Гаворка аб ліквідацыі дысцыплінарнага батальёна пакуль не ідзе. Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі генерал-лейтэнант Сяргей Гурулёў. Паводле яго слоў, штогод у гэтай часці, размешчанай у Мінску, адбываюць пакаранне ад 40 да 80 вайскоўцаў. У 1990-е гады іх колькасць перавышала 500.

Тлумачачы пазіцыю ваенных наконт перспектывы існавання дысбата ў далейшым, С.Гурулёў зазначыў: "Дапусцім, нестатутныя адносіны. Калі маладога чалавека адправіць туды, адкуль выходзяць не выпраўленыя, а якія наадварот працягваюць злачынствы, то гэта, хутчэй за ўсё, будзе дрэнна. Статыстыка такая: тыя хто адбыў тэрмін у дысбаце, а гэта не з'яўляецца зняволеннем — у вайскоўца павялічваецца тэрмін службы, — яны злачынцамі не становяцца. Ніводны з іх не стаў злачынцам, звольніўшыся з арміі". "Дрэнна, што ўчыняецца злачынства, але добра, што мы людзей захоўваем. Няхай нават такмі жорсткім метадам", — сказаў С.Гурулёў.

Дысцыплінарны батальён — цяпер адзіны ва Узброеных сілах Беларусі. Таксама адзінай з'яўляеца і Мінская гарнізонная гаўптвахта, у якой у першым паўгоддзі 2007 года адбылі пакаранне больш за 960 вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў мінскі ваенны камендант палкоўнік Анатоль Грыцаў.

"На гарнізоннай гаўптвахце ўтрымліваюцца вайскоўцы, арыштаваныя ў дысцыплінарным парадку, якія знаходзяцца пад следствам, а таксама асуджаныя судом за ўчыненыя злчынствы, — паведаміў А.Грыцаў. — Гаўптвахта мае вельмі важнае выхаваўчае значэнне. Як правіла, тыя, хто адзін раз пабываў, паўторна воінскую дысцыпліну не парушаюць. І да нас не трапляюць".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?