Удзельнік начной абароны Майдана расказаў, як дэманстрантам удалося адбіцца ад байцоў «Беркута».

Пачалося ўсё з таго, што міліцыянты зламалі частку барыкады. Байцы «Беркута» пралезлі праз пралом і пачалі цясніць людзей шчытамі. Нас першапачаткова было каля дзесяці шыхтоў. Мы выстраіліся ў шыхты і першы націск змаглі адбіць», — расказвае Іван, які ўсю ноч, па яго словах, «штурхаўся» са спецназам.

Іван прыехаў у Кіеў са Хмяльніччыны.

Ноч з 10 на 11 снежня была для яго апошняй на Майдане — трэба вяртацца дадому.

Кажа, што наступ «Беркута» быў нечаканым — у горадзе шмат еўрапейскіх і амерыканскіх дыпламатаў, сама Высокі прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан.

Але а першай уначы з боку вуліцы Інстытуцкай на Майдан рушыла калона спецназаўцаў. Іван гаворыць, што паводзілі яны сябе збольшага карэктна, дубінкі не выкарыстоўвалі.

«Агрэсіі не было, у прынцыпе. Ну… Некалькі шчытоў мы забралі ў іх. Потым вырашылі, што нам гэтыя шчыты не патрэбныя, і вярнулі іх назад «Беркуту».

Але без пацярпелых не абышлося. Двум дэпутатам ад апазіцыі, якія спрабавалі спыніць наступ міліцыянтаў, моцна пабілі галовы. Яшчэ некалькі хлопцаў пацярпелі ў цісканіне.

Праз чатыры гадзіны штурханіны міліцыянты змаглі часткова заняць Майдан і знішчыць некалькі намётаў з харчаваннем і палявымі кухнямі.

У адказ дэманстранты папрабівалі колы ў «КамАЗа», на якім камунальнікі вывозілі захопленае майно з Майдана. «Стаіць зараз у нас гэты «КамАЗ», як помнік», — жартуе Іван.

У выніку міліцыянтам удалося толькі разабраць дзве барыкады ды вывезці з Майдана частку правіянту. На досвітку яны сышлі з плошчы праз рэзкае павелічэнне колькасці рэвалюцыянераў — іх там сабралася некалькі дзясяткаў тысяч.

Усяго праз некалькі гадзінаў мітынгоўцы святкуюць яшчэ адну перамогу — няўдалы штурм «Беркутам» будынка гарадской адміністрацыі, захопленай дэманстрантамі. Замест штурму міліцыянты павінны былі самі ўцякаць з Хрышчаціка, мітынгоўцы нават падпалілі адзін з аўтобусаў, а з вокнаў будынка іх пастаянна палівалі ледзяной вадой.

Кіеўка Вікторыя пра спробу разгону Майдана даведалася толькі а 8-й раніцы, калі прачнулася. Адразу паехала ў цэнтр горада. Таксісты на Майдан усю ноч і раніцу вазілі людзей бясплатна.

Зараз на Майдане Незалежнасці пануе амаль эйфарыя.

«Насамрэч ніякага страху няма. Хутчэй, людзі ўспрымаюць усё як сваю невялікую перамогу. Удалося не пусціць «Беркут» у мэрыю, не дапусціць штурму. Гэта такі невялікі крок наперад, ён узняў людзям настрой».

Зараз у Кіеў людзі едуць з усёй Украіны, барыкады адноўленыя, а прадуктаў прывезлі больш, чым было да начных падзей. «Дэманстрацыя сілы», як ужо паспелі назваць спробу зачысткі Майдана эксперты, хутчэй, натхніла рэвалюцыянераў, чым напалохала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?