12.12.2013 / 16:51

Мінтранспарту: Сістэмай BelToll не задаволеныя 2% карыстальнікаў 4

Колькасць незадаволеных карыстальнікаў платных дарог Беларусі не перавышае 2% ад агульнай колькасці зарэгістраваных у сістэме BelToll.

Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Яўген Ракала, паведамляе БЕЛТА.

«Мы сумесна са службамі тэхнічнага аператара правялі аналіз і высветлілі, што на сёння прыблізна са 150 тыс. прыкладна толькі 1-2 % — гэта карыстальнікі, якія звярнуліся з прэтэнзіямі і былі з чымсьці не згодныя», — удакладніў ён. Гэты працэнт, на яго думку, сведчыць аб тым, што сістэма на сённяшні дзень працуе стабільна.

Спецыяліст распавёў, што ад карыстальнікаў, сапраўды, паступае пэўная колькасць скаргаў і прэтэнзій: хтосьці не згодны з выстаўленымі актамі парушэнняў па збіранні платы ў павялічаным памеры, хтосьці — з наяўным парадкам збірання платы.

Скаргі паступалі ў ДУ «Белаўтастрада», Транспартную інспекцыю і непасрэдна ў Мінтранс, у тым ліку грамадзяне прыходзяць на асабісты прыём.

«Часцей за ўсё гэта адбываецца з-за таго, што чалавек не дачытаў, не разабраўся з інструкцыяй, не там замацаваў бартавую прыладу або не папоўніў своечасова баланс», — заўважыў Яўген Ракала.

Кіраўнік упраўлення канстатаваў, што менш за ўсё пытанняў узнікае ў перавозчыкаў-прафесіяналаў, якія знаёмыя з аналагічнымі сістэмамі, якія дзейнічаюць у Еўропе.

У сваю чаргу менеджар па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю аператара сістэмы BelToll ЗТАА «Капш Тэлематыка Сервісіз» Сяргей Буры запэўніў, што ў кампаніі прымаюць абсалютна ўсіх.

«Мы абавязкова разбярэмся з усімі. Камусьці спатрэбіцца надаць больш часу, чыясьці сітуацыя з'яўляецца больш складанай і патрабуе дэталёвага разгляду, але тым не менш выпадкі ўсіх перавозчыкаў, за якімі маюцца парушэнні карыстання платнымі дарогамі, кампанія-аператар разгледзіць», — паабяцаў ён.

Пры гэтым ён адзначыў, што кожны выпадак разбіраецца індывідуальна. «Людзі кажуць, што ўсё дрэнна і ва ўсіх так, але калі мы пачынаем паглыбляцца, то высвятляецца, што ў кожнага свае асаблівасці, напрыклад, кіроўцы незаконна мянялі бартавыя прылады або хтосьці безадказна падышоў да арганізацыі працэсу перавозак — ва ўсіх свае праблемы», — рэзюмаваў Сяргей Буры.

BelToll — гэта электронная сістэма збору платы за праезд, якая заснавана на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях, якая дазваляе спаганяць зборы з карыстальнікаў дарогі без прыпынку транспартных сродкаў.

У цяперашні час сістэма ахоплівае 815 км беларускіх дарог. Уладальнікам электроннай сістэмы збору платы за праезд па аўтатрасах з'яўляецца ДУ «Белаўтастрада».

Кіруе працай BelToll ў Беларусі кампанія-аператар ЗТАА «Капш Тэлематыка Сервісіз», у задачы якой уваходзяць забеспячэнне належнага функцыянавання сістэмы і ажыццяўленне ўсіх неабходных функцый, звязаных з яе дзейнасцю.

Кантралюе спагнанне збораў на платных аўтамагістралях ДУ «Транспартная інспекцыя».

Кліенты пра рэгістрацыю датчыка на платныя аўтадарогі: Жудасна нязручна!

0
Міхась-Бялыня / Адказаць
12.12.2013 / 17:04
1-2% - ЛУХТА. Незадаволеных адсодкаў 40-50. А тых хто робіць гэта ў першы раз - 70-80%.
0
Австрияк / Адказаць
12.12.2013 / 17:09
))))))))))) ну это как и президентом, мы в курсе....
0
Ездок / Адказаць
12.12.2013 / 18:13
Чего он брешет про аналогичные системы в Европе? Там или виньетку купил, или на пункте оплаты заплатил и дальше поехал. У нас эта система сделана для того, чтобы снять как можно больше штрафов за неправильное использование с иностранцев, потому что особенно те, кто едет транзитом, не поедут потом в Минск разбираться в случае несогласия. Нищебродское выбивание денег.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру