Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна паўстала некалькі калектываў, якія выступаюць пад гэтым брэндам. Якія «Песняры» і чаму выступілі на «Антымайдане», то бок у падтрымку ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча? Як «Песняры» ставяцца да падзей, якія адбываюцца ва Украіне?

Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», зарэгістраваны пры Міністэрстве культуры Беларусі, валодае ўсімі юрыдычнымі правамі на таварны знак «Песняры». І гэты ансамбль на «Антымайдане» не выступаў, паведаміў карэспандэнту Свабоды мастацкі кіраўнік калектыву Вячаслаў Шарапаў:

«Гэта былі левыя нейкія «Песняры». Мы іх не культывуем і тым больш не сочым за іх творчасцю».

Вячаслаў Шарапаў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падзеяў, якія адбываюцца ва Украіне:

«Мы вельмі любім украінскі народ і Украіну, і нам сорамна за тое, што там адбываецца. Трэба ўжо неяк вызначыцца: альбо туды, альбо туды. А тое, што выступаюць нейкія калектывы, то гэта, відаць, на сумленні арганізатараў. Канечне, нам бы не хацелася наогул улазіць у гэты палітычны працэс. Бо з якой радасці мы павінны ўмешвацца і падтрымліваць нейкі адзін з бакоў? Нават нягледзячы на нейкія сімпатыі ці антыпатыі. Доўг дзяржаўнага калектыву — у гэтую справу не ўмешвацца. Ну, а тое, што на нас ускосна падае, скажам, не цень, а нас пачынаюць блытаць, то гэта непрыемна. Мы ўжо многа судовых працэсаў выйгралі, але тым не менш настолькі запатрабаваны брэнд, што пакуль спыніць гэты працэс немагчыма».

На майдане ў падтрымку прэзідэнта Віктара Януковіча — на так званым «Антымайдане» — выступіў вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Песняры», які мае юрыдычны адрас у расійскім Зеленаградзе.

Прадстаўнік калектыву Віктар Малчанаў сказаў, што гэтыя «Песняры» выступалі з канцэртам у пасёлку Украінка, і ім прапанавалі выступіць яшчэ і ў Кіеве «на народных гуляннях».

«Сітуацыя вельмі непрыемная. У гэтай недагаворанасці ўсё і палягала. Бо мы ехалі, каб выступіць, як нам патлумачылі, на народных гуляннях. Калі мы паглядзелі тэлебачанне і зразумелі, што на гэтай Еўрапейскай плошчы не народныя гулянні, а «Антымайдан», мы спрабавалі адмовіцца ад гэтай справы.

Але нас сталі пераконваць, што ніякай палітыкі там няма, ніхто вас мы ехалі, каб выступіць, як нам патлумачылі, на народных гуляннях не прымушае за некага заклікаць, проста праспявайце свае песьні. А з іншага боку, мы ўжо трапілі ў такую пастку, бо калі б адмовіліся, то давялося б плаціць за гатэль і за аўтобус сваімі грашыма. Карацей, атрымалася сітуацыя, калі, з аднаго боку, нейкія былі ў гэтым хітрыкі. А з другога боку, ужо былі заплачаны грошы і ўжо шляху назад не было. Мы проста павіншавалі людзей з надыходзячымі святамі і праспявалі знаёмыя ім песняроўскія песні. Мы не заклікаем станавіцца на чыйсьці бок. Мы можам і на Майдане выступіць. Я разумею, што цяпер ужо дурасць апраўдвацца. Але гэта была нейкая пастка, у якую мы трапілі празь няведанне, і ўсё».

На пытанне, чаму не выступілі на Майдане, Віктар Малчанаў сказаў, што «ніхто не прапанаваў».

За выступ на «Антымайдане» «Песнярам» заплацілі, але Малчанаў адмовіўся паведаміць памер ганарару:

«Яно знешне так і выглядала, што мы выйшлі ў падтрымку Януковіча. Хоць такой размовы з заказчыкам не было. Заказчык сказаў — ці не хочаце вы там за нейкія грошы выступіць і на Еўрапейскай плошчы, там будуць народныя гулянні?»

Малчанаў назваў «страшэннай маніпуляцыяй» паведамленні пра тое, што менавіта пасля выступу «Песняроў» усе пачалі скандаваць: «Пуцін!»

«Там такое было пасьля выступу нейкага чыноўніка ад «Партыі рэгіёнаў». Але гэта ніякіх адносін да нас і «Песняроў» на сцэне не мела. То бок гэта абсалютна асобная гісторыя. «Песняроў» у той момант на сцэне не было. Гэта вялізны падман. Апраўдвацца пасля гэтага бруду вельмі непрыемна. Не было ніводнага намёку, ніводнага слова, што мы падтрымліваем нейкія партыі ці нешта іншае. Мы проста павіншавалі ўкраінцаў з надыходзячымі святамі і праспявалі 6–7 песень. І сышлі, усё».

Малчанаў таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падзеяў ва Украіне:

«Мы праязджалі каля Майдана, і вельмі ўразілі трохметровай вышыні барыкады, як дэкарацыі да нейкага фільму пра вайну. Вельмі ўражвае. Я ад гэтага ў захапленні.

Бо народ паказвае, што ён не статак бараноў, а ён адстойвае сваю будучыню, сваё бачанне краіны, у якой ён хоча жыць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0