Дасягнута дамоўленасць аб продажы пакета акцый ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» расійскаму інвестару, паведамілі ў прэс-службе ўрада па выніках пасяджання Прэзідыума Савета Міністраў 17 снежня.

Напярэдадні першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка праінфармаваў аб праведзенай у 2013 годзе рабоце па рэалізацыі пяці інтэграцыйных прамысловых праектаў з Расійскай Федэрацыяй. Гэта праекты адкрытых акцыянерных таварыстваў «МАЗ», «Інтэграл», «Пеленг», «Гродна Азот», «МЗКЦ».

У прыватнасці, было адзначана, што дасягнуты дамоўленасці аб продажы пакета акцый ААТ «МЗКЦ» расійскаму інвестару па выніках правядзення дадатковай эмісіі акцый, якія размяшчаюцца па рынкавым кошце. Атрыманыя сродкі прадпрыемства плануе накіраваць на мадэрнізацыю і тэхнічнае перааснашчэнне.

Рэалізацыя праекта плануецца ў 2014 годзе. Бакамі вызначаны парадак развіцця перспектыўнага мадэльнага шэрагу двух прадпрыемстваў, сумеснага стварэння новага пакалення гідрамеханічных трансмісій з фінансаваннем гэтага праекта за кошт сродкаў бюджэту саюзнай дзяржавы.

«Розныя магчымыя варыянты супрацоўніцтва напрацаваны таксама ў ходзе перамоўнага працэсу аб парадку і ўмовах рэалізацыі праекта па інтэграцыі ААТ «Пеленг» у структуру Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі», — дадалі ў прэс - службе ўрада. Завяршыць рэалізацыю гэтага праекта плануецца ў 2014 годзе.

МЗКЦ — адно з найбольшых абаронных прадпрыемстваў.

Яно вырабляе цягачы, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку ў ракетных войсках. Прадукцыя збольшага арыентаваная на патрэбы расійскай арміі. Расія даўно дабівалася ўдзелу ў МЗКЦ.

З паведамлення прэс-службы ўрада няясна, ідзе гаворка аб мінарытарным ці кантрольным пакеце акцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?