Фота 112.by

Фота 112.by

Фота 112.by

У выніку ўчарашняй аварыі на трубаправодзе па вуліцы Чапаева, 5, у Мінску жыхары 96 дамоў паўдня мелі праблемы з водазабеспячэннем.

Як піша сайт МНС, паведамленне аб аварыі паступіла 14 снежня ў 15.00 ад выпадковых прахожых.

«Падчас разбору было ўстаноўлена, што адбыўся разрыў магістральнага вадавода халоднага водазабеспячэння дыяметрам 900 мм, у выніку чаго адбылося паніжэнне ціску ў сістэме халоднага водазабеспячэння ў 96 жылых дамах па 16 вуліцах горада (поўнага адключэння халоднага водазабеспячэння ад спажыўцоў не было)», — паведамляе МНС.

Для жыхароў кватэр, дзе водазабеспячэнне адсутнічала, УП «Мінскводаканал» арганізавала падвоз халоднай вады пяццю цыстэрнамі.

Да 21.00 ціск вады ў спажыўцоў быў адноўлены да неабходнага ўзроўню.

З-за вады, якая выцекла з пашкоджанага трубаправода, адбыўся намыў грунту на трамвайныя рэйкі, у выніку чаго трамвай маршрута № 7, які ехаў з пасажырамі, сышоў з рэек пярэднімі коламі.

Людзі не пацярпелі, трамвай быў пастаўлены на рэйкі аўтакранам і адпраўлены ў трамвайны парк.

Рух трамваяў не спыняўся — яго арганізавалі па аб'язным маршруце, паведамляе МНС.

У выніку аварыі былі падтопленыя адкрытая пляцоўка для разгрузкі гіпсавага каменю ААТ «Белгіпс» па вул. Казлова, 24, першы паверх адміністрацыйнага будынка РУП «Жылкамунтэхніка» па вул. Чапаева, 4, і паркінг адміністрацыйнага будынка бізнес-цэнтра «Вікторыя Плаза» па вул. Платонава, 1б.

Мяркуецца, што прычынай аварыі стала «старэнне матэрыялу вадавода», паведамляе МНС. На месцы аварыі працягваюць працаваць аператыўныя групы падраздзяленняў МНС гарадскога ўпраўлення і Партызанскага раёна.

Чакаецца, што пашкоджаны вадавод будзе адноўлены да 21.00 15 снежня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?