Беларуская спявачка Гюнэш Абасава заняла 2-е месца ў фінале музычнага конкурсу Turkvisyon-2013, што завершыўся ў суботу ў турэцкім Эскішэхіры. Гюнэш набрала 205 балаў у фінале і атрымала 2-ю музычну. прэмію. Яна выступала з уласнай песняй Son Hatiralar (Апошнія ўспаміны).
Конкурс выйграў прадстаўнік Азербайджана Фарыд Гасанаў з песняй «Yasa» (Жыві), у яго 210 балаў.
Трэцяе месца ў прадстаўніцы Украіны Фазіле Ібраімавай (200 балаў).
Усяго ў фінале ўдзельнічалі 12 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Турцыі, Косава, Босніі, Узбекістана, Паўночнага Кіпра, Алтая (Расія). Дарэчы, прадстаўнікі Турцыі занялі 6-е месца.
Конкурс песні Turkvisyon — конкурс цюркскай песні. Гэта быў першы конкурс, усяго ў ім бралі ўдзел 24 краіны.
Агульная ідэя конкурсу падобная да конкурсу песні Еўрабачанне, але ў ім спаборнічаюць выканаўцы песень на цюркскіх мовах. Наступны конкурс пройдзе ў 2014 г. у Казані (Татарстан, Расія).
Гюнэш Абасава — беларуская спявачка азербайджанскага паходжання, нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Працуе ў Моладзевым тэатры эстрады ў Мінску. Шматлікі ўдзельнік і пераможца многіх песенных конкурсаў. Шэсць разоў ўдзельнічала ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» — «Еўрафэст». Найлепшае дасягненне 2-е месца ў 2009 г.
Уладальніца «Музычнай прэміі тэлеканала СТВ»: пераможца ў намінацыі «Найлепшы нумар года. Fantastic girl»; пераможца ў намінацыі «Найлепшы жаночы вакал года ў Рэспубліцы Беларусь».