19.12.2013 / 20:36

«Бацьку гэть» — майданаўцы пікетавалі пасольства Беларусі - відэа 25

На Еўрамайдане ў Кіеве сёння прайшла акцыя салідарнасці з беларускім народам.

Яна была прымеркавана да трэцяй гадавіны выбараў прэзідэнта Беларусі 2010 года, якія завяршыліся жорсткім разгонам удзельнікаў мірнай дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Як паведаміў з Кіева лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, у знак салідарнасці з беларусамі на Майдане Незалежнасці быў расцягнуты вялікі (пяць на дзесяць метраў) бел-чырвона-белы сцяг.

«Са сцэны я расказаў пра падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску, пералічыў прозвішчы палітзняволеных, заклікаў выказаць з імі салідарнасць.

Таксама выступіў кіраўнік украінскага Камітэта вызвалення палітзняволеных Мікалай Каханоўскі. Успрынялі нас вельмі цёпла», — расказаў Вячаслаў Сіўчык, які вымушаны быў пакінуць Беларусь пасля падзей трохгадовай даўнасці.

Відэа radiosvoboda.org

Затым, паводле слоў палітыка, беларускія і ўкраінскія актывісты прайшлі калонай да будынка пасольства Беларусі ў Кіеве, дзе прынялі зварот з патрабаваннем вызваліць усіх беларускіх палітзняволеных і правесці свабодныя выбары.

«Прадстаўнікі беларускіх і ўкраінскіх грамадскіх арганізацый выказваюць знак салідарнасці з беларускім народам, разумеючы, што ўлады давялі яго да мяжы выжывання», — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары заклікалі Аляксандра Лукашэнку «зрабіць адзіна магчымы адэкватны крок — разам з сям'ёй сысці з беларускай палітыкі і з'ехаць у Маскву, калі яна так яму падабаецца».

Але папярэдне, падкрэсліваецца ў звароце, Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітзняволеных. Толькі такое развіццё падзей можа быць выгадна беларускаму народу і дазволіць вярнуць у Беларусь дэмакратыю, перакананыя ўдзельнікі акцыі ў Кіеве.

Паводле слоў Сіўчыка, прадстаўнікі беларускага пасольства адмовіліся выйсці да іх, каб забраць тэкст звароту.

У выніку пасланне было распаўсюджана сярод журналістаў. Беларускі апазіцыйны палітык таксама паведаміў, што ў шэсці да пасольства ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, а каля дыппрадстаўніцтва стаяла каля сотні ўдзельнікаў акцыі. Пікет працягваўся больш за дзве гадзіны.

0
1кг Свінных Плячэй / Адказаць
19.12.2013 / 20:52
Дзякуй браты Украінцы! Здымаю шляпу.
0
Менчук / Адказаць
19.12.2013 / 21:04
Дзякуй брацям Украінцам за салідарнасьць! Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!
0
Ромпер Стомпер / Адказаць
19.12.2013 / 21:10
Як сорамна глядзець! Ганьба беларусам. Гэта як у школе далі па галаве, а ты пазваў старэйшага сябра пакрычаць пад вокнамі крыўдзіцеля
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру