Прэзідэнт Віктар Януковіч абяцаў на працягу сутак прыняць меры для вырашэння крызіснай сітуацыі ва Украіне.
Пра гэта паведаміла вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, піша «Украінская праўда».
«З таго, што я пачула ад спадара прэзідэнта, на працягу 24 гадзін павінна быць нешта зроблена», — адзначыла яна. Эштан удакладніла, што « мы гатовыя прапаноўваць любую падтрымку, якая патрэбна Украіне».
«Мы не будзем умешвацца ў тое, як павінен ісці дыялог, але мы гатовыя аказваць сваю падтрымку», — сказала яна. Пасля сустрэчы з уладамі, апазіцыяй і грамадскасцю яна ўдакладніла, што «ў кароткатэрміновай перспектыве неабходна выйсці на дыялог, а затым падумаць аб доўгатэрміновых планах».
«Я выразна данесла нашу пазіцыю, што так нельга рухацца далей, гэта няправільны спосаб і неабходна выкарыстоўваць дыялог, пры якім людзі змогуць выкарыстоўваць сваё права на мірныя дэманстрацыі, сходы, а не правакаваць сітуацыю, заахвочваць людзей да далейшых пратэстаў», — дадала дыпламат.
Еўракамісар адзначыла, што «вельмі важна вызваліць усіх тых, хто быў арыштаваны, і я сапраўды маю на ўвазе вызваліць». «Я двойчы ўжо абмяркоўвала гэта з прэзідэнтам і ён мне сказаў, што гэта будзе зроблена», — дадала яна.