04.10.2007 / 13:16

Шокавая тэрапія прыходзіць у Беларусь 2

Афіцыйныя СМІ больш не называюць прыватных гандляроў «вашывымі блохамі». Калгасы перасталі быць «сьвятарнай каровай» рэжыму. Савецкая сыстэма льготаў рэарганізуецца ў сыстэму адраснай падтрымкі. І — амегачкі! — дзяржаўныя чыноўнікі загаварылі пра дыскрымінацыю роднай мовы…

Афіцыйныя СМІ больш не называюць прыватных гандляроў «вашывымі блохамі». На тэлебачаньні гаворка вядзецца пра нежаданьне ўчорашніх «тарбэшнікаў» рэфармаваць і разьвіваць свой уласны бізнэс. Калгасы перасталі быць «сьвятарнай каровай» рэжыму. Адсталым гаспадаркам будзе адмоўлена ў датацыях. Савецкая сыстэма льготаў, што пакрывала сабою палову насельніцтва краіны, рэарганізуецца ў сыстэму адраснай падтрымкі. Дзяржаўныя чыноўнікі загаварылі пра дыскрымінацыю роднай мовы…

Усе гэтыя ўладныя захады пранікаюць у грамадзтва зь цяжкасьцю, а то й балюча. Але ўсё гэта — элемэнты той стандартнай трансфармацыі, якую не дарэмна называюць «шокавай тэрапіяй» і якую нашы суседзі прайшлі, як мінімум, 10 гадоў назад. Тады, 10 гадоў назад, прэзыдэнт Лукашэнка, азіраючыся на Літву ці Польшчу, казаў, што гэта — «ня наш шлях». Сёньня аказалася, што — і наш таксама. Пераход на яго можна адцягнуць у часе, але альтэрнатывы яму няма.

«Шокавая тэрапія» называецца так ня толькі таму, што праходзіць балюча, але й таму, што павінна праводзіцца чым хутчэй, адным махам. Ніводзін народ у сьвеце ня хоча ані рэвалюцыі, ані перамен. Але сьвет зьмяняецца, і трансфармацыя — найперш у інтарэсах будучых пакаленьняў — неабходная.

У Беларусі гэтыя 10 гадоў безь перамен былі якраз «падмазваньнем» масавага жаданьня людзей, якія за «стабільнасьць» гатовыя былі зноў і зноў станавіцца апірышчам гэтай улады. Датаваньне заняпалых гаспадарак, падтрымка ў грамадзтве ўтрыманскіх настрояў і культ «саўка» зь яго ідэалёгіяй (каб людзі думалі, што пасьля канца камунізму ў нас, у Беларусі, нічога не зьмянілася) — усё гэта 10 гадоў трымалася на «лішніх грошах», на расейскай «халяве» ў выглядзе танных энэрганосьбітаў. І вось «халяве» прыйшоў канец.

Падобную сытуацыю краіны Балтыі перажылі 15 гадоў таму. Былі там і блякада з боку Расеі, і пустыя прылаўкі, і касьмічныя кошты ў крамах. Але былі й прыватызацыя буйных прадпрыемстваў, і адмена льготаў, і перавод прыватных прадпрымальнікаў у разрад юрыдычных асобаў, і ўсталяваньне нацыянальнай мовы ў якасьці адзінай дзяржаўнай… Нічога новага Беларусь не прыдумала, прыдумаць не магла дый прыдумляць не зьбіралася. У Балтыі зьмяняліся ўрады і прэзыдэнты, але жыцьцё па новых правілах наладжвалася. Тым часам усе гэтыя 10 гадоў беларусы, якім дазвалялі магчымасьці, масава езьдзілі ў Польшчу й Літву па прадукты й тавары, але адваротнага працэсу не назіралася.

Сёньня «шокавая тэрапія» прыходзіць у Беларусь. За часы кіраваньня цяперашняга прэзыдэнта сытуацыя ў грамадзтве набыла cкасабочаны, нават парадаксальны выгляд. Маса насельніцтва не ўспрымае рэформы як патрэбу агледзецца й знайсьці сваю нішу ў новым укладзе жыцьця. Яны прывучаныя ўладамі да малых даходаў і да таго, каб іх абы не чапалі. Яны спрабуюць пратэставаць. Але так, як было, быць ужо ня можа. Альбо ўсё ў нас абваліцца, або праз завалы мы выберамся на новы шлях. Вэтэраны й студэнты знойдуць сваё выжываньне ў новых сацыяльных праграмах, калгасы распадуцца на прыватныя вытворчасьці, а ваяжоры з таварамі альбо перастануць езьдзіць, альбо пачнуць укладаць грошы ва ўласны бізнэс і пашыраць сваю справу.

Сярод сёньняшніх пратэстаў ёсьць і канструктыўныя, як, да прыкладу, пратэсты донараў супраць скасаваньня ім ільготаў. Тое, што іх голас пачуты (у Магілёўскай вобласьці ўлады пайшлі донарам на частковыя саступкі), сьведчыць пра пэўную гнуткасьць чынавенства ў справе рэформаў, а не пра жаданьне папросту прыдушыць любую ініцыятыву.

Што да шырокіх пратэстаў прыватных гандляроў, дык яны ніколі не набудуць ані рэальна арганізаванага, ані палітычнага выгляду. Бо яны усяго толькі за тое, каб нічога не мянялася. І тыя прадстаўнікі апазыцыі, што ўбачылі ў гэтых пратэстах зародкі прафсаюзнай «Салідарнасьці», апынулася ў дзіўнай сытуацыі змагароў… супраць рэформаў, супраць прагрэсу, супраць перамен.

Сымон Музыка, Свабода, Беларуская газэта

0
Пьяны нэпман / Адказаць
04.10.2007 / 15:12
Згода. Без рэформаў гэтыя 10 год ёсьць страчанымі для Беларусі.
0
klv / Адказаць
05.10.2007 / 13:04
Рэформы павінна праводзіць разумная,адказная і годная ўлада. А цяперашняя за 13 г. даказала, што можа зладзіць толькі якую-небудзь карыкатуру.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру