Ці зможа Еўрамайдан беспаваротна змяніць аблічча Украіны ці ўрад разам з Віктарам Януковічам здолеюць ачуцца? Ці ёсць Еўрамайдан украінскай версіяй «арабскай вясны» ці яго вынікі будуць малазначнымі?

Мы зацікаўлена сачылі за разгортваннем пратэставага руху ў Кіеве цягам апошніх трох тыдняў, аднак вынік застаецца няпэўны. Хоць пратэстоўцы і паказалі здольнасць рэгулярна збіраць больш за 200 тысячаў чалавек на акцыі і рашуча занялі цэнтр Кіева, прэзідэнт і ўрад засталіся на сваіх месцах. Акрамя збольшага сімвалічнага зносу невялікага помніка Леніну на бульвары Тараса Шаўчэнкі, па сутнасці, больш нічога не змянілася.

У цэлым, Захад назіраў за падзеямі ў Кіеве з дабрадушнай адстароненасцю, а еўрапейскія лідары прагаворвалі матывуючыя банальнасці і задавальненне, што столькі людзей падтрымліваюць набліжэнне да Еўропы і аддаленне ад Расіі.

Кадры тытанічнага супрацьстаяння «Беркута» і пратэстоўцаў, які спрабаваў зачысціць Майдан Незалежнасці раніцай 11 снежня, пакінулі абыякавымі нямногіх. Тая падзея прадэманстравала адданасць удзельнікаў грамадскага паўстання.

Але як можна ацаніць сітуацыю з вышыні прэзідэнцкага крэсла (што, дарэчы, зрабіць зусім не лёгка)?

Урадавыя будынкі і рэзідэнцыя прэзідэнта ў бяспецы — ніхто не рабіў спробаў штурмаваць іх.

Новая спроба разагнаць Майдан малаімаверная, а жыццё тым часам ідзе сваёю хадою. Януковіч сабраўся на сустрэчу з Пуціным у Маскве і, відаць, вернецца адтуль з падпісаным пагадненнем аб вялікай пазыцы і заявіць аб дасягненні Украінай фінансавай бяспекі [арыгінал артыкула на англійскай мове з'явіўся да візіта Януковіча ў Маскву — заўв. пер.].

З прэм'ер-міністрам Мікалаем Азаравым дагэтуль нічога не сталася.

На суцяшальным круглым стале дзейснага і былых прэзідэнтаў выказвалася прапанова ахвяраваць Азаравым у першую чаргу. Януковіч прапанову праігнараваў: Азараў і яго данецкі кабінет міністраў усё яшчэ пры ўладзе.

Заходнія палітыкі не выказалі безумоўнай падтрымкі рэвалюцыі, а Джон Макейн не ёсць афіцыйным прадстаўніком Барака Абамы.

Фактычна, Макейн — «пушка са збітым прыцэлам». Ён вядомы сваімі разгромнымі атакамі на аўтарытарныя краіны, але не дзеяннямі па іх знішчэнні.

Іншая справа — лідар нацыяналістаў з ЗША Аскольд Лазынскі, які таксама выступаў перад пратэстоўцамі.

Для Януковіча няма лепшага падарунка за падтрымку Еўрамайдану правымі дэмагогамі.

Еўрапейскія лідары, у сваю чаргу, казалі аб пераглядзе ўмоў Пагаднення аб асацыяцыі, але ніхто публічна не заявіў, што далейшы дыялог будзе весціся толькі з апазіцыяй. Таму, тэарэтычна, заявіўшы аб цвёрдым намеры падпісаць Пагадненне, у будучым гэта можа зрабіць і ўрад Азарава.

Гэтым разам падтрымка еўрапалітыкаў мацнейшая за 2004-2005 гады, калі Юшчанка публічна пацвердзіў сваю адданасць ЕС. Але захаваць пратэставыя настроі ва Украіне маглі б толькі далекасяжныя гарантыі членства краіны ў ЕС, нягледзячы на сучасны стан эканомікі і дэмакратыі. Ды і ў Крамлі наўрад ці нехта будзе не спаць начамі праз нейкія там музычныя канцэрты ў цэнтры Кіева.

Апазіцыя вядзе Еўрамайдан ці плыве за ім? Цяжка сказаць.

Лідары апазіцыі часта наведваюць Майдан, гэта дакладна. Яны выступаюць са смелымі прамовамі, але заклікаюць да асцярожнасці, да мірнага пратэставання, што і чакаецца ад дэмакратычных палітыкаў. Што яшчэ яны могуць зрабіць?

Малаімаверна дабіцца зменаў праз Раду — у апазіцыі бракуе галасоў.

Сумнеўна, каб індустрыяльная Усходняя Украіна падтрымала заклік да агульнанацыянальнага страйку — там моцна баяцца наступстваў Пагаднення аб свабодным гандліз ЕС.

Найлепшы сцэнар, на які можа разлічваць апазіцыя, гэта датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнтскія выбары.

У гэтым выпадку апазіцыя можа высунуць патрабаванне распусціць увесь прэзідэнцкі офіс. Але чым яна падмацуе патрабаванне? Які ціск можа аказаць апазіцыя на парламент, каб прымусіць яго сысці? Круглыя сталы працягваюцца, цяпер ужо і з удзелам апазіцыі, але яны прывялі толькі да невялікіх саступак, як звальненне кіеўскіх чыноўнікаў, якія далі дабро на разгон мітынгу 1 снежня.

Паўстае і яшчэ адно пытанне: хто насамрэч кантралюе Украіну?

Ні ў адной краіне Еўропы няма такога засілля алігархаў, асобаў, якія закумулявалі велізарнае багацце, аднак не маюць палітычных амбіцый акрамя як быць пакінутымі ў спакоі ў сваіх дарагіх пясочніцах.

Большасць алігархаў хацелі б, каб дзверы ў ЕС былі шырока адкрытыя. Як, дарэчы, і дзверы ў Расію.

Асабліва такія людзі, як Дмытро Фірташ, прэзідэнт Федэрацыі працадаўцаў Украіны, які выкарыстоўваў «газавую вайну» ва ўласных мэтах. Дзіўна, але ўкраінцы вяла пратэставалі супраць праяваў няроўнасці ў грамадстве у той час, калі Партыя рэгіонаў ёсць дэманстрацыяй улады заможных, у выпадку Украіны — данецкіх і кіеўскіх бізнэсоўцаў.

І надзіва, Януковіч мог заўважыць, што нягледзячы на прычутнасць вялікага партрэта Цімашэнкі на майданаўскай ялінцы, хор галасоў не заяўляе, што першым крокам мусіць стаць яе вызваленне.

Адной з прычын можа быць зацікаўленасць іншых лідараў ва ўласнаручным кіраванні пратэстамі, а прысутнасць Цімашэнкі на Майдане магла б значня падкасіць іх пазіцыі. Аднак менавіта доўгае зняволенне Цімашэнкі знішчыла перспектывы Украіны на віленскім саміце

Холад і недахоп рэчаў і ежы на Майдане — найлепшыя саюзнікі Януковіча, у дадатак да расійскай пазыкі.

Рана ці позна, натоўп будзе разыходзіцца, і «Беркут» зможа авалодаць Майданам Незалежнасці, пераважна без гвалту. Ці хаця б таго, што можа трапіць на відэа ці фота.

Януковіч захоўвае падтрымку добрай траціны насельніцтва. Алігархі не выракліся яго, хоць, мабыць, і жадалі б бачыць прэзідэнтам больш напорыстага і ўпэўненага ў сабе лідара.

Таму пакуль стан Януковіча-прэзідэнта даволі хісткі, ён не можа не радавацца цяперашнему развіццю падзей.

Еўрамайдан вельмі нагадвае падзеі ліпеня 1917 года ў Петраградзе: масавае паўстанне без лідараў і без бачнага фіналу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?