Актывіст Алесь Чаркашын, якога ў нядзелю затрымалі за несанкцыянаваны пікет ля Брэсцкага аблвыканкама, быў сёння адпушчаны з РАУС Ленінскага раёна г. Брэста. Чаркшына чакае суд, але дата паседжання пакуль не прызначана.
Нагадаем, што ў нядзелю 15 снежня Алесь Чаркашын ўладзіў перформанс: ён апрануўся «прарокам», звязаў рукі ланцугом і абмазаў іх чырвонай фарбай. Ля будынка аблвыканкама Чаркашына звярнуўся да ўладаў і заклікаў іх не красці і не прыгнятаць народ, інакш кроў людзей будзе на іх руках.
На шляху дадому Алеся затрымалі і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна. Аднак праз некалькі гадзін яго перавялі ў Брэсцкі абласны псіханеўралагічны дыспансэр, каб правесці псіхіятрычную экспертызу. Меркавалася, што працэдура можа заняць да трох дзён. Аднак ноччу Чаркашына вярнулі ў міліцэйскі пастарунак.
Суд быў прызначаны а 9-й раніцы на сёння, аднак прыкладна а 12-й гадзіне актывіста вызвалілі.
Карэспандэнт «НН» паразмаўляў з Алесем.
«НН»: Чаму вы вырашылі зладзіць свой перформанс у нядзелю? Ці быў ён натхнёны падзеямі ва Украіне?
Алесь Чаркашын: Не, гэта была мая ўласная ініцыятыва. Асноўным заклікам было паклікаць людзей у цэрквы, пакаяцца. Але я вырашыў і нагадаць уладам, што яны маюць большую адказнасць перад Богам, і калі не спыняць прыгнёт і абкраданне народу, уся гэта кроў будзе на іх сумленні. Быў і яшчэ адзін заклік, хоць яго і не ўзгадалі ў СМІ: заклік да цэркваў узнесці малітву за народ і за тое, каб Бог прывёў улады да розуму.
«НН»: Чым быў матываваны выклік машыны хуткай і дастаўка вас на псіхіятрычную экспертызу?
АЧ: Міліцыянтаў зацікавіла тое, што я быў у балахоне «прарока», што рукі мае былі намазаныя чырвонай фарбай і закаваныя ланцугамі, таму яны вырашылі правесці экспертызу, каб атрымаць даведку аб маім псіхічным здароўі.
«НН»: Ці не лічыце, што гэта было спробай ціску на вас? Вы ж ніколі не стаялі на ўліку ў псіхіятра.
АЧ: Я не выключаю такой магчымасці. Таму ўвесь час, калі я быў у псіханеўралагічным дыспансеры, я нічога не еў і не піў.
«НН»: Баяліся, што вам могуць нешта падсыпаць ці падмяшаць?
АЧ: Так. Псіхіятры праводзілі тэсты, я гутарыў з дактарамі. Але неўзабаве пасля прыватнай гутаркі з галоўным доктарам мяне адпусцілі, г.зн. перавялі з дыспансера ў ізалятар.
«НН»: Сёння павінен быў адбыцца суд, але вас адпусцілі. Чым гэта патлумачылі?
АЧ: Мне вырашылі змяніць форму ўтрымання да суда. Выпусцілі, канечне, пад распіску аб тым, што я прыбуду па першым патрабаванні. Таму суд яшчэ будзе, але дату не прызначылі.
«НН»: Якім, на вашу думку, будзе прысуд?
АЧ: Могуць пасадзіць на «суткі», каб мне, кшталту, быў урок. Аднак, магчыма, зразумеюць адсутнасць неабходнасці жорскага прысуду і дадуць штраф.