Законапраект прынялі дэпутаты палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Архіўнае фота, grodnonews.by.
Дэпутаты палаты прадстаўнікоў 12 снежня прынялі ў першым чытанні законапраект, які ўводзіць дзяржаўную пошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.
Як зазначыў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, «нягледзячы на палярнасць меркаванняў наконт увядзення пошліны, варта прызнаць, што яна шырока прымяняецца ў свеце». Паводле яго слоў, пошліна будзе брацца з усіх уладальнікаў транспартных сродкаў, як фізічных, гэтак і юрыдычных асоб. Ільготы пры збіранні пошліны закрануць толькі спецыяльныя транспартныя сродкі для інвалідаў, МНС, хуткай дапамогі і грамадскага транспарту.
Велічыня пошліны будзе дыферэнцыяваная ў залежнасці ад віду і масы транспартнага сродку.
Яе памер складзе ад 3 да 25 базавых велічыняў, у тым ліку для фізічных асоб на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічыняў.
Прадугледжана самастойная выплата пошліны да моманту праходжання тэхагляду.
Як паведаміў Харкавец, запланаваныя даходы ад збірання пошліны складуць 1,6 трлн. рублёў. Гэтыя сродкі будуць размеркаваныя пароўну паміж рэспубліканскім і мясцовым бюджэтамі і накіраваны на рамонт і будаўніцтва аўтадарог.
Законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, падаткаабкладання і адміністрацыйнай адказнасці» таксама прадугледжвае:
- захаванне дзейных ставак падаткаў на дададзены кошт і прыбытак;
- адмену льготы па ПДК пры аказанні паслуг паштовай сувязі;
- замену амартызацыйнай прэміі інвестыцыйным вылікам пры налічэнні падатку на прыбытак;
- увядзенне асабовага парадку падаткаабкладання ў выглядзе адзінага падатку на пастаўлены ў абавязак даход для мікраарганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць па аказанні паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатранспартных сродкаў;
- устанаўленне адміністрацыйнай адказнасці за несвоечасовую рэгістрацыю транспартнага сродку, а таксама непадаванне транспартнага сродку для дзяржаўнага тэхнічнага агляду ці кіраванне транспартным сродкам, які не прайшоў тэхагляд.