«Наша Ніва»: Што стала апошняй кропляй для падобнага звароту, такая сітуацыя ж не першы год існуе?

Валянцін Стэфановіч: Я пра гэта даўно думаў. Я сам адношуся да беларускамоўных, дзеці мае наведвалі беларускамоўны садок, а цяпер вучацца ў беларускамоўнай школе. І мне хацелася задаць пытанне прадстаўнікам дзяржаўных органаў: «Чаму заканадаўства ў Беларусі фактычна адсутнічае на адной з дзяржаўных моваў?» У той час, калі Канстытуцыя гарантуе роўныя статусы абедзвюм.

На практыцы гэта прыводзіць да парушэння правоў грамадзянаў, якія карыстаюцца беларускай мовай, у тым ліку ў судах. Гэта ўскладняе абарону сваіх правоў і інтарэсаў. Суды не могуць і не праводзяць працэсы па-беларуску, бо проста адсутнічае заканадаўчая база на мове. Чаму ў судзе я павінен карыстацца не афіцыйнымі перакладамі законаў, а сам іх неяк перакладаць?

Грамадзянам краіны гарантуецца права свабодна карыстацца і выбіраць мову зносінаў. А практыка выглядае па-іншаму. Таму артыкул 7 закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» («Акты дзяржаўных органаў прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах») не адпавядае Канстуцыі. Павінен быць заканадаўча замацаваны абавязак выдаваць акты заканадаўства, нарматыўна­прававыя акты на беларускай і рускай мовах.

Я зыходжу з таго заканадаўства, якое на сёння ў краіне ёсць. І яно на маім баку. А калі мы не будзем настойваць на вяртанні беларускай у сферу дзяржаўнага ўжытку, цяжка казаць пра дзяржаўны статус беларускай мовы. Статус толькі ў тым, што па-беларуску прыпынкі ў метро абвяшчаюць?

Чаму дзяржава зыходзіць з прынцыпу, што ўсе разумеюць па­руску? Калі мы будзем карыстацца такім аргументам, можа, тады і не трэба, каб беларуская была дзяржаўнай?

«НН»: Па-­вашаму, у чым прычына, што прадстаўнікі дзяржорганаў не карыстаюцца беларускай?

ВС: Гэта не пытанне разумення­-неразумення мовы. У школьнай праграме ёсць беларуская мова. Кожны чалавек з сярэдняй адукацыяй павінен валодаць ёй. І калі людзі, у прыватнасці чыноўнікі, заяўляюць, што яны не разумеюць беларускую, у мяне паўстае пытанне адносна іх адукацыйнага ўзроўню. Але паводле закона, кожны чыноўнік павінен валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёмах, дастатковых для выканання ім службовых абавязкаў.

Я планую яшчэ паставіць пытанне перад кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі. Калі мы гаворым пра дзве дзяржаўныя мовы, то чаму няма паўнавартаснага канала на беларускай мове?

«НН»: Які механізм разгляду Вашага звароту?

ВС: Я разумею, што не адношуся да тых суб’ектаў, якія могуць ініцыяваць разгляды ў КС на адпаведнасць Канстытуцыі тых ці іншых заканатворчых актаў. Я толькі карыстаўся сваім правам звяртацца ва ўсе дзяржорганы. Хаця практыка КС паказае, што ён часам прымаў рашэнні і па звароце грамадзянаў. Разумеючы тое, што па фармальных прычынах мне могуць адмовіць, я зварот прадубляваў у Палату прадстаўнікоў, Савет рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Савет Міністраў, прэзідэнту. Іх я прашу скарыстацца правам і звярнуцца ў КС па моўным пытанні.

«НН»: На ўласным праваабарончым вопыце сутыкаліся з суддзямі, пракурорамі, якія вялі працэсы па-беларуску?

ВС: Сутыкаўся. У Вярхоўным судзе ніякіх праблем у правядзенні судовых працэсаў па­беларуску не ўзнікае. Працэс ліквідацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» ў 2003 суддзя Валяніна Кулік правяла на беларускай мове. І наступныя суды па абскарджванні рашэнняў Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе па адмове ў рэгістрацыі нашай арганізацыі пад іншымі назвамі таксама праходзілі на мове. І суддзя нават абавязаў Мінюст перарабіць дакументы па-беларуску.

Мы заявілі, што размоўнай рускай мовай валодаем, але кепска разумеем, што тычыцца працэсуальных дакументаў і заканадаўства. І прадстаўнікі Мінюста ўдзельнічалі ў працэсе па-беларуску, той жа знакаміты Аляксандр Харытон выдатна ўмее па-беларуску. Я не закранаю сутнасці таго, што там адбывалася.

У судах вышэйшай інстанцыі акурат праблемаў няма. У свой час Рыгор Васілевіч, калі быў старшынёй Канстытуцыйнага суда, выступаў за пашырэнне беларускай мовы, у тым ліку ў судах раённага ўзроўню. Юрыдычная лексіка распрацаваная, ёсць слоўнікі.

***

«Бортправаднікі валодаюць беларускай мовай у аб’ёме, неабходным для выканання імі службовых абавязкаў, і пры звароце на беларускай мове бортправаднік павінен размаўляць з пасажырам адпаведна», — афіцыйны адказ кампаніі «Белавія» з такім тэкстам апублікаваны ў фэйсбуку журналісткі Адар’і Гуштын. Яна звярталася ў авіякампанію з падзякай за выкарыстанне беларускай мовы пры агучванні інфармацыі на борце рэйсаў «Белавія», аднак заўважыла, што некаторыя бортправаднікі не разумеюць беларускую мову, у прыватнасці, такія простыя словы, як «кава» ці «часопіс»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?