22-гадовы жыхар Фаніпаля (Мінская вобласць) больш як год таму далучыўся да аднаго з беларускіх аўтамабільных клубаў.

За гэты час пасябраваў з многімі яго ўдзельнікамі, разам з імі гуляў у футбол, браў удзел у іншых клубных мерапрыемствах.

Актыўна кантактаваў на форуме клуба пад нікам Karllson. І калі ў пачатку лістапада на форуме з'явілася паведамленне Karllsonа аб тым, што яго сястра смяротна хворая і знаходзіцца ў адной з клінік Германіі, а для праходжання дарагога курсу лячэння патрэбныя грошы, то многія фарумчане не засталіся абыякавымі і пачалі дапамагаць знаёмаму. Грошы на лячэнне сястры Karllsonа пералічвалі на яго электронныя кашалькі, на мабільны тэлефон, перадавалі пры сустрэчы.

Аўтар паведамлення выказваў удзячнасць сваім дабрадзеям на форуме, рабіў справаздачы аб сумах атрыманых грошай.

Аднак праз нейкі час у некаторых фарумчан з'явіліся сумненні ў тым, што грошы збіраюць для смяротна хворай сястры.

Рэч у тым, што некалькі ўдзельнікаў форуму хацелі дамовіцца аб праходжанні дзяўчынай абследавання і лячэння ў добрай клініцы Германіі, для чаго патрабавалася назва клінікі і нумар яе тэлефона. Karllson не адказваў на гэтыя пытанні, не паведамляў прозвішча бацькоў сястры і іх адрас (гэтыя звесткі ўдзельнікі форуму прасілі, каб аказаць ім падтрымку).

А пасля таго як адзін з іх размясціў фатаграфію дзяўчыны, якая вельмі падобная на сястру Karllsonа, але жыве ў Расіі і цудоўна сябе адчувае, абурэнне наведвальнікаў форуму дайшло да мяжы.

Праз нейкі час і сам Karllson прызнаўся ў тым, што ўсіх падмануў.

Члены клуба звярнуліся па дапамогу ў праваахоўныя органы. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што сапраўды ніякай хворай сястры ў Karllsonа няма, а атрыманыя грошы ён траціў на асабістыя патрэбы.

У дачыненні да аферыста Цэнтральным (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па арт. 209 КК (махлярства), праводзіцца расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?