Юры Зісер

Асноўныя праблемы беларускага інтэрнета ў параўнанні з мінулым годам засталіся ранейшымі. Пра гэта 4 кастрычніка на канферэнцыі «Дзелавы інтэрнет», што праходзіць 4—5 кастрычніка ў Мінскім раёне, паведаміў генеральны дырэктар УП «Надзейныя праграмы», старшыня савета дырэктараў tut.by Юрый Зісер.

Паводле яго слоў, асноўных праблем у байнета некалькі: «фантастычная дарагоўля» паслуг доступу ў сетку; непрадуманае ліцэнзаванне; адсутнасць у дзяржаўнага сектара і экспарцёраў патрэбы ў айчыннай інтэрнет‑рэкламе; недасканаласць прававой базы электроннага дакументаабарота, адным з вынікаў чаго з’яўляецца немагчымасць яго паўнавартаснага ўкаранення ў краіне. Паводле слоў Ю.Зісера, праблемай таксама з’яўляецца адсутнасць інтэрнет‑гандлю ў звыклым яго разуменні, бо няма поўнага цыкла любога гандлю «замова — аплата — дастаўка», усё зводзіцца толькі да замаўлення тавараў праз інтэрнет. «У выніку з’яўляецца яшчэ адна істотная праблема — канкурэнцыя з сусветнымі рэсурсамі, перш за ўсё з расійскімі паштовымі і пошукавымі сэрвісамі», — дадаў ён.

Паводле слоў Ю.Зісера, сярод станоўчых тэндэнцый развіцця байнета можна адзначыць з’яўленне ў 2007 годзе трох рэгістратараў даменных імён у зоне by замест аднаго. Апрача таго, важнай падзеяй у гэтай сферы стала з’яўленне ў Беларусі ў ліпені гэтага года Асацыяцыі інфармацыйных і камунікацыйных прадпрыемстваў «Белінфакам». Яна створана для прадстаўлення і адстойвання інтарэсаў рынка ІКТ у дзяржорганах.

Як паведаміў кіраўнік савета дырэктараў tut.by, колькасць беларускіх сайтаў у інтэрнеце ў 2007 годзе ўзрасла на пяць тысяч і дасягнула 25 тыс. у параўнанні з паказчыкам 2006 года. Апрача гэтага, колькасць парталаў дасягнула 234 (летась — 82), інтэрнет‑дошак аб’яў — 230 (201), студый веб‑дызайну — 549 (542), сайтаў друкаваных СМІ — 260 (239). Сёлета значна ўзрасла колькасць інтэрнет‑магазінаў — з 1.870 летась да 3.049 цяпер.

Канферэнцыя «Дзелавы інтэрнет» — адна з найбуйнейшых IT‑падзей Беларусі. Сёлета яна сабрала прыкладна 500 удзельнікаў. Арганізатар канферэнцыі — партал tut.by. Генеральным партнёрам форуму выступае нацыянальны аператар электрасувязі РУП «Белтэлекам».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0