Жыхарам Полацку гарадзкія ўлады цяпер плацяць за сьмецьце грошы. Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намесьніца старшыні Полацкага гарвыканкаму Натальля Качанава, у горадзе стартаваў экспэрымэнтальны праект па зборы рассартаванага сьмецьця ад насельніцтва. З гэтай мэтай у верасьні ў раёнах Полацку былі ўсталяваныя чатыры стацыянарныя нарыхтоўчыя пункты, дзе прымаюць любое шкло, посуд, плястык і паперу. Прычым аплата за другасную сыравіну ў параўнаньні зь іншымі прыёмнымі пунктамі крыху вышэйшая. Цана, а таксама выгоднае разьмяшчэньне (у спальных мікрараёнах) робяць прывабнымі такія пункты для насельніцтва.

Натальля Качанава адцеміла, што палачане, асабліва маладыя, з разуменьнем і энтузіязмам паставіліся да навіны, таму працаўнікі нарыхтоўчых пунктаў не сядзяць бяз справы.

Да канца кастрычніка ў Полацку зьявяцца яшчэ шэсьць такіх самых пунктаў, 500 новых кантэйнэраў для асобнага збору другаснай сыравіны і спэцмашына, якая будзе курсіраваць па вуліцах, разьмешчаных воддаль ад існых прыёмных пунктаў.

Праект скіраваны на паляпшэньне экалягічнай абстаноўкі ў горадзе. На ягоную рэалізацыю канцэрнам «Белрэсурсы» было выдаткавана каля 1 мільярда беларускіх рублёў. Падобныя экспэрымэнты праводзяцца цяпер у Пухавічах і адным з раёнаў Менску, дадала Натальля Качанава.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0