«Так, ён знаходзіцца ў Вілейцы, – пацвердзіў «Нашай Ніве» ксёндз Юрый Санько. – Адразу, як вызвалілі».

Праўда, в.а. прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі не ведае, ці знаходзіцца ксёндз Лазар пад наглядам спецслужбаў.

У Вілейцы святар будзе служыць у касцёле Узвышэння Святога Крыжа.

Вілейка — горад у Мінскай вобласці, за 100 км ад Мінска. Пробашчам у касцёле Узвышэння Святога Крыжа служыць ксёндз Аляксандр Барыла — дэкан Вілейскага дэканата, з сям'і, якая дала некалькі ксяндзоў.

У верасні, між іншым, храм адзначыў стагоддзе.

Тут служаць два ксяндзы, але трэба ездзіць і ў навакольныя касцёлы, дзе няма святароў.

Таму ксяндза Лазара прыслалі дарэчы, як адзначылі прыхаджане.

Ксёндз-дэкан Аляксандр Барыла не стаў каментаваць прызначэнне новага святара, а накіраваў «Нашу Ніву» звяртацца ў курыю.

Нагадаем, пра арышт Уладзіслава Лазара 26 ліпеня першым ускосна паведаміў Лукашэнка.

Па яго словах, супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў касцёла. Пазней стала вядома, што святара вінавацяць у перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцей чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. Ён абвінавачваецца паводле п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве), што прадугледжвае тэрмін пакарання ад 7 да 15 гадоў. Кс. У. Лазар ўтрымліваўся ў турме СІЗА КДБ у Мінску. 

Яго вызвалілі 3 снежня пад падпіску пра нявыезд. Але расследаванне працягваецца.

«Было прынята рашэнне, што падчас следства, якое яшчэ працягваецца, святар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэння і дзеяння, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленні міліцыі», — пасля вызвалення паведаміла Апостальская Нунцыятура.

Нунцыятура і епіскапат захоўвалі маўчанне адносна гэтай далікатнай справы, нават не паінфармавалі, дзе знаходзіцца кс. Лазар. Але епіскапы раней заклікалі вернікаў маліцца за ксяндза Лазара ў нядзелю, што можна было расцаніць як перакананасць у яго невінаватасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?