Паважаная Рэдакцыя «Нашай Нівы»,

Звяртаюся да Вас, каб прадставіць свой праект — сайт з беларускамоўнымі прэзентацыямі для дзетак пра навакольны свет n-compas.jimdo.com.

Хочацца, каб больш беларускамоўных бацькоў і настаўнікаў даведаліся пра яго існаванне, а таксама карысталіся магчымасцю бясплатна спампоўваць інфармацыю для заняткаў і ўрокаў.

Сайт ствараўся першапачаткова для ўнутранага карыстання, але цяпер ужо набралося шмат матэрыялаў, і наведвальнікаў становіцца ўсё больш. Гэта не дзіва: бо знайсці беларускамоўныя матэрыялы па біялогіі, геаграфіі і прыродазнаўству ў сеціве — немагчыма.

Я стварала прэзентацыі для заняткаў з групай беларускамоўных дзяцей. Заняткі праходзяць ужо чацьвёрты год, таму накапіліся не толькі мае асабістыя працы, але і цікавыя спасылкі, відэа і аўдыё- матэрыялы.

Больш інфармацыі вы можаце знайсці на старонках сайта.

Увогуле, маю мару пашыраць праект, далучаючы працы беларускамоўных настаўнікаў, педагогаў па іншых прадметах. На дадзены момант ні такога сайту, ні нейкай іншай прасторы няма. Магу дапамагчы настаўнікам стварыць і сваю старонку ў сеціве. Заклікаю яднацца і выходзіць з ценю!

Спадзяюся, што нават невялікае ўзгадванне на сайце НН дапаможа сустрэцца тым, хто шукае з тымі, хто стварае.

Буду рада хуткаму адказу.

З павагай, Надзея Гарэцкая (электронны адрас — у Рэдакцыі)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0