Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да двух супрацоўнікаў міліцыі, якія былі адпраўленыя ў сельгаспрадпрыемства на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, а замест гэтага злівалі для ўласных патрэб дызпаліва, паведамляе «Ежедневник».

Сітуацыя ў вышэйшай ступені анекдатычная, хоць цяпер у аналы постсавецкага беларускага гумару занось.

Па-першае, аказваецца, што такі махрысты савецкі анахранізм як адпраўка «на бульбу», актуальны не толькі для беларускай арміі, салдаты якой штогод адпраўляюцца на палеткі на дапамогу сельскім працаўнікам, але нават для супрацоўнікаў міліцыі.

І гэта пры тым, што ў МУС прайшло скарачэнне і нібыта незапатрабаваных супрацоўнікаў прыбралі.

Аказваецца, ёсць яшчэ ў беларускай міліцыі лішнія людзі, якімі цалкам можна ахвяраваць для бульбы. Прычым, не на дзень-два, а ажно на тры (!) месяцы.

Па-другое, складана нават уявіць сабе вартаўнікоў правапарадку, якіх адправілі «на бульбу» і якія стаяць каля трактара і пры дапамозе шланга зліваюць дызельнае паліва.

Як паведамілі «Ежедневнику» ў Следчым камітэце, крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі была распачатая паводле матэрыялаў Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.

Паводле папярэдніх дадзеных, у жніўні 2013 інспектар ДПС УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама ў званні капітана і кіроўца ГУ «Аўтагаспадарка МУС» былі адкамандзіраваныя ў ААТ «Купала-Агра», якое размешчана ў в.Гранічы Маладзечанскага раёна. Адзін павінен быў аказаць сельскім працаўнікам дапамогу ў бітве за ўраджай у якасці трактарыста, а другі — у якасці кіроўцы.

Аднак, акрамя працы ў полі, яны перыядычна злівалі з тэхнікі дызельнае паліва для сваіх асабістых мэтаў.

Паводле падлікаў гаспадаркі, на працягу трох месяцаў адпраўленыя «на бульбу» супрацоўнікі міліцыі злілі паліва на 4 мільёны рублёў.

Гэта каля 500 літраў, або па 250 на кожнага. Дадзеныя дзеянні прадстаўнікоў МУС былі кваліфікаваныя Следчым камітэтам як здзяйсненне злачынства па ч.2 211 КК (прысваенне або растрата, учыненыя групай асоб па папярэдняй змове).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

У лістападзе супрацоўнікі МУС былі звольненыя са службы за парушэнне ўмоў кантракту. Зараз ідзе расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?