14 снежня 1993 года шклоўскі дэпутат выбухнуў інфармацыйнай бомбай і пачаў сваю першую прэзідэнцкую кампанію, паведамляе «Еўрарадыё».

20 гадоў таму, 14 снежня 1993 года, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню праславіўся на ўсю краіну, выступіўшы ў парламенце са скандальным антыкарупцыйным дакладам. Пачынаў вельмі рамантычна і патрыятычна.

«З такой спустошанасцю ў душы ад таго, што адбываецца ў дзяржаве, ад бязмежжа. З трывогай за лёсы дзяржавы і яе грамадзян», — гаворыць будучы першы і пакуль адзіны прэзідэнт Беларусі.

Выступ дэпутата Лукашэнкі транслюецца па тэлебачанні, а праз два дні друкуецца ў «Народнай газеце», заняўшы цэлыя тры паласы. Гэта першая ў найноўшай гісторыі Беларусі інфармацыйная бомба. Настолькі выбуховая, што тагачасны кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч праз дзень трапляе ў шпіталь з гіпертанічным крызам.

А пра «адважнага і бясстрашнага» Лукашэнку гавораць на кухнях і ў чэргах. І ўсяго праз паўгода выбіраюць прэзідэнтам замест запланаванага Кебіча. Як яго было не выбраць, калі дэпутат Лукашэнка выкрыў усе заганы ўлады? Напрыклад, расказаў пра прыгрэтыя месцы для… сыноў асобных вертыкальшчыкаў.

«І любячы тата (намеснік кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама Гіруць. — Еўрарадыё) дапамог сыночку і з памяшканнем для офіса, і з гаражом, і з крэдытамі. Аднак выгадаваны ў духу новага мыслення Гіруць-малодшы вытворчасцю займацца не стаў, а сканцэнтраваў усю сваю кіпучую энергію на пасярэдніцтве і гандлёва-закупачнай дзейнасці».

Такіх прыкладаў Лукашэнка ў сваім дакладзе прыводзіць адразу некалькі. Вельмі ўжо не падабалася шклоўскаму дэпутату звычка чыноўнікаў прыграваць сваіх сыноў і дачок. Акрамя таго, Лукашэнка ў 1993 годзе ярасна крытыкуе саму сістэму, што парадзіла карупцыю і фінансавыя злачынствы. Прычыны гэтага, на думку маладога Лукашэнкі, у… дзяржаўнай манаполіі, інфляцыі і «адсутнасці яснасці з валютай».

«Умовы для разнастайных фінансавых злоўжыванняў — унікальныя. Таварная вытворчасць — манаполія дзяржавы, а абслугоўвае яе сістэма камерцыйных банкаў. І яшчэ, натуральна, інфляцыя і адсутнасць яснасці з валютай і датаваныя кошты».

Добра знаёмая сучаснай Беларусі карціна. Толькі выступіць з антыкарупцыйным дакладам больш няма каму.

У антыкарупцыйным дакладзе дэпутата Лукашэнкі шмат прозвішчаў. Большасць ужо забытыя, часу прайшло шмат. Але ёсць і знаёмыя. Можна сустрэць, у прыватнасці, нават прозвішча… Мясніковіча. У 1993 годзе Лукашэнка абвінавачваў яго ў пратэкцыі міністру фінансаў. Маўляў, яго незаконна ўключылі на хлебную пасаду ў савеце «Белзнешэканомбанка».

«Як высветлілася, міністра (фінансаў. — заўв. Еўрарадыё) Янчука ўпаўнаважыў правам увайсці ў савет першы намеснік кіраўніка Саўміна Міхаіл Мясніковіч… Такія дзеянні — гэта парушэнне закона… Далей, як гаворыцца, ехаць няма куды».

Як аказалася — ёсць куды. За дваццаць гадоў Міхаіл Мясніковіч не толькі не пабываў за кратамі за «парушэнне закона», але нават зрабіўся прэм’ер-міністрам, дзе нядрэнна пачуваецца і зараз.

Прайшоўся будучы прэзідэнт і па апазіцыянерах. Абвінаваціў у валоданні іншамаркамі і ў замежным фінансаванні. Дэпутат ад БНФ Сяргей Навумчык нават быў вымушаны апраўдвацца ў той самай «Народнай газеце».

«Іншамаркі. Так, у дэпутата Навумчыка і дэпутата Заблоцкага ёсць іншамаркі. Але гэтым іншамаркам па 15 гадоў… Я з усёй адказнасцю кажу — ніякія замежныя фонды, у тым ліку і нашы, апазіцыю не фінансуюць. Я падкрэсліваю: ніякія замежныя фонды апазіцыю БНФ не фінансуюць, ні капейкі, ні цэнта».

Праз 20 гадоў Навумчык рэгулярна адказвае сваім апанентам у «Фэйсбуку», а на іншамарцы ездзіць ужо сам Лукашэнка. Гаворыць, што на падоранай.

Тым не менш ёсць у антыкарупцыйным дакладзе Лукашэнкі і такое, што сёння падаецца сапраўднай фантастыкай. Вось, напрыклад, гісторыя пра карупцыю на Мінскім аўтазаводзе:

«Да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца два кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў МАЗа, якім давалі хабар за пазачарговы продаж грузавікоў…».

Вясёлыя былі часы для Мінскага аўтамабільнага завода. Зараз яго маркетолагі самі стаяць у чарзе па пакупнікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?