Перыяд сталіншчыны малюецца нам часам маўклівага жаху, калі начамі чорныя варанкі забіралі ўсіх нязгодных, якія нават не супраціўляліся. Насамрэч, савецкае грамадства актыўна супраціўлялася, і менавіта той гучны або ціхі пратэст заклаў падмурак будучых пераменаў. Пра гэта ў Мінску расказваў французскі даследчык сталінізму Нікаля Вэрт.

Адкуль з'явіліся ўяўленні пра пасіўнасць людзей? Заходнія даследчыкі, якія вывучалі сталінскія часы, звычайна не атрымлівалі дазвол для працы ў архівах (а іх савецкія калегі не маглі аб'ектыўна вывучаць гэтую праблему). Тым часам

ўлады ФРГ рассакрэцілі большасць матэрыялаў, прысвечаных нацызму. Пасля іх вывучэння склалася ўяўленне, што кантроль у таталітарнай Германіі быў абсалютным і цалкам эфектыўным. Таму саветолагі перанеслі гэтыя прынцыпы на Савецкі Саюз.

Сапраўды, супраціў часцей інтэрпрэтуюць яе узброенае змаганнем са зброяй у руках. Яго прыкладаў у СССР няшмат: сялянскія паўстанні, а таксама антысавецкая партызанская вайна ў Заходняй Украіне і Прыбалтыцы, а ў меншай ступені таксама на Захадзе Беларусі. Беларускія гісторыкі ў лепшым выпадку звяртаюць увагу менавіта на такі супраціў (напрыклад, працы Ніны Стужынскай).

 Нікаля Вэрт выступіў з лекцыяй «Супраціў грамадства ў сталінскім СССР» у сталічнай галерэі «Цэх» (у рамках праекта «Еўрапейскае кафе: адкрытая прастора Еўропы»). У адрозненне ад калег, якія будуюць мёртвыя тэарэтычныя схемы, ён зрабіў стаўку на збор фактаў.

У Вэрта, дарэчы, цікавая біяграфія. Два гады (1975-1977) ён выкладаў французскую мову ў мінскім Інстытуце замежных моў. Тады на яго радзіме замест года службы ў войску можна было прайсці грамадзянскую службу за мяжой. Гэтак ён і зрабіў.

Вэрт прызнаецца: «Цэнтр Мінска візуальна выглядае сёння амаль так, якім я яго запомніў у 1970-я гады».

У часы перабудовы Вэрт пэўны час працаваў аташэ па культуры ў французскім пасольстве ў Маскве. А пасля напісаў кнігу «Гісторыі Савецкай дзяржавы».

Верт лічыць узброенае змаганне толькі адным з варыянтаў супраціву. Дарэчы, ён досыць скептычна ставіцца да яго беларускіх праяваў і заклікае не ставіць знаку роўнасці паміж сітуацыяй у Прыбалтыцы і Беларусі.

У Вэрта, між іншым, запыталіся пра стаўленне да айчынных калабарантаў і дыскусіі, якая праходзіла на сайце «Нашай Нівы». У адказ гісторык заклікаў арыентавацца на працы гісторыкаў, а не публіцыстаў.

Даследчык вылучыў яшчэ тры колы супраціву.

Сацыяльнае непадпарадкаванне (або адмова ад супрацоўніцтва).

Яно не прадугледжвала адмаўленне савецкага ладу, а часта з'яўлялася барацьбой за выжыванне (расцягванне калгаснай маёмасці, адмовы выходзіць на працу ў калгасах, прагулы).

Стыхійная крытыка рэжыму,

якая сведчыла пра разыходжанне ў поглядах з савецкай уладай па нейкім пытанні.

Чацвёртае кола — традыцыі, праявы культуры і ладу жыцця, якія ўкаранілася даўно і з'яўляліся для рэжыму чужымі

(святкаванне рэлігійных святаў, захаванне ў вёсках самасуду).

Удзельнікі ўзброенага змагання з Прыбалтыкі і Украіны ўрэшце трапілі ў ГУЛАГ. Але нават там яны стваралі падпольныя арганізацыі зняволеных.Як ні дзіўна, гэтаму паспрыяла рашэнне ўлады.

Бо ў 1948 годзе былі створаны адмысловыя лагеры для асабліва небяспечных зняволеных, у якіх адсутнічалі крымінальнікі. Усвядоміўшы памылку, адміністрацыя спрабавала пераводзіць нацыяналістаў з лагера ў лагер. Але тыя і на новым месцы наводзілі кантакты паміж сабой.

У 1948-1953 гадах у ГУЛАГу адбыліся дзясяткі галадовак і выступленняў, неаднаразова мелі месца спробы ўцёкаў. Цікава, што патрабаванні пераглядзець прысуды і ўстанавіць 8-гадзінны працоўны дзень, якія вылучаліся падчас выступленняў, былі задаволены неўзабаве пасля смерці Сталіна.

У сваёй лекцыі Вэрт вылучыў некалькі масавых формаў непадпарадкавання ў пасляваенныя гады, калі кантроль дзяржавы над грамадствам быў максімальным.

Адна з іх — спекуляцыя. У краіне дзейнічалі тысячы прыватных кавярняў і рэстаранаў (апошнія часта былі замаскіраваныя пад сталовыя). Тысячы жыхароў займаліся нелегальнымі перавозкамі. Абласная партнаменклатура купляла сабе гарнітуры, пашытыя ў прыватных цэхах.

Падчас вайны ўлада ўвяла на прадпрыемствах асабліва драконаўскую дысцыпліну. За самавольны сыход з працы можна было атрымаць ад 5 да 8 гадоў зняволення. Але працоўныя, якія эвакуяваліся разам з прадпрыемствамі на Усход, жадалі вярнуцца ў еўрапейскую частку СССР. Летам 1945 года ў краіне (упершыню пасля 1932-га) пачаліся страйкі. А калі яны былі падаўлены, пачаліся масавыя ўцёкі.

За тры гады агульная колькасць уцекачоў склала некалькі мільёнаў! Прычым кіраўнікі прадпрыемстваў не паведамлялі ўладам пра такія здарэнні. А пракуроры і суддзі імкнуліся не расследаваць гэтыя справы.

Вельмі паказальны і прыклад з рэлігіяй. Згодна з перепісам 1937 года, на піку сталінізму, 57% дарослага насельніцтва назвалі сябе вернікамі. Хоць людзі і разумелі небяспеку такога адказу.

Падчас вайны рэпрэсіі ў дачыненні да царквы аслаблі. Таму ў Саратаўскай вобласці ўлада афіцыйна дазволіла святкаваць Вадохрышча. А дзеля бяспекі падчас купання ў палонцы нават мабілізавала мясцовую міліцыю.

Разважанні і прыклады, прыведзеныя Вэртам, паказваюць, што савецкае грамадства не было маналітным. У СССР пакрысе будаваўся падмурак да зменаў, якія сталі магчымыя толькі пасля смерці «правадыра народаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?