Паўабаронца «Растова» Цімафей Калачоў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі — 2013 па выніках апытання, праведзенага газетай «Прессбол» сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола.
Пра гэта абвясцілі на афіцыйным закрыцці футбольнага сезона — 2013 у Нацыянальнай бібліятэцы. Другое месца заняў форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў. Трэцяе — гулец маскоўскага «Лакаматыва» Ян Цігараў.
У апытанні прымалі ўдзел трэнеры і капітаны нацыянальнай і моладзевай зборных, клубаў вышэйшай лігі, футбольныя спецыялісты, суддзі, а таксама журналісты, што асвятляюць футбольную тэматыку ў друку і эфіры.
Цяперашні рэферэндум стаў 31-м у гісторыі. Першым лаўрэатам стаў у 1983 г. Сяргей Гоцманаў. Аляксандр Глеб прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі шэсць разоў: 2002, 2003, 2005, 2006, 2007, 2008. У 2012 г. у апытанні перамог Рэнан Брэсан.