Аляксандар Драмкоў

З 3 па 7 кастрычніка ў амэрыканскім Сыэтле пройдзе чарговы World Cyber Games (WCG). Беларусь на чэмпіянаце прадстаўляе Аляксандар Драмкоў зь Дзятлава.

Аляксандар «DragoD» Драмкоў атрымаў права прадстаўляць Беларусь на WCG2007, стаўшы пераможцам у беларускім адборачным туры.

Чэмпіянат сьвету па кампутарных гульнях бярэ свой пачатак ад 2000 г. Ініцыятарам яго правядзеньня стала Паўднёвая Карэя, якая ў жніўні 2000 г. сабрала наймацнейшых гульцоў сьвету. Тыя спаборніцтвы былі падтрыманыя на ўзроўні ўраду Паўднёвай Карэі, а спонсарамі выступілі вядомыя вытворцы кампутараў. Посьпех чэмпіянату ў Карэі і даў пачатак WCG.

Альтэрнатыўнага паводле арганізацыі, маштабу, увагі з боку спонсараў і СМІ, а таксама прызавога фонду, які дарэчы, сёлета складае $500 000, форуму кібэр‑гульцоў пакуль не існуе.

Аляксандар Драмкоў патрапіў у групу А. Свой выступ ён распачне заўтра ў 10.30 паводое мясцовага часу супраць расейца Fanatic_Xyligan. І хоць расейца называюць патэнцыйным фіналістам, пажадаем нашаму земляку ўдачы!

Даведацца пра вынікі гульняў можна на афіцыйным сайце WCG2007.

Cямён Печанко, паводле s13.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0