, Міхалу Дубянецкаму. Яго помнік па Сысу — стылізаваны крыж з барэльефам паэта ў цэнтры. Зьверху справа ў цярновым гнязьдзе прымасьцілася птушка, што сымбалізуе сабой «салаўінае сэрца» Беларусі. У ніжняй частцы крыжа — надпіс «Сыс Анатоль» з пазнакай году нараджэньня і сьмерці паэта.

Апроч Лойкі, у конкурсе, зладжаным аргкамітэтам па ўшанаваньні памяці паэта, бралі ўдзел скульптары Алесь Шатэрнік, Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Помнік будзе з чорнага граніту (габро-дыябазу), вагою недзе 800 кг. Камень ужо замоўлены на заводзе «Белгран», што ў менскай Дражні.

«Спачатку яго мусяць разрэзаць, і мы перавязем яго да мяне ў майстэрню, — кажа спадар Лойка. — Менавіта на аплату паслуг заводу і транспарціроўку патрэбныя грошы — усяго паўтара мільёна рублёў. Потым пачнецца ужо менавіта мая праца».

Па словах сябра аргкамітэту, паэта Эдуарда Акуліна, усталяваньне і адкрыцьцё помніку плянуецца да трэцяй гадавіны з дня сьмерці Анатоля Сыса – у траўні 2008 г. у вёсцы Гарошкаў.

Сродкі на на выраб і ўсталяваньне помніка Сысу можна перадаць, зьвярнуўшыся па т.: (017) 284-44-04, 768-56-14 (Эдуард), (029) 955-92-04 (Гэнік).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?