З-за пажару, які адбыўся вечарам 21 снежня побач з чыгуначным вакзалам у Мінску, на некаторы час прыйшлося абясточыць рэйкі ў кірунку Маладзечна.

Пра гэта паведаміў памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.

Паведамленне пра загаранне драўляных канструкцый даху будынка насупраць дома №4 на завулку Дабрамысленскі паступіла ў 20.45. Гэта будынак 1959 года пабудовы, які не эксплуатуецца ўжо з 2010 года.

Тушэнне пажару абцяжарвалася блізкім знаходжаннем кантактнай лініі чыгуначных шляхоў. У 22:19 работнікамі Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі два шляхі былі абясточаны.

У выніку на некаторы час быў прыпынены рух 5 прыгарадных электрацягнікоў і 10 пасажырскіх цягнікоў у кірунку Мінск — Маладзечна. Агульны час затрымкі руху склаў 1 г. 37 хвіліны.

«Пажар быў ліквідаваны ў 22.46. Пацярпелых няма, толькі пашкоджаны дах на плошчы 80 кв.м і драўляныя канструкцыі перакрыццяў. Прычынай узгарання з'яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, віноўнік высвятляецца», — паведаміў прадстаўнік МНС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?