У казурак, ну, кшталту матылькоў, няма доўгатэрміновай памяці.

Таму яны, умоўна кажучы, пакуль ляцяць з кветкі «В» на кветку «С», забываюць шлях з кветкі «А» на кветку «Б». А некаторыя матылькі жывуць пару дзён і таму фізічна не ў стане зразумець, што такое, напрыклад, змена паравін году. Адны з іх»упэўнены» што заўсёды пахмурна, другія - што заўсёды сонечна. Далёка не кожнаму матыльку выпадае заспець і ноч, і дзень, і спёку і дождж. Убачаць снег адзінкі.

Дзіўная штука, але многія гомасапіенсы, падобна, таксама не маюць доўгатэрміновай памяці. Яны кажуць: «Іх ніколі так не запужаць, як «нас»… «Беларусы ніколі не змагаліся за незалежнасць»…

«Мы памяркоўныя і талерантныя»… «У нас ніколі так не было, як ва Украіне цяпер»…

Хаця, калі узгадаць падзеі нават не 100—150-гадовай, а 10—15-гадовай даўніны, становіцца ясна, што справа не ў тым, што так не было. Было. А справа ў тым, што цяпер інакш з аб'ектыўных прычынаў. Але думаць пра гэта – непрыемна. Прыемна, устаўшы ў весь іспалінскі рост, безапеляцыйна заяўляць пра кепскі біялагічны матэрыял нашага народца.

Скажы пра нікчэмнага беларуса, і нехта згодна піскне з боку Літвы

(падвёўшы твой тэзіс пад дарэчна знойдзеную летапісную базу), і прапануе залічыць піск за лайк, патрасаючы штандарам з «літоўскім нацыянальным героем» Костасам Калінаўскасам.

Так. Украінцы — мужныя людзі. Апора Еўропы, у якой падгнівае кастыль Джона Сільвера. Я чуў. Але чаму яны атрымалі незалежнасць у той жа дзень і ў тым жа месцы, што і мы? Чаму не раней? Чаму не ў Кіеве?

Быццё вызначае свядомасць. Немцы, перш чым пачаць у прамысловых маштабах пісаць даносы ў Штазі «на суседа», лічылі сябе няскораным народам. Звышчалавекамі. Але адпаведны рэжым дапамагае чалавеку прайсці самыя нечаканыя метамарфозы. Савецкая акупацыя расплюшчыла немцам вочы на бліжняга дастаткова хутка, ці не так?

Так што — прыемна быць няскораным звышчалавекам і пайсці ў смяротны бой. Але што рабіць, калі смяротны бой ты прайграеш і пры тым не паспееш героем загінуць?

Памяць – карысная.

З другога боку, падобна матылькам, нам вельмі хочацца мераць тысячагадовую гісторыю краіны нават не сваім жыццём, а некалькімі гадамі свайго жыцця, якія мы самі назначаем часам даследавання.

Скажам, калі чалавек-матылёк з пубертату і да 25 гадоў не убачыў тут рэвалюцыяў, ён робіць высновы, што рэвалюцыяў у Беларусі а) няма, б) не было с) не будзе. Прычым, паколькі чалавеку ўвесь час трэба дзяліцца сваімі заключэннямі, то і час даследавання ў яго пастаянна мае прыблізна адзін інтэрвал (скажам, гадоў 10), але пункт адліку ссоўваецца па меры старэння даследвальніка, і час, які з «даследавання» выпадае, начыста забываецца.

Скажам, у 1980 годзе такі чалавек скажа, што беларусы ніколі не жылі свабодна. У 1993 на мітынгу ён пракрычыць, што мы ніколі не жылі заможна. А ў 2013-м скажа, што беларусы ніколі не мітынгавалі.

Мы з матылькоў пераўтвараемся ў вусеняў — вось што парадаксальна насамрэч. Вось што хочацца забыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?