Грамадскі транспарт — вялікі тэатр для тых, хто ўмее слухаць. Тут можна акунуцца з галавой у чужыя праблемы, паўдзельнічаць у «кулуарных» перамовах.

Раніца, еду на электрычцы з Мар’інай Горкі. Па дарозе падсаджваюцца два мужчыны ў цывільным. Падчас іх размовы высвятляецца, што адзін працуе ў будаўнічай фірме, другі — міліцыянт.

«Ты не шкадуеш, што пайшоў з міліцыі?» Задумлівы позірк, маўчанне некалькі секунд і эмацыйны адказ: «Не шкадую. Цяпер міліцыя ўжо зусім не тая». Падалося, што цяпер адстаўніка як «прарве», то раскажа шмат цікавага.

«У міліцыі мне добра працавалася, калі можна было бензіну браць колькі хочаш. Вось калі нам у аддзяленне далі першы УАЗ, гэта быў такі час! Была «таблетка», і маглі запраўляцца колькі хочаш — справаздачнасці не было. Я сабе зліваў паліва, сваякам падганяў. Здаралася, начальнік браў машыну на выхадныя і «таблетку». І ўсім хапала. А пасля як увялі нормы на бензін, то надта нават па працы не наездзішся».

«Так, так», — хітаў галавой сябар.

Усё, што запомнілася з працы ў органах, гэта крадзеж паліва. З органаў ён сышоў, дарэчы, бо не задавальняў заробак. Пакуль можна было красці, трымаўся за месца.

Некалі мне растлумачыў фермер з Магілёўскай вобласці гэты феномен, чаму людзі сядзяць на нізкім заробку.

Калі ён толькі прыйшоў працаваць у калгас у 1990-х, людзі душыліся за капейкі, але не кідалі працы.

«Можна скрасці там нешта, у іншым месцы. Дзяржава дае магчымасць для гэтага, і пакуль гэта дробнае шкодніцва — не звяртае ўвагі, можа нават заахвочвае: пакідае кармы без нагляду, угнаенні, малако… Лепш жа красці для людзей, чым больш зарабляць. Калі нават гэта не зусім патрэбнае самому, можна ж прадаць іншаму».

Фермер калгас кінуў, бо не было парадку, а спіну гне цяпер толькі на сябе.

Іншым разам у электрычцы размаўлялі знаёмцы: адзін ехаў на працу ў Рудзенск, другі — у Мінск. Старэйшы скардзіўся, што на мільён «зрэзалі» заробак, а за што — патлумачыць не могуць. «Колькі ж зарабляе гэты рабацяга, — падумалася — калі ён з такой скрухай пра гэта кажа, але ўсё адно едзе на працу. «Тры мільёны, але атрымаў два», — сказаў ён, калі запытаўся яго суразмоўца. «Дык табе ж трэба яшчэ за дарогу заплаціць, абед узяць…» — «Ссабойку я не бяру».

Што яго трымае на працы за два мільёны, не ведаю. Як і тое, ці крадзе ён там. Гэта ўжо праблема, што старэйшае пакаленне часцяком не рашаецца на перамены ў жыцці. Прывычка задавальняцца меншым, але каб не было вайны?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?