Ліза Шапашнік, 27-гадовы інвалід дзяцінства, да сустрэчы з журналістам не ведала, што атрад валанцёраў, якія працуюць на кухні Еўрамайдану — а гэта ні многа, ні мала тысяча шэсцьсот чалавек — вырашылі назваць у яе гонар.

Беспрацоўнай дзяўчыне з Данбаса таксама было не вядома, што яна паспела стаць гераіняй Фэйсбука, блогаў і ЖЖ, ды і наогул — адным з сімвалаў валанцёрскай самааддачы на Еўрамайдане.

Ліза — маленькая брунэтка з прыемным голасам і пісьменнай мовай — прыехала ў сталіцу Украіны літаральна напярэдадні рэвалюцыйных падзей — у пошуках лепшага жыцця і хоць нейкай працы.

За спінай у яе няпростае жыццё дзіцяці інваліда (ДЦП лёгкай формы) — з'яўленне на свет у Кемераўскай вобласці, пераезд з маці ў Адэсу, вучоба ў інтэрнаце, сканчэнне звычайнай агульнаадукацыйнай школы — пачатак самастойнага жыцця ў 17 гадоў, спробы знайсці сябе ў Расіі і суцешыцца у манастыры, жыццё ў Сочы і, нарэшце, пераезд у Данбас.

«Мой бацька і бабуля украінцы, з Харкаўскай вобласці, а мама руская. Я шмат гадоў жыла адна ў Расіі — гэта кашмар нейкі, куды не прыедзеш — усюды п'юць.

Толькі на Каўказе спадабалася — там паважаюць бацькоў, шануюць традыцыі. Таму і спынілася ў Сочы. Але ў нейкі момант захацелася дадому, на Украіну. Так я пераехала ў Дружкоўку, на Данбас. Там мой дом, там я выбіла сабе пакой у інтэрнаце, паступова сабрала мэблю».

Той факт, што дзяўчына, якая вырасла ў Адэсе і пасялілася ў Данецкай вобласці, стала актыўнай удзельніцай Еўрамайдану, толькі на першы погляд здаецца незразумелым.

«Мне многае дапамаглі зразумець хлопцы, сябры, якія ездзілі за мяжу. Я даведалася ад іх, што ў краінах Еўрапейскага саюза інваліды — гэта частка грамадства, ім дапамагаюць, іх не кідаюць, іх падтрымлівае і дзяржава, і дабрачынныя арганізацыі.

А тут я нават гарантаваныя мне льготы выбіць не магу. Я проста мару хоць раз у жыцці абследавацца ў лекара-спецыяліста, а не ў таго, хто купіў свой дыплом. Хачу атрымаць пуцёўку ў санаторый і бясплатны масаж».

На мітынгу 24 лістапада Ліза таксама пачула шмат рознага ад людзей, нешта зразумела, штосьці пераасэнсавала і таму вырашыла застацца 29 лістапада на ноч у цэнтры Кіева.

«Гэта (сілавы разгон мітынгоўцаў спецназам) было не страшна, а жудасна.

Мы з іншымі хлопцамі чакалі нейкую тэхніку для правядзення мітынгу, гукавую, здаецца. Спявалі гімн, вадзілі карагоды, а потым прыехалі камунальнікі — ёлку ўсталёўваць, нібыта. Нас узялі ў кола і пачалі збіваць усіх запар. Выратавацца ўдалося толькі дзякуючы шкляной паверхні гандлёвага цэнтра — па ёй мы ўсе з'язджалі ўніз і ўцякалі. Яны гналіся за намі, кідалі дубінкі. на шчасце, мне не дасталася».

У 8 раніцы, 30 лістапада, Ліза ўжо была на Міхайлаўскай плошчы, там і начавала. Прыйшла яна на Майдан Незалежнасці і ў першы дзень зімы, а ўжо на другі не вытрымала і папрасілася ў валанцёры.

«Я разумела, што паўнавартасна працаваць не змагу, але спадзявалася, што нейкая праца для мяне знойдзецца. Калі прыйшла запісвацца ў валанцёры, ва ўсіх вочы былі здзіўленыя, але мяне прынялі.

Спачатку я на разносе працавала, а потым папрасіла што-небудзь лягчэйшае — усё-такі складана мне было, рукі адвальваліся. Потым я адзін дзень лімоны рэзала, а цяпер адрываю вяровачкі ад чайных пакуначкаў. Ведаеце навошта? Яны, калі застаюцца, то блытаюцца паміж сабой, і калі бярэш адну шклянку з гарбатай з падноса, адразу перакульваецца яшчэ некалькі».

З таго дня, вось ужо два тыдні, Ліза працуе на кухні. Яе працавітасць і адданасць агульнай справе (спіць дзяўчына ўсяго па некалькі гадзін у дзень тут жа — на чацвёртым паверсе Дома прафсаюзаў ) так уразіла навакольных, што Сцяпан Кубіў, камендант Штаба нацыянальнага супраціву, вырашыў назваць групу валанцёраў кухні ў яе гонар.

Ліза гэтую навіну прыняла са здзіўленнем паколькі сама сябе героем яна зусім не лічыць, запэўнівае, што працаваць тут ёй у радасць.

Хвалюе рэвалюцыянерку толькі тое, што прэзідэнт Януковіч не ідзе на ўмовы мітынгоўцаў, а часам яшчэ і «Беркут» дасылае.

Падчас апошняга такога выпадку, 10 снежня, Ліза, вядома, была ў Доме прафсаюзаў.

«Мужыкі адправілі ўсіх жанчын на 7-ы паверх і вось тады наступіла самае складанае — не ведаць, што адбываецца і не мець магчымасці дапамагчы. Потым, гадзіны ў 3-4 ночы сказалі, што патрэбныя рукі на кухню і я, вядома, далучылася. У нейкі момант выйшла пакурыць, а калі вярнулася, то ўжо ніводнай жанчыны на кухні было — усіх адвялі, чакалі штурму. Але я не спалохалася. Села перад дзвярыма і чакала».

На шчасце, сілавога захопу Дома прафсаюзаў той ноччу ўдалося пазбегнуць і Ліза працуе тут па-ранейшаму, і, як сама яна думае, будзе да перамогі. У адрозненне ад шматлікіх еўрамайданаўцаў, яна не настойвае на абавязковай адстаўцы Януковіча. Мяркуе, што галоўнае падпісаць асацыяцыю.

«Я, вядома, мала разбіраюся ў палітыцы, але калі ён падпіша, то ўжо не зможа паводзіць сябе, як раней, вымушаны будзе азірацца на Еўропу. Словам, пасля падпісання ён тут надоўга не затрымаецца.

Я ўвогуле не разумею, навошта яму далася Расія? Што яна нам дала, акрамя самых высокіх цэнаў на газ? Тое, што мытнікі кажуць «О, хахол!», калі глядзяць у пашпарт на мяжы? Больш, здаецца, нічога».

Пра пошукі працы рэвалюцыянерцы Лізе, вядома, прыйшлося забыць. Хостэл, у якім арандавала ложак за 700 грыўняў у месяц (каля 800 тыс. беларускіх), пакуль пакінула, начуе ў Доме прафсаюзаў.

Валанцёраў там кормяць. Цыгарэты таксама перападаюць.

Нядаўна Ліза папрасіла маці, ярую прыхільніцу Партыі рэгіёнаў і Расіі, даслаць грошай, але тая толькі засмяялася ў адказ, маўляў, табе ж там плацяць. Але тут не плацяць. Мама пераблытала мітынгі, мабыць.

«Работы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ва Украіне практычна няма ніякай. Хіба толькі на рынку можна ўладкавацца, калі пашанцуе. Супольнасці для інвалідаў (Ліза з'яўляецца членам такой у сябе ў Дружкоўцы) не маюць ні грошай, ні магчымасці дапамагаць нам з працаўладкаваннем. А ў Еўропе, я дакладна ведаю, гэта інакш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?