Напярэдадні зімовых свят МНС папярэджвае грамадзян пра рызыкі пры куплі, захоўванні і выкарыстанні піратэхнікі.

У паведамленні, размешчаным на ведамасным сайце, МНС рэкамендуе купляць піратэхнічныя вырабы толькі ў спецыялізаваных магазінах ці аддзелах.

Пры куплі трэба запытаць у прадаўца сертыфікат адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы піратэхнічных вырабаў»; звяртаць увагу на тэрмін прыгоднасці (як правіла, піратэхніка не захоўваецца больш за тры гады) і інструкцыю (абавязкова на беларускай ці рускай мове).

Захоўваць піратэхніку трэба ў сухім памяшканні, без якіх-небудзь крыніц агню. Нельга трымаць такія вырабы і каля батарэй ацяплення.

Для захоўвання піратэхнікі не падыдзе балкон ці кухня: у першым выпадку выраб можа адсырэць, у другім — перагрэцца і спрацаваць самаадвольна.

МНС таксама нагадвае, што дома можна выкарыстоўваць толькі самыя простыя хлапушкі, астатнія піратэхнічныя вырабы — выключна на вуліцы.

«Каб піратэхніка замест яркіх уражанняў не пакінула непрыемныя ўспаміны», ратавальнікі рэкамендуюць: строга выконваць інструкцыю; не разбіраць піратэхнічныя вырабы і не падвяргаць іх механічным уздзеянням; не запускаць пры моцным ветры; не курыць пры працы з піратэхнікай; не накіроўваць яе ў бок людзей; не насіць у кішэнях.

У перыяд мінулагодніх зімовых свят, з 25 снежня па 4 студзеня, з-за парушэння правіл бяспекі пры ўжыванні піратэхнічных сродкаў у Беларусі адбылося 18 няшчасных выпадкаў, траўмы атрымалі 19 чалавек, у тым ліку сем дзяцей.

Як паведамлялася раней, з 9 снежня ў Мінску праводзіцца аперацыя па спыненні незаконнага абароту піратэхнічнай прадукцыі.

Рэйдавымі праверкамі былі правераныя ўсе без выключэння гандлёвыя кропкі горада, у тым ліку буйныя рынкі. Супрацоўнікі міліцыі будуць працаваць як у форменным абмундзіраванні, так і ў цывільным адзенні.

Аперацыя працягнецца да 9 студзеня, але рэйдавыя мерапрыемствы працягнуцца да канца зімы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?