21.12.2013 / 18:55

85-гадовы акадэмік Радзім Гарэцкі дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця і здароўя 3

У яго сям’і мужчыны былі доўгажыхарамі: калі і не пераступалі стагадовую мяжу, то былі блізкімі да гэтага.

 

«Наша Ніва»: Радзім Гаўрылавіч, нават у такім паважным узросце Вы на працу ездзіце. Не можаце ад гэтага адмовіцца?

Радзім Гарэцкі: Мне праца падабаецца. Важна ў пачатку выбраць тую прафесію, якая будзе цікавіць усё жыццё. На жаль, пражыць акадэміку нават на пенсію цяжкавата. Але грошы не галоўнае.

«НН»: Ваш тата працаваў да апошняга, да 88 гадоў. Гэта сямейнае?

РГ: У яго жыццё было цяжкое. Думаю, калі б яно было лепшым, то пажыў бы яшчэ.

А сакрэту ў гэтым няма. У нас добрыя гены. Мая мама, яе мама і тата памерлі ў 93. Па бацькавай — дзед пражыў больш за 89 (памёр ад хваробы), а бабуля памерла раней — бо аперацыю ёй зрабілі. Але ў родзе былі і тыя, хто пражыў 100.

Гарэцкія заўсёды былі аптымістамі, жыццялюбамі. Важная рыса — добразычлівасць, каб не было злосці і зайздрасці. Усё гэта разам дапамагае доўга жыць і заставацца ў добрай форме. Мне добра яшчэ таму, што ў мяне ёсць ахоўніца — жонка Галіна Рыгораўна.

Галіна Гарэцкая.

«НН»: Як Вы пазнаёміліся з жонкай?

РГ: На лыжах пад Мінскам. Яна ехала, я ехаў. У яе саскачыла лыжа — я дапамог. Затым зноў паехалі. Так і дакаталіся.

У нас вялікая розніца ва ўзросце — 20 гадоў. А нарадзіліся мы амаль у адзін дзень: яна — 5 снежня, я — 7. Мая бадзёрасць дазволіла пражыць разам столькі гадоў. Самае галоўнае ва ўзаемаадносінах — поўны давер. Рэўнасць руйнуе каханне. (Да размовы далучаецца жонка акадэміка).

«НН»: Галіна Рыгораўна, можаце расказаць, як заляцаўся доктар геолага­-мінералагічных навук?

Галіна Гарэцкая: Прыгожа заляцаўся. Ён і цяпер такім застаўся.

«НН»: Кветкі не толькі на 8 Сакавіка?

ГГ: Так. Калі я засумую, ён спрабуе развесяліць. Станцуе, заспявае…

РГ: То прасвішчу песню. (І Радзім Гаўрылавіч спачатку насвіствае, а затым зацягвае):

…Ой спадабалася,
Ой спадабалася,
Мне тая дзеўчына.

Гэта, між іншым, любімая песня Янкі Брыля і Ніла Гілевіча. Мы часта яе спявалі разам.

«НН»: Галіна Рыгораўна, наколькі муж гаспадарлівы? Усё-ткі акадэмік, думкамі, відаць, у іншых клопатах.

ГГ: Вельмі гаспадарлівы. І калі пачынае нешта рабіць, то з навуковай дасканаласцю. Але я стараюся яго ад сямейных спраў адхіліць. Вы самі бачылі, у колькі ён прыходзіць з працы. Ён жа і дома працуе на два кабінеты. У адным пакоі навуковай працай займаецца, а ў другім — працуе на іншай ніве.

РГ: Ты ж ведаеш, што я напісаў некалькі кніг пра тату і дзядзьку. Я пішу яшчэ ўспаміны, эсэ. Называю іх «Жыццёвым меланжам». Да канца года павінна выйсці кніга.

ГГ: Ён і машынай сам кіруе да сёння.

РГ: У нас стары «Жыгуль» — 1984 года. Я за ім сам прыглядаю. Цяпер надта не езджаю: на лецішча ў асноўным. Адзіны мінус з машынай, як і са мной, кожны год трэба праходзіць тэхагляд.

Мой сусед — Юрый Зісер

«НН»: Дзе ў Вас лецішча?

РГ: У Раўбічах. Гэта яшчэ пры Машэраве Акадэміі навук выдзелілі, пабудавалі невялікія катэджы. У нас чатыры соткі разам з домам: усё мініяцюрнае, але нам больш і не трэба. Я нават не хацеў гэтую дачу браць. Бо я часта выязджаў з палаткай. І казаў: «Навошта мне тая дача, калі ў мяне ўся Беларусь?» А сёння задаволены, што не адмовіўся.

У нас суседам быў вядомы спартовец Аляксандр Мядзведзь. Пасля ён прадаў лецішча. А цяпер наш сусед таксама вядомы — Юрый Зісер, удадальнік TUT.BY.

«НН»: Абмяркоўваеце з уладальнікам інтэрнэт­-партала навіны?

РГ: Канечне, пагаворым пра жыццё, навуку, навіны. Але ён радзей за нас там бывае.

«НН»: Лецішча ў Раўбічах, побач комплекс зімовага спорту. Сёння на лыжы яшчэ становіцеся?

РГ: Гэтыя Раўбічы ў розных месцах. А на лыжах мы ездзілі да маіх 70 гадоў.

А калі я працаваў дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН (1977-93), пабудаваў саўну ў інстытуце. І ў абедзенны перапынак я прабягаў некалькі колаў на лыжах, затым у лазню — усё хуценька. І зноў на працу. Са мной так некалькі чалавек бегала.

Ад дома бывала да Вячы на лыжах з маім вучнем хадзілі. А гэта кіламетраў 25 у адзін бок.

ГГ: А здаралася і да істытута ва Уруччы. Але тады ніякага ні Уручча­1, ні Уручча­2 не было — поле.

РГ: Таму ў мяне і жывата няма. Калі ў навукоўца вялікі жывот, кажуць: «Выдающийся учёный». Калі проста тоўсты: «Крупный учёный». А калі як я, лысы, — «Блестящий учёный». Гэта жарт.

Медаль «Выдатны чалавек 20 стагоддзя Радзім Гарэцкі, навука і адукацыя».

«НН»: На працы Вы такі ж вясёлы?

РГ: Я заўсёды смяюся. Нават калі 16 гадоў быў дырэктарам інстытута, яшчэ 5 гадоў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. Я шкадую, што столькі часу страціў. Мог бы больш кніг напісаць — гэта мне падабаецца.

І за час свайго дырэктараства я хіба толькі адну вымову даў. Нікога не лаяў. Пры Андропаве строга было — лавілі тых, хто спазняўся на працу. А я папярэджваў, што прыйду на пятнаццаць хвілін пазней. «Мне сорамна бачыць, калі вы спазняецеся», — казаў я. І гэта на людзей уплывала лепш, чым вымовы.

Не толькі выдатныя пісьменнікі, але і сябры. Фотаздымкі і кнігі Васіля Быкава і Генадзя Бураўкіна на кніжнай паліцы. 

Прамяняў Маскву на Мінск

«НН»: Сям’я вымушана была шмат гадоў жыць па-за Беларуссю. Беларускую мову захоўвалі?

РГ: З бацькам я амаль не жыў. Ён то ў турме, то ў камандзіроўках. Я жыў з мамай і яе бацькамі. Дзед і бабуля былі з Беластока, але рускамоўныя. І яны мяне выхоўвалі — я беларускай не ведаў. І толькі калі пачалі жыць разам з маці і бацькам у канцы вайны, я загаварыў па-беларуску.

У Беларусь упершыню пасля нараджэння я прыехаў у снежні 1971. І ўжо размаўляў па-беларуску. Але гэта была тая мова, блізкая да тарашкевіцы. Бацькі так размаўлялі.

У Беларусі, на жаль, людзі зусім мала карыстаюцца беларускай. Калі так далей пой­дзе, праз некаторы час мы станем рускамоўнай Белай Русью, якая без рэвалюцый далучыцца да Масковіі. Я спадзяюся, што адраджэнне вернецца. І цяпер галоўная надзея на моладзь.

У кватэры акадэміка шмат партрэтаў…

«НН»: Дарэчы, вы ў Беларусь пераехалі з Масквы, дзе ў Вас кар’ера складалася добра. Чаму ўсё прамянялі?

РГ: Выдатна складвалася кар’ера. Усе імкнуліся ў Маскву, і на мяне глядзелі як на нейкага дзекабрыста. Я працаваў у Геалагічным інстытуце АН СССР. Я там стаў кандыдатам, доктарам навук, атрымаў у групе навукоўцаў Дзяржаўную прэмію СССР у 1969…

Мой бацька ўвесь час марыў вярнуцца ў Беларусь, а яго не пускалі. Нават калі яго рэабілітавалі ў 1958, то сюды прыехаць дазволілі толькі праз дзесяць гадоў. Ён хацеў, каб я пасля Маскоўскага нафтавага інстытута ў 1952 паехаў. І напісаў нават ліст у ЦК партыі (я пра гэта даведаўся пазней), каб мяне прынялі тут. Але адказалі, што няма магчымасці прыняць.

Можа, і добра, што бацька адразу пасля вайны не прыехаў у Беларусь, бо яго арыштавалі б зноў. А калі ён нарэшце пераехаў, і мне прапанаваў.

…і фотаздымкаў, сваіх і родных.

У Маскве ў мяне настолькі добрыя адносіны былі, што праз некаторы час мяне вылучылі кандыдатам у акадэмікі АН СССР. І сказалі, калі я вярнуся ў Маскву на пасаду дырэктара Геалагічнага інстытута, тады дакладна абяруць. Я не паехаў. А калі праз два гады ўсё-ткі абралі, нашы дзяржавы сталі незалежнымі. І я стаў замежным членам Расійскай акадэміі навук.

ГГ: І да сёння там шкадуюць, што Радзім Гаўрылавіч не прыехаў.

Сын рэпрэсаванага

Радзім Гарэцкі — вучоны-­геолаг, прафесар, акадэмік. Нарадзіўся 7 снежня 1928 у Менску. Бацьку рэпрэсавалі і выслалі з Беларусі. Выпускнік Маскоўскага нафтавага інстытута. Працаваў у Геалагічным інстытуце АН СССР. Узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР. У кола яго навуковых інтарэсаў уваходзяць праблемы тэктонікі старажытных платформ, рэгіянальнай геалогіі, карысных выкапняў Беларусі. Атрымаў Дзяржпрэмію СССР за «Тэктанічную карту Еўразіі» (1969), Дзяржпрэмію БССР за «Тэктачнічную карту Беларусі» (1978).

Як грамадскі дзеяч узначальваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Займаецца папулярызацыяй спадчыны Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.

Жанаты, мае дачку Вольгу.

Гаўрыла і Максім Гарэцкія.

Двойчы асуджаны да расстрэлу

Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988) — геолаг, эканаміст. Малодшы брат пісьменніка Максіма Гарэцкага. Застаецца наймаладзейшым абраным акадэмікам у Беларусі — атрымаў званне ў 28 год.

У 1930 арыштаваны па сфабрыкаванай справе контррэвалюцыйнай арганізацыі. Асуджаны да расстрэлу, які замянілі высылкай. Вызвалены датэрмінова, зноў арыштаваны, зноў вызвалены. У 1938 асуджаны да расстрэлу. Вызвалены.

Геолагам­інжынерам працаваў на будоўлях буйных ГЭС, каналаў, вадасховішчаў. Рэабілітаваны, адноўлены ў званні акадэміка. Пасля вяртання ў Беларусь працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН.

У сям’і было двое сыноў: Усяслаў (1924-2009) і Радзім.

У маіх бацькоў было такое каханне

«У маіх бацькоў было такое каханне, якога я ніколі больш не бачыў. Самае важнае, што ў іх было духоўнае адзінства. Яны проста не маглі адно без аднаго — і пісалі лісты. А бацька пастаянна быў то ў камандзіроўках, то сядзеў. І я сабраў іх лісты: іх тысячы. Частку апублікаваў у кнізе «Лісты жыцця і кахання» (Мінск, 2013)».

Гутарыў Сяргей Макарэвіч, фота Насты Храловіч

0
зьмітрок / Адказаць
21.12.2013 / 19:54
на иншай ніве --- remove the mistype, please ) Дзякую! Цікава!
0
галя / Адказаць
22.12.2013 / 12:31
найлепшыя виншаванни-пажаданни...
0
Mарыся / Адказаць
23.12.2013 / 14:18
Дзякуй за артыкул. Паважаю асоб, якія вывучылі беларускую мову, жывучы па-за межамі Беларусі. Ганьба, што акадэмікі ў нас ездзяць на машынах 1984 года....
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру