Разгляд законапраекта аб прыватызацыі, нормы якога выклікалі вялікі грамадскі рэзананс, перанесены на вясновую сесію палаты прадстаўнікоў, паведамілі інфармаваныя крыніцы. Мяркуецца, што да гэтага часу ў праект закона будуць унесены змены.

Законапраект аб прыватызацыі быў прыняты ніжняй палатай у першым чытанні ў чэрвені гэтага года. Чакалася, што восенню ён будзе разглядацца ў другім чытанні. Аднак нормы падрыхтаванага законапраекта выклікалі крытыку, у тым ліку з боку афіцыйных асоб.

У прыватнасці міністр эканомікі Мікалай Снапкоў 22 лістапада паведаміў у парламенце, што міністэрства выступае за выключэнне некаторых палажэнняў законапраекта. «У нас ёсць прапановы (па законапраекце), і мы з задавальненнем іх адпрацуем з дэпутатамі. А самае галоўная прапанова — выключыць адтуль тое, што там ёсць», — падкрэсліў Снапкоў. «Некаторыя аспекты законапраекта», дадаў міністр, не ўпісваюцца ў планы ўрада па прыватызацыі і прыцягненні прамых замежных інвестыцый.

Як паведамлялася раней, законапраект прадугледжвае магчымасць прызначэння прадстаўнікоў дзяржавы нават ў тыя акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе прыватызацыі, у якіх у дзяржавы няма долі.

«У акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе пераўтварэння, акцыі якіх не належаць Рэспубліцы Беларусь і (або) адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, абласнымі, Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі могуць прызначацца дзяржаўныя прадстаўнікі», — гаворыцца ў абгрунтаванні да законапраекта.

Дзяржпрадстаўнікі, згодна з праектам дакумента, могуць прыпыняць выкананне рашэнняў агульнага сходу акцыянераў у выпадку, «калі рэалізацыя гэтых рашэнняў супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць урон навакольнаму асяроддзю, парушае правы і інтарэсы, якія ахоўваюцца законам, іншых асоб».

Дзелавая супольнасць выказвала асцярогі наконт таго, што пералічаныя фактары могуць трактавацца занадта шырока і прымяняцца паводле суб'ектыўнага меркавання чыноўнікаў.

Прадстаўнікі бізнесу і міжнародных фінансавых арганізацый неаднаразова звярталіся ва ўрад у сувязі з падрыхтоўкай гэтага законапраекта. Так, члены Кансультацыйнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце міністраў звярталіся да прэм'ер-міністра, выказваючы занепакоенасць падрыхтаваным законапраектам.

«Магчымасць накладання чыноўнікамі забароны на шэраг рашэнняў акцыянерных таварыстваў па сутнасці азначае вяртанне да сітуацыі, аналагічнай існаванню адмененага яшчэ ў 2008 годзе інстытута «залатой акцыі», — адзначалі ў сваім лісце члены кансультацыйнага савета.

Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC), падраздзяленне групы Сусветнага банка, таксама заяўляла, што разглядае папраўкі ў закон аб прыватызацыі як вяртанне «залатой акцыі». На думку IFC, прыняцце гэтага законапраекта аб прыватызацыі адмоўна адаб'ецца на інвестыцыйным іміджы Беларусі, прытоку ў краіну замежных інвестыцый, знізіць цікаваць інвестараў да прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?